Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сайт Gazeta.ru сабраў меркаваньні розных аналітыкаў аб узьдзеяньні, якое можа аказаць на палітычную сытуацыю ў Польшчы авіякатастрофа пад Смаленскам. Прапануем вашай увазе поўны тэкст артыкулу ў перакладзе на беларускую.


“Авіякатастрофа пад Смаленскам пераарала палітычны ляндшафт Польшчы. З трох вядучых кандыдатаў, якія плянавалі вылучацца ў прэзыдэнты, загінулі двое – Лех Качыньскі і сацыяліст Ежы Шмайдзіньскі. Трэці, Браніслаў Камароўскі, кіраўнік Сойму ад урадавай партыі “Грамадзянская плятформа”, стаў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта. Уся паўната ўлады да выбараў – у руках Камароўскага і Дональда Туска. Партыя Качыньскіх моцна аслабне.

Сьмерць ў авіякатастрофе прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і многіх выдатных польскіх грамадзкіх і палітычных дзеячаў справакавала палітычны крызіс. Прэзыдэнцкія выбары, якія павінны былі адбыцца ў кастрычніку гэтага году, адбудуцца ўжо праз два месяцы. Іх дату на працягу двух тыдняў абяцаў аб'явіць цяперашні в.а. прэзыдэнта маршалак Сойму Браніслаў Камароўскі. Прэзыдэнт у Польшчы не зьяўляецца паўнаўладнай фігурай, у прыватнасьці, ня можа непасрэдна ўплываць на палітыку кабінэту міністраў, але адыгрывае не апошнюю ролю пры вызначэньні зьнешняй палітыкі і можа блякаваць праходжаньне некаторых заканадаўчых ініцыятываў.


ЦІ вылучыцца на прэзыдэнта Яраслаў качыньскі?


Ад загінулага прэзыдэнта са дня на дзень чакалі аб'яўленьня аб паўторным вылучэньні сваёй кандыдатуры на прэзыдэнцкую пасаду. Лягічным было б вылучэньне на яго месца яго брата-блізьнюка Яраслава Качыньскага, які лічыцца больш жорсткім кансэрватарам, чым Лех.

Яго асобу "ў большай ступені падтрымлівала грамадзтва", калі ў 2006-2007 годзе Яраслаў быў прэм'ерам, сьцьвярджае польскі палітоляг Марэк Матрашак, але ў партыі "Права і справядлівасьць" іншага відавочнага кандыдата папросту не засталося. Аднак, як сьцьвярджаюць аналітыкі ў польскім друку, ня выключана і тая магчымасьць, што Яраслаў зусім пакіне палітыку.

Па апазыцыі цяперашняму ўраду цэнтрыстаў Дональда Туска, у якой знаходзілася прапрэзыдэнцкая партыя "Права і справядлівасьць" (ПіС), "нанесены страшны ўдар", заявіў амэрыканскаму штодзёньніку The Wall Street Journal былы міністар абароны Польшчы Януш Анышкевіч. Разам з кіраўніком дзяржавы загінулі і многія члены яго палітычнай каманды, мноства дэпутатаў Сойму, а таксама кіраўнік Службы бясьпекі Аляксандр Шчыгла, які лічыўся інтэлектуальных цэнтрам ПіС.


Сьмерць качыньскага як выбарчы фактар


Партыя Качыньскіх не загіне, лічыць Эўгеніюш Смоляр з варшаўскага Цэнтру міжнародных дасьледаваньняў. Нават калі Яраслаў Качыньскі адмовіцца ад далейшага кіраўніцтва, у ПіС ёсьць такія палітыкі як былы міністр юстыцыі Зьбігнеў Зёбра.

У ПіС ёсьць цяпер "мёртвы герой, і кандыдат партыі можа выехаць на гэтым", мяркуе Кшыштаф Бабіньскі з аналітычнага цэнтру Unia Polska.

