Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: "Аўтуховіч небясьпечнейшы для ўлады, чым дзеcяць палітыкаў-дэмагогаў"


У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі абвінавачанымі ў рыхтаваньні тэракту другі дзень працягваліся судовыя спрэчкі. У суботу слова ўзяў адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка.

Адвакат Павал Сапелка прасіў суд дазволіць яму выступіць апошнім, паколькі ягоны падабаронны Мікалай Аўтуховіч быў дапытаны пасьля ўсіх абвінавачаных, але суд вырашыў інакш: Сапелка выступаў першы з адвакатаў.

Павал Сапелка адразу назваў гэту справу "вельмі рэзананснай". Паводле адваката, вынік сьледзтва быў прадвызначаны тым, што праваахоўныя органы змагаюцца не з карупцыяй, а з тымі, хто ёй супрацьстаіць.

Павал Сапелка
"Нялішне будзе паразважаць, а чаму мэтай стаў менавіта Аўтуховіч? На маю думку, таму, што такі бізнэсмэн уладам Беларусі не патрэбны. Нармальны бізнэсмэн павінен быць напужаным, злодзеем, абыякавым, якога ненавідзяць людзі. Аўтуховіч да вобразу местачковага алігарха не падышоў. Ён незалежны, чысты перад законам, неабыякавы да бедаў і патрэбаў гараджан, а таксама валявы і рашучы ў адстойваньні сваіх правоў. Ён мог бы знайсьці паразуменьне з уладай, але ня стаў гэтага рабіць. Мог бы прагульваць свае прыбыткі, а замест гэтага займаўся дабрачыннасьцю ды дапамогай тым, хто меў у гэтым патрэбу. Але вядома, што тых, каго у нас любіць народ, ня вельмі любіць улада. Зьняволеньне ў калёніі перад гэтым арыштам не зламала яго. А такі чалавек больш небясьпечны за дзясятак палітыкаў-дэмагогаў, псэўдалідэраў псэўдаструктураў".

Паводле Паўла Сапелкі, справу супроць Мікалая Аўтуховіча сфальшавалі ад пачатку да канца. Адвакат эпізод за эпізодам прааналізаваў абвінавачаньне Мікалаю Аўтуховічу і тыя доказы ягонай віны, якія прадставіла сьледзтва. Большасьць зь іх Павал Сапелка назваў альбо неістотнымі, альбо сфабрыкаванымі, альбо здабытымі з парушэньнем закону, як, прыкладам, абрэз вінтоўкі ТОЗ-16, зь якой нібыта рыхтаваўся замах на высокапастаўленых асобаў на заказ Аўтуховіча.
Ня можа быць доказам тое, што здабыта праз парушэньне закону ...

"Абрэз – гэта якраз той рэчавы доказ, які здабыты зь яўным парушэньнем закону. Бо няма ніводнага закону, які б дазволіў сьледзтву адправіць чалавека знайсьці абрэз, перахаваць, а потым, сабраўшы дэкарацыі ў выглядзе сьведак, яго нібыта знайсьці. Гэта ж тычыцца ня толькі абрэза, а і толавай шашкі, дэтанатара, які таксама нібыта знайшлі разам зь ім. Ня можа быць доказам тое, што здабыта праз парушэньне закону. Спадзяюся, суду таксама зразумелыя наступствы гэтага".

Павал Сапелка лічыць, што ўвогуле не існавала ніякай змовы паміж Аўтуховічам і Ларыным адносна замаху на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму. Большасьць паказаньняў Ларына адвакат Аўтуховіча назваў наўмысным паклёпам, зробленым на загад сьледзтва.

Павал Сапелка нагадаў, што Атуховіч у часе падрыхтоўкі нібыта замаху на Саўчанку быў пад арыштам і ня меў рэальных магчымасьцяў кіраваць дзеяньнямі Ларына з-за кратаў. Да арышту, паводле Сапелкі, Аўтуховіч замаху на Саўчанку таксама ня мог плянаваць. Першае, бо не чакаў арышту, другое – бо гвалтоўныя дзеяньні супроць Уладзімера Саўчанкі толькі б пашкодзілі Аўтуховічу, які да таго зьвяртаўся па дапамогу да "губэрнатара".

Што да сачэньня за намесьнікам міністра падаткаў і збораў Васілём Камянком, якое прызнае Аўтуховіч, адвакат выказаўся гэтак: "Закон не забараняе людзям зьбіраць інфармацыю пра іншых людзей, калі гэта не суправаджаецца парушэньнем закону".

Нагадаю, Аўтуховіч неаднаразова заяўляў у судзе пра датычнасьць Камянка да карупцыі і пра тое, што ён сабраў дастаткова доказаў, каб "Камянко апынуўся там, дзе цяпер сядзіць ён". Васіль Камянко ў судзе абверг абвінавачаньні Аўтуховіча ў злоўжываньнях.

Васіль Якавенка
Пісьменьнік Васіль Якавенка
, які сёньня назіраў за працэсам, падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

"Гэта канфлікт дзяржаўных чыноўнікаў зь людзьмі сумленнымі, якімі пры іншых абставінах народ мог бы ганарыцца. Ня толькі паслухаўшы адваката, але і з прачытанага раней па гэтай справе мяркую, што гэта чыстая падтасоўка".

У працэсе абвешчаны перапынак да панядзелка, 19 красавіка. Адвакат Павал Сапелка працягне выступаць у спрэчках.

Нагадаем, учора, 16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў папрасіў суд пакараць Мікалая Аўтуховіча 20 гадамі зьняволеньня, Уладзімера Асіпенку і Аляксандра Ларына – 11 гадамі, а Міхаіла Казлова – 3 гадамі зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG