Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Вярхоўным Судзе пачаўся разгляд скаргі грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” на папярэджаньне Міністэрства юстыцыі.


Нагадаем, 13 студзеня Міністэрства юстыцыі вынесла БАЖу пісьмовае папярэджаньне, падпісанае намесьнікам міністра юстыцыі Аляксандрам Сіманавым. Міністэрства юстыцыі выставіла да арганізацыі адразу некалькі прэтэнзіяў. Яны тычацца пасьведчаньня, статусу Цэнтру прававой абароны СМІ, наагул мэтаў і задач грамадзкага аб’яданьня, інфармацыі, якая разьмяшчаецца на сайце www.baj.by. БАЖ палічыў гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі, і 11 лютага накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на папярэджаньне Мін'юсту. 25 лютага адбылася папярэдняя сустрэча бакоў.

На судовае паседжаньне, якое зьяўляецца адкрытым, прыйшлі сябры БАЖ, міжнародныя назіральнікі, праваабаронцы.

Справу вядзе судзьдзя Анатоль Церах. Ад Міністэрства юстыцыі афіцыйным прадстаўніком зьяўляецца кансультант дэпартамэнту па грамадзкіх аб'яднаньнях, партыях і НДА Аляксандар Харытон. У залі прысутнічаюць яшчэ тры прадстаўніка Мін'юсту.

Як распавёў Радыё Свабода намесьнік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец, у першай палове дня выступілі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія выказалі свае заўвагі на прэтэнзіі Мін'юсту, адказалі на пытаньні. Пасьля абедзенага перапынку павінен выступіць сьведка, гарадзенскі журналіст Аляксандар Дзянісаў, які прад'явіў пасьведчаньне сябра БАЖ, калі спрабаваў зрабіць матэрыял са шклозаводу «Нёман».

Потым Суд заслухае прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Аляксандра Харытона.

На судовым працэсе прысутнічае пракурор, дапушчаны ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага Камітэту Гары Паганяйла.
XS
SM
MD
LG