Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафаваны яшчэ адзін удзельнік пікету салідарнасьці


Андрусь Крэчка

Андрусь Крэчка

Суд Ленінскага раёну Менску пакараў кіраўніка “Моладзі БНФ” Андруся Крэчку штрафам у памеры 20 базавых велічыняў. Яго зьвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі. Акцыя адбылася каля будынку Вярхоўнага суду 16 красавіка, у “Дзень Салідарнасьці” з палітзьняволенымі.


Толькі ў судзе Андрусь Крэчка даведаўся, што судовае паседжаньне паводле ягонай адміністрацыйнай справы, безь ягонага ведама і ўдзелу, адбылося яшчэ 25 сакавіка. Гаворыць Андрусь Крэчка:

"Сёньня на судзе папрасіў азнаёміцца са справай і даведаўся, што я адмовіўся падпісацца аб атрыманьні позвы ў суд і ёсьць два сьведкі гэтага, хоць ніякай позвы мне не ўручалі. І тое, што 25 сакавіка мяне судзілі а 9-й раніцы і на гэтым паседжаньні было вырашана а 17-й гадзіне таго ж дня даставіць мяне ў суд прымусова".

Прымусова ў суд Андруся Крэчку даставілі 2 красавіка, у дзень так званага яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Аднак лідэр моладзі БНФ хадайнічаў пра перанос паседжаньня, каб скарыстаць дапамогу адваката. Судзьдзя Надзея Навіцкая хадайніцтва задаволіла, а сёньня аштрафавала маладзёна на 700 тысяч рублёў. Гаворыць Андрусь Крэчка:

"Безумоўна, я лічу, што пакараньне несправядлівае, бо я нічога не выкрыкваў, а стаяў з партрэтам. І за гэта штрафаваць на 700 тысяч рублёў, натуральна, гэта неверагоднае пакараньне. Гэта толькі паказвае, у якой краіне мы жывем і якая ў нас ёсьць свабода".

Андрусь Крэчка — чацьвёрты з 13 удзельнікаў акцыі каля Вярхоўнага суду 16 сакавіка, якая адбылася на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі і ўсімі палітзьняволенымі. Сябра партыі БНФ Вінцук Вячорка, які прыйшоў у суд падтрымаць свайго маладзейшага паплечніка, мяркуе, што ўлады намагаюцца пакараць усіх удзельнікаў акцыі 16 сакавіка:

"Я думаю, што паспрабуюць усіх "ахапіць". Бо, акрамя іншага, уладам патрэбна захоўваць графік адміністрацыйных пакараньняў. Бо за год адміністрацыйнае пакараньне "гасіцца", а калі не, то чалавек тады набірае больш суровае пакараньне. Адпаведна, усіх трэба вось гэтак "замазаць", і я думаю, што іх таксама будуць адлоўліваць".

Вядучаму: “За ўдзел у акцыі падтрымкі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і ўсіх палітзьняволеных каля будынку Вярхоўнага суду 16 сакавіка суд Партызанскага раёну Менску пакараў актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паліну Кур’яновіч, Паліну Дзьякаву і Максіма Вінярскага штрафамі ў памеры 30—35 базавых велічыняў”.


XS
SM
MD
LG