Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршрут шэсьця вызначаць ля Акадэміі Навук


Арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі кажуць, што сцэнар шэсьця 25 сакавіка будзе канчаткова вызначаны толькі заўтра, калі ўдзельнікі маніфэстацыі зьбяруцца каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук. Сталічныя ўлады дазволілі шэсьце апазыцыі, але скіравалі яго на плошчу Бангалор.


Кіраўнік аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Волі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначае:

Аляксей Янукевіч
“Збор а 6-й на Акадэміі Навук. Там будзе сьвята, будуць барды. На гэты момант згоду ўжо далі Бартосік і Мельнікаў. Маладыя паэты будуць чытаць свае вершы. Сьцяжкі бел-чырвона-белыя, стужкі з нацыянальнай сымболікай будзем раздаваць. Арганізатары акцыі таксама зьвярнуцца да людзей. Ну, а далей будзем усё ж такі па сытуацыі глядзець”.

Арганізатары акцыі яшчэ на самым пачатку прадугледжвалі магчымасьць абазначыць яе і як сустрэчу выбарцаў з кандыдатамі ў дэпутаты сталічнага гарадзкога савету. Яны зыходзілі з таго, што менавіта 25-га сакавіка — апошні дзень рэгістрацыі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Аднак пытаньне ў тым, ці зарэгіструюць дэмакратычных кандыдатаў?

Першымі ў Менску пачалі рэгістрацыю сёньня ў Савецкім раёне. Тут у Лагойскай выбарчай акрузе № 44 вылучаліся былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітвязень, а цяпер беспрацоўны Сяргей Скрабец і прадстаўнік Таварыства беларускай школы Андрэй Крэчка. Абодвум адмовілі ў рэгістрацыі.

Малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар прадстаўляў інтарэсы свайго брата на паседжаньні камісіі. Ён кажа, што Сяргей Скрабец перадаў у камісію 169 подпісаў.

“Камісія лічыць, што 160 подпісаў скасуюцца. Нібыта яны зьбіраліся ў дамах па-за межамі акругі. Цяпер цягам трох дзён гэтае рашэньне можна абскардзіць у гарадзкую выбарчую камісію.

Пакуль я проста не магу патлумачыць, што здарылася. Я ўпэўнены, што мы зьбіралі подпісы толькі ў тых дамах, якія ўваходзяць у межы Лагойскай акругі № 44. Будзем разьбірацца”.

У Андрэя Крэчкі, на думку камісіі, выявіліся праблемы з дэклярацыяй маёмасьці. Ён не пазначыў, што за ім дагэтуль лічыцца аўтамабіль “Жигули”, узрост якога, паводле актывіста ТБШ, — 30 гадоў.

Павал Севярынец
У гэтым жа Савецкім раёне балятаваліся тры кандыдаты ад незарэгістраванай партыі БХД. Кіраўнік аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Павал Севярынец распавядае “Свабодзе”:

“З трох кандыдатаў у Савецкім раёне ў нас зарэгістраваныя два. Гэта — кіраўніца “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў” Любоў Каменева і каардынатар праекту “Пакаяньне” Валерыя Чарнаморцава. Не зарэгістравалі, спаслаўшыся на недакладнасьці ў дэклярацыі, Рыгора Літвіна. Мы будзем абскарджваць гэтае рашэньне, паколькі ў адпаведнасьці са зьмяненьнямі ў Выбарчы кодэкс недакладнасьці ў дэклярацыі ня могуць быць падставай для нерэгістрацыі кандыдата”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG