Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні судзяць журналіста


Аляксандар Дзянісаў.

Аляксандар Дзянісаў.

Сёньня ў Горадні працягваўся разгляд адміністрацыйнай справы сябра БАЖ Аляксандра Дзянісава. На яго складзены адміністрацыйны пратакол аб “самаўпраўстве”. “Самаўпраўствам” названа тое, што ён хацеў здымаць фільм пра школьныя заняткі па “Гродназнаўстве”, маючы толькі пасьведчаньне БАЖ. Улады хочуць выкарыстаць судовую справу супраць Беларускай асацыяцыі журналістаў. Працяг суду — 15 сакавіка.

Напярэдадні суду Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт пра здарэньне ў гарадзенскай школе № 28. Аляксандра Дзянісава дзяржаўныя тэлежурналісты абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта ствараў фільм для тэлеканала “Белсат”. Гэта магло паўплываць на судовы працэс, але судзьдзя Ксенія Стасюкевіч сказала, што сюжэт па БТ не глядзела, і пра “Белсат” падчас разбору ні разу ня ўзгадвалі.

Разбор быў засяроджаны на двух момантах. Дырэктар школы Ігар Ахметаў паўтараў, што ў яго ўзьніклі падазрэньні, што Аляксандар Дзянісаў і яго сяброўка Юлія Каляда зь відэакамэрай — “не зь дзяржаўнага тэлебачаньня”, а ён “прызвычаіўся да дзяржаўнага”, таму ён выклікаў міліцыянтаў. Судзьдзя Стасюкевіч высьвятляла, якія мэты і задачы БАЖ, пасьведчаньнем якога карыстаўся Дзянісаў, і ці прадстаўляўся ён у школе як журналіст.

Адвакат Уладзімір Кісялевіч, які абараняў інтарэсы Аляксандра Дзянісава, зьвяртае ўвагу на наступныя моманты:

“Працэс ідзе ня ў рэчышчы высьвятленьня паняцьця “самаўпраўства”…
Мэта — сабраць нейкія выпадкі і зьвязаць з БАЖам, менавіта каб яго закрыць.

Пачынаюцца палітычныя працэсы, паколькі выбары ў мясцовыя саветы вось будуць, не за гарамі выбары прэзыдэнцкія. І ўладам патрэбны не Дзянісаў як фізычная асоба, а патрэбны БАЖ. Будзе ісьці зачыстка інфармацыйнага дый палітычнага поля. Мэта — сабраць нейкія выпадкі і зьвязаць з БАЖам, менавіта каб яго закрыць”.

Адвакат Кісялевіч дадае:

“Начальнік аддзелу грамадзкіх аб’яднаньняў зь Міністэрства юстыцыі Сьліжэўскі накіраваў у Ленінскі суд паперу і прасіў тэрмінова паведаміць яму пастанову суду па справе Дзянісава. Наколькі мне вядома, 17 сакавіка ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца справа адносна БАЖа, таму суд прысьпешваюць. Каб быў яшчэ адзін доказ, што БАЖ парушае нейкае заканадаўства. Хоць я лічу, што тут чыста палітычныя аспэкты…”

Сам Аляксандар Дзянісаў таксама будзе 17 сакавіка ў Вярхоўным судзе ў якасьці сьведкі, бо раней яго ўжо затрымлівалі з пасьведчаньнем БАЖ у іншым месцы — у Бярозаўцы на шклозаводзе Нёман, пасьля чаго Мін’юст вынес папярэджаньне БАЖу.
XS
SM
MD
LG