"Паліткарэктна было б сказаць, што (сьмерць прэзыдэнта) прымусіць польскіх палітыкаў супакоіцца і дзейнічаць абачліва, – цытуе яго The Irish Times. – Але насамрэч яна можа падвоіць палітпараною Яраслава Качыньскага ў адносінах да яго палітычных апанэнтаў".

Калі Качыньскія прыйшлі да ўлады – Лех перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у 2005 годзе, а Яраслаў на чале лідзіруючай партыі "Права і справядлівасьць" сфармаваў праз год урад, "Варшаўскія інтэлектуалы аб'ядналіся ў шумным абурэньні", успамінае на Радыё Свабода адстаўны брытанскі дыплямат Чарльз Кроўфард:

"Качыньскіх малявалі як частку палітычнага спэктру, які вар'іраваўся ад паталягічных экстрэмістаў да самога Антыхрыста, а Польшчу – як краіну, якая са сьвістам ляціць ў бездань, калі не да дыктатуры".

Браты кіравалі разам крыху больш за год. Кааліцыя з ультраправых партый "Самаабарона" і "Ліга польскіх сем'яў" праіснавала да 2007 году, калі цэнтрысцкая партыя "Грамадзянская платформа" цяперашняга прэм'ера Туска ўзяла рэванш.

"Грамадзянская платформа" мае найлепшыя шанцы


Сам Туск ужо даўно абвясьціў, што ня мае намеру вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах. Замест яго "Грамадзянская плятформа" прапанавала выбарцкам Камароўскага. Цяпер маршал Сойму і в.а. прэзыдэнта – адзіны з трох кандыдатаў, якіх вылучалі вядучыя палітычныя сілы. Рэч у тым, што ня толькі прэзыдэнцкая партыя страціла ў суботу свайго кандыдата на выбарах. Пад Смаленскам загінуў вылучэнец Саюзу дэмакратычных левых сіл віцэ-маршалак Сойму Ежы Шмайдзіньскі, але яго шанцы нават на выхад у другі тур былі невялікія.

Камароўскі і да гібелі прэзыдэнта лічыўся самым верагодным кандыдатам. Апытаньні грамадзкай думкі давалі яму больш, чым Качыньскаму. Паводле апошніх дасьледаваньняў, папулярнасьць "Грамадзянскай плятформы" крыху вырасла, а прэзыдэнцкай партыі "Права і справядлівасьць" – засталася на ранейшым узроўні.

Як сьведчыць дасьледаваньне GfK Polonia, апублікаванае ў нядзелю, партыю Туска-Камароўскага цяпер падтрымліваюць 53% палякаў (на 3% больш, чым да трагедыі), ПіС – 27%. Папулярнасьць левага СДЛС зьнізілася ў межах статыстычнай памылкі – з 8 да 7%.

Да выбараў "Грамадзянская плятформа" атрымлівае паўнату ўлады. У якасьці в.а. кіраўніка дзяржавы Камароўскі зможа завяршыць праходжаньне многіх ініцыятываў, якія Качыньскі б тармазіў, у прыватнасьці аб рэфармаваньні Інстытуту нацыянальнай памяці. Гэтую арганізацыю, якая займаецца выкрыцьцём злачынстваў камуністычнага мінулага, у апошнія гады сталі ўспрымаць як інструмэнт ціску на палітычных праціўнікаў каталіцкіх ультракансэрватараў. Кіраўнік істытуту Януш Куртыка таксама загінуў у авіякатастрофе.

Ва ўрада Туска аказаліся разьвязаныя рукі і ў грашовай палітыцы. Кіраўнік Цэнтрабанку Славамір Скшыпек, які выступаў супраць пераходу Польшчы на эўра, – сярод загінулых. Многія замежныя інвэстары бачылі ў ім, як і ў прэзыдэнце Качыньскім, "варожыя фігуры", заявіў агенцтву Bloomberg Прэстан Кіт з цэнтру ацэнкі эканамічных рызыкаў Eurasia Group.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG