Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На працэсе ў Вярхоўным судзе, дзе судзяць абвінавачаных у падрыхтоўцы да тэракту Мікалая Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенку, былі агледжаныя рэчавыя доказы — абрэз вінтоўкі, рэшткі гранатамёта, патроны ды іншыя рэчы.

На працэсе заканчваецца судовае сьледзтва. Сёньня быў прагледжаны відэазапіс вочнай стаўкі Аляксандра Ларына зь Юрыем Лявонавым, якая адбылася ў траўні 2009 году, і агледжаныя рэчавыя доказы, сабраныя сьледзтвам. Таксама, згодна з хадайніцтвам пракурора, суд далучыў да матэрыялаў справы вынікі праверкі заявы сьведкі Аляксандра Козела, які казаў, што яго зьбівалі, каб прымусіць агаварыць Аўтуховіча.

Ларын падчас вочнай стаўкі зь Лявонавым заявіў, што пасьля арышту Аўтуховіча яны нібыта абмяркоўвалі замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Гэта было нібыта ў кватэры дырэктара фірмы «Ніка-транс» Юрыя Лявонава. Аднак Лявонаў на гэтыя словы Ларына казаў на вочнай стаўцы, што такой размовы ніколі не было і быць не магло:
«Плян дзеяньняў на выпадак арышту Аўтуховіча я ні з кім не абмяркоўваў, бо гэты арышт мы не прадбачылі».

На шэраг удакладняльных пытаньняў адвакатаў адносна падзеяў 2005 году Аляксандар Ларын адказваў аднолькава — «Ня памятаю», альбо ўвогуле адмаўляўся адказваць. Адвакат Тамара Сідарэнка прасіла суд зрабіць Ларыну заўвагу за неэтычныя паводзіны. Заўвагі не зрабілі.

Мікалай Аўтуховіч заявіў суду, што Аляксандар Ларын «усё хлусіць».
Мікалай Аўтуховіч заявіў суду, што Аляксандар Ларын «усё хлусіць». Ён прывёў прыклад з абрэзам, які, паводле Ларына, быў зроблены з старой «мялкашкі». Гэтую вінтоўку знайшлі ў лесе і прынесьлі на фірму «Ніка-транс» супрацоўнікі фірмы. Аўтуховіч нібыта страляў зь яе ў мэтах трэніроўкі. Ларын кажа, што потым з гэтай вінтоўкі ён зрабіў абрэз для замаху на Ўладзімера Саўчанку, але абрэз не прыдаўся, і яго выкінулі ў раку на ўскраіне Ваўкавыску. Сьведка Макуць, які працаваў у фірме Аўтуховіча, паказаў нават месца ў рацэ, дзе патапіў пакунак з абрэзам. Праўда, у судзе высьветлілася, што ў гэтым месцы рака ўшыркі не дасягае і мэтра. Сёньня на судзе сярод рэчавых доказаў быў агледжаны і гэты абрэз. Мікалай Аўтуховіч заявіў суду, што гэты абрэз зроблены зусім зь іншай вінтоўкі:

«На тым карабіне варанёнасьці мэталу не было відаць, а тут яна праглядаецца. І дрэўка, таму што знаходзілася ў дрэнных умовах, ня мела ляку зусім, а тут ляк быў зацёрты наждачнай паперай. Я адразу заўважыў, што сьведка Макуць паводзіць сябе дзіўна. Калі ён сказаў, што тры гадзіны шукаў у рацэ пакунак са зброяй, я засумняваўся. Відаць, ён калісьці проста выкінуў пакунак з абрэзам у сьметнік. А калі яго арыштавалі і пратрымалі тры дні ў Менску, то далі іншы пакунак, ён яго адвёз у Ваўкавыск, паклаў у рэчку і пазваніў у міліцыю, што быццам там яго знайшоў».

Пракурор Эльдар Сафараў хадайнічаў пра далучэньне да матэрыялаў справы дакумэнтаў з пракуратуры, згодна зь якімі не пацьвердзілася заява сьведкі Аляксандра Козела, што яго зьбівалі ў ваўкавыскай міліцыі, а ў менскім сьледчым ізалятары пагражалі ягонаму жыцьцю, каб агаварыў Аўтуховіча і сказаў, што гэта ён замовіў падпалы будынкаў у Ваўкавыску.

«У Ваўкавыску білі і б’юць арыштантаў. Такіх папераў яны могуць напісаць у тры разы болей», — сказаў на гэта Мікалай Аўтуховіч і выказаўся супраць далучэньня матэрыялаў да справы. Быў супраць і Ўладзімер Асіпенка, які сказаў, што «не чакаў іншага выніку праверкі». Праваабаронца Кацярына Садоўская ў перапынку пачала публічна абурацца высновамі пракурорскай праверкі:

«Мяне гэта абурае да глыбіні душы. Калі я сядзела на Валадарцы, там білі нават жанчын. Жанчыны крычалі: „Ратуйце, людзі, дапамажыце, б’юць, забіваюць!“ А яны складаюць такія фіктыўныя паперкі і яшчэ кажуць, што нікога ніхто ня б’е. Гэта сваволя».
XS
SM
MD
LG