Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікаў заклікаюць заняцца альтэрнатыўнай службай


Арыштаваны на тры месяцы вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі Іван Міхайлаў

Арыштаваны на тры месяцы вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі Іван Міхайлаў

Прадстаўнікі шэрагу беларускіх праваабарончых арганізацыяў падпісалі зварот да генэральнага пракурора, старшыні Вярхоўнага суду, старшыні Канстытуцыйнага суду і старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з патрабаваньнямі забясьпечыць права на альтэрнатыўную службу і спыніць крымінальны перасьлед тых, хто адмаўляецца ад вайсковай службы паводле рэлігійных перакананьняў.


Асноўныя пункты звароту:

– вызваліць з-пад варты Івана Міхайлава і зьняць зь яго абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве;

– зьняць абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве зь Зьмітра Смыка і вызваліць яго ад выплаты штрафу;

– прыняць закон, які б замацаваў альтэрнатыўную грамадзянскую службу адпаведна зь міжнароднымі стандартамі.

Беларускія праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што чыноўнікі ігнаруюць прабел у беларускім заканадаўстве ўжо дзесяць гадоў. Слова – прадстаўніку праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціну Стэфановічу:

“Рашэньне Канстытуцыйнага суду было яшчэ ў 2000-м годзе. Яшчэ тады Канстытуцыйны суд казаў, што парлямэнт павінен прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе ў разьвіцьцё адпаведнага артыкулу Канстытуцыі. І адзначаў, што гэта не было зроблена Вярхоўным Саветам ні XII скліканьня, ні XIII скліканьня. Адзінае, што можна ўпэўнена сказаць, што такія выпадкі, як з маладзёнамі ў Гомелі, як тое, што адбылося з Міхайлавым днямі, гэта будзе мець шырокі розгалас, у тым ліку міжнародны”.

1 лютага суд Менскага раёну пакараў Івана Міхайлава арыштам на тры месяцы, абвінаваціўшы ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Калі б у Беларусі дзейнічаў закон аб альтэрнатыўнай службе, такога б папросту не адбылося, кажа Міхась Пашкевіч, кіраўнік кампаніі "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу":

“На сёньняшні момант мэта гэтай заявы адна: ткнуць высокіх дзяржаўцаў на ўзроўні старшыняў судоў носам у такую праблему – сёньня ўсе ўхіляюцца ад вырашэньня гэтай праблемы. У заяве падаюцца факты, згаданыя ў адным з апошніх дасьледаваньняў Радыё Свабода, калі высьветлілася, што высокія міністэрствы проста пераводзяць стрэлкі адно на адно, але праблема пры гэтым не вырашаецца”.

Тэкст звароту праваабаронцаў разьмешчаны на сайце ags.by. Далучыцца да пэтыцыі можна да 7 лютага.
XS
SM
MD
LG