Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў 11 гадзін Вярхоўным Судзе працягваецца судовае паседжаньне па скарзе Беларускай асацыяцыі журналістаў на папярэджаньне Міністэрства юстыцыі.


У першай палове дня судзьдзя Анатоль Церах дапытвае сьведку па справе – сябра БАЖ Аляксандра Дзянісава. Ён запытаўся, чаму Дзянісаў лічыць сябе журналістам, калі ў яго няма адпаведнай адукацыі і адсутнічаюць працоўныя дачыненьні з рэдакцыямі СМІ.

Аляксандар Дзянісаў адказаў, што для яго гэта “знак прыналежнасьці да супольнасьці сваіх калег і прызнаньня сярод іх. Хачу адзначыць, што мяне зараз паставілі ў такую сытуацыю, калі немагчыма выконваць свае прафесійныя абавязкі, бо гэта расцэньваецца як самаўпраўства”.

Нагадаем, штоў адной з прэтэнзіяў Мін’юсту ўзгадваецца інцыдэнт з затрыманьнем журналіста ў лістападзе 2009 года на шклозаводзе «Нёман», калі Аляксандар Дзянісаў прад’явіў пасьведчаньне БАЖу пры ажыццяўленні відэарэпартажу.

Нядаўна суд Ленінскага раёна Горадні аштрафаваў спадара Дзянісава на 2 базавыя велічыні за тое, што ў студзені 2010 года ён “займаўся журналісцкай дзейнасьцю, не маючы на тое адпаведнага дазволу», чым нібыта парушыў артыкул 23.39 Кадэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях -- «Самаўпраўства». Тады міліцыя затрымала спадара Дзянісава, калі ён рабіў здымкі ў школе, дазволеныя адміністрацыяй.

Міністэрства юстыцыі настойвае на “неабгрунтаваным прысваеньні членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі”.

Як распавяла Радыё Свабода старшыня БАЖ Жанна Літвіна, судзьдзя шукаў пацьверджаньне, што сябра БАЖ прысвойвае сабе паўнамоцтвы журналіста”.

XS
SM
MD
LG