Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парэшткі апошняга прэзыдэнта ў выгнаньні прывезьлі ў Польшчу


У Польшчы працягваецца агульнанацыянальная жалоба па ахвярах катастрофы прэзыдэнцкага самалёту каля Смаленску – сёньня ў Варшаву было дастаўленае цела апошняга прэзыдэнта Польшчы ў выгнаньні Рышарда Качароўскага.


Вайсковае лётнішча ў Варшаве прымала сёньня ўжо чацьверты самалёт з целамі ахвяраў катастрофы. Труну з целам Рышарда Качароўскага сустракалі родныя ды кіраўніцтва краіны на чале з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Браніславам Камароўскім.

“Мы вітаем сёньня аднаго з апошніх жаўнераў-эмігрантаў, які цягам усяго жыцьця, праз увесь сьвет, вяртаўся на Радзіму. Час адпачыць табе, польскі пілігрым”

У краіну працягваюць накіроўвацца чарговыя самалёты з целамі ахвяраў суботняй авіякатастрофы.

«Мы вельмі дакладна спраўджваем парэшткі трагічна загінулых. Гэта складаны працэс і ў гэтай справе нельга сьпяшацца”, - кажа міністар аховы здароўя Эва Копач.

Да прэзыдэнцкага палацу, дзе можна разьвітацца зь Лехам і Марыяй Качыньскімі, а таксама з загінулымі кіраўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта, працягваюць прыходзіць тысячы людзей.

“Я сказаў адно перад выездам у Варшаву сваёй сям’і: усе паехаць не можам, дык хаця б я разьвітаюся зь ім. Гэта наш прэзыдэнт”, - кажа спадар Гжэгаж з гораду Катавіцэ.

Між тым экспэрты працуюць над тым, каб дакладна расшыфраваць зьмест чорных скрынак, якіх у самалёце было тры. Генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт заявіў сёньня, што паводле інфармацыі, якую ўжо маюць экспэрты, за некаторы час да таго, як самалёт упаў, пілёты разумелі, што іх чакае немінучая катастрофа.

Пракуратура Польшчы таксама спраўджвае аматарскі фільм, зроблены невядомым аўтарам, яшчэ да таго, як на месца катастрофы прыехалі ратаўнікі. На здымках відаць іншых людзей, чуваць сырэны, лаянку і гукі, падобныя да стрэлаў.

Сярод вэрсіяў катастрофы – дрэнны стан расейскага лётнішча, памылка пілётаў, а таксама магчымая аварыя на борце самалёту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG