Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат падтрымаў асуджаных “выкрадальнікаў” Вікі Мароз


Марыё Маўра

Марыё Маўра

Уплывовы італьянскі эўрадэпутат , колішні віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марыё Маўра выказаў сваю салідарнасьць з пакаранымі васьмю месяцамі зьняволеньня фігурантамі па справе ўтойваньня ў верасьні 2006 году ў Італіі непаўналетняй беларускі Вікі Мароз.


Італьянскі палітык заявіў, што само пакараньне зьявілася куды больш жорсткім за дзеяньні італьянскай сям’і і яе сяброў. Бо гэтыя людзі, паводле юрыдычнай мовы, кіраваліся інтарэсамі і ўмовамі неабходнасьці і імкнуліся пазбавіць 10-гадовую дзяўчынку жорсткасьці і гвалту, якія чакалі яе па вяртаньні ў Беларусь.

Дэпутат Марыё Маўра належыць да тых італьянскіх палітыкаў, якія ўвесь час выступалі за вяртаньне беларускай сіраты ў сям’ю Джуста-Барначын. Год таму, калі Генуэскі суд па справах непаўналетніх апраўдаў сям’ю з Кагалета, а таксама двух каталіцкіх сьвятароў, Маўра заявіў, што “гэта перамога ідэалаў свабоды і дэмакратыі”.

Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006
Марыё Маўра ня згодны з апошнім рашэньнем Генуэскага апэляцыйнага суду, які пры канцы мінулага тыдня скасаваў апраўдальны вэрдыкт першай інстанцыі.

“Я выказваю сваю поўную і безумоўную салідарнасьць з гэтай сям’ёй, іх сваякамі, сьвятарамі і, вядома, маленькай Вікай”, – цытуюць італьянскія выданьні словы палітыка. Паводле Маўра, усе асуджаныя “абаранялі правы на жыцьцё і шчасьце маленькай беларускай дзяўчынкі”, аднак “фанабэрыстыя дзяржаўныя ўстановы” засталіся глухімі да гэтых элемэнтарных правоў дзіцяці.

Самі асуджаныя не прызнаюць сваёй віны, хоць і не выключалі падобнага пакараньня Апэляцыйнага суду. Як заявіў настаяцель кляштару ў Валь д’Аоста дон Франсіс Дарбэле, “я гатовы паўтарыць гэта ізноў дзеля шчасьця маленькай Вікі”.

Апэляцыйны суд Генуі адмяніў мінулагодні апраўдальны вэрдыкт першай інстанцыі ў дачыненьні да італьянскай сям’і Джуста-Барначын, іх бацькоў, а таксама двух каталіцкіх сьвятароў, якія ў верасьні 2006 утойвалі непаўналетнюю беларускую сірату Віку ў італьянскіх Альпах.

Рашэньнем Генуэскага суду ўсе сем фігурантаў справы — сужэнцы Алясандра Джуста і Марыя К’яра Барначын, маці Марыі-К’яры Элена Даніна, бацькі Алесандра Марыя Бонды і Алда Джуста, сьвятар з Кагалета дон Даніла Грыла, настаяцель кляштару ў Валь д’Аоста дон Франсіс Дарбэле — пакараныя пазбаўленьнем волі тэрмінам на 8 месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG