Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Беларусі заклікаюць кіраўніцтва сваёй краіны абвясьціць жалобу ў сувязі з катастрофай, у якой загінула 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі. Беларусь застаецца адзінай краінай — суседкай Польшчы, дзе такую жалобу не абвясьцілі.


Грамадзкая дзяячка зь Берасьця Ірына Лаўроўская ўвечары 11 красавіка праз інтэрнэт напісала лісты ў прыёмную прэзыдэнта Беларусі і на "гарачую лінію" Савету Міністраў. У лістах яна просіць абвясьціць у Беларусі жалобу ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Смаленску, як гэта было зроблена ў Літве, Украіне, Расеі:

Ірына Лаўроўская
"Мяне ўразіла, што ўсе эўрапейскія краіны, суседзі Польшчы, абвясьцілі жалобу, хто на дзень, хто на тры. Толькі Беларусь засталася без такога акту салідарнасьці і спачуваньня… Таму я і напісала такі ліст кіраўніцтву беларускай дзяржавы. Гэта ж іхныя калегі загінулі. Для мяне гэта шок. Тут у нас каля польскага кансуляту ў Берасьці людзі спыняюцца, плачуць, моляцца, кладуць кветкі, запальваюць сьвечкі, пішуць словы спачуваньня ў кнізе… А дзяржава нас так прыніжае тым, што ніяк не рэагуе. Мне недастаткова таго, што Лукашэнка паслаў словы спачуваньня да Камароўскага. Мне як грамадзянцы, як суседцы краіны, вельмі моцна эмацыйна зьвязанай з Польшчай, трэба, каб у нас таксама абвясьцілі жалобу. Гэта ж нічога не каштуе…"

У сваім лісьце беларускім уладам Ірына Лаўроўская, у прыватнасьці, піша: "Калі ласка, урэгулюйце праблему, зрабіце нейкія захады, каб Беларусь таксама абвясьціла жалобу ў сувязі з трагедыяй пад Катыньню. Іначай чарговая ганебная пляма пыхі і непрыстойнага выхаваньня адной высокай асобы пакладзецца на сумленьне і гонар нашага народу".

Рэакцыі на звароты спадарыні Лаўроўскай пакуль няма.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі на пытаньне, ці будзе ў Беларусі абвешчаная жалоба па ахвярах авіякатастрофы ў Смаленску, як гэта было зроблена ў суседніх краінах, адказаў наступным чынам:
нічога на гэты конт не магу сказаць ...

"У мяне такой інфармацыі няма. Таму нічога на гэты конт не магу сказаць. Магу сказаць, што сёньня ў нас працоўны дзень, прэзыдэнт ажыцьцяўляе працоўную паездку па Менскай вобласьці. Магу таксама паведаміць, што з нашага боку было выказана спачуваньне, а па-другое, польскі бок зьвяртаўся да нас з просьбай аб аказаньні дапамогі. Прэзыдэнт даў распараджэньне за кошт беларускага боку, за кошт нашага бюджэту аказаць усю неабходную дапамогу ў тым аб'ёме, у якім польскі бок папросіць. Наколькі мне вядома, такая дапамога была аказаная, гэта тычылася прыёму спэцсамалётаў з Польшчы".

Павал Лёгкі ня змог таксама паведаміць, ці мае А. Лукашэнка намер наведаць амбасаду Польшчы ў Менску, як прынята ў такіх трагічных выпадках.

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што А. Лукашэнка яшчэ мае час абвясьціць жалобу па польскіх ахвярах.

Станіслаў Шушкевіч
"Мы суседзі, у нас вельмі шырокія адносіны, і такое няшчасьце, такая трагедыя, якая здарылася, дае ўсе падставы аб'явіць дзяржаўную жалобу. Я спадзяюся, што гэта будзе зроблена, можа, калі будзе пахаваньне. Калі гэта ня будзе зроблена, гэта паказчык вельмі нізкай культуры, палітычнай і чалавечай".

Станіслаў Шушкевіч шмат разоў сустракаўся зь Лехам Качыньскім, апошні раз гутарыў зь ім 10 сакавіка, лятаў на тым самым самалёце прэзыдэнта Польшчы, які разьбіўся ў Смаленску:

"Гэтым самалётам я лятаў з прэзыдэнтам Качыньскім у Люблін, калі я і Лех Качыньскі атрымлівалі там званьне ганаровага доктара Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэту з нагоды 400-годзьдзя Люблінскай уніі. І назад я ляцеў зь ім гэтым самалётам у Варшаву. Гэты самалёт лічыўся вельмі надзейным і добрым".

У сьпісе загіблых у Смаленску Станіслаў Шушкевіч знайшоў больш за 10 сваіх знаёмых.

Іншы былы кіраўнік Беларусі Мечыслаў Грыб таксама мяркуе, што Беларусі варта абвясьціць жалобу:

Мечаслаў Грыб
"Мы ж суседзі, блізкія суседзі, і цэлы пэрыяд гістарычнага часу жылі разам у Рэчы Паспалітай, у складзе адной дзяржавы. Рознае было, але ж мы вельмі блізкія суседзі, і трэба было б жалобу аб'явіць. На вялікі жаль, гэта ад мяне не залежыць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG