Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэды накіравалі пратэст у ЭЗ у сувязі з прысудам Міхайлаву


Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen накіравала ва ўрад Швэцыі і ЭЗ пратэст у сувязі з турэмным пакараньнем 21-гадовага верніка Івана Міхайлава за адмову служыць у войску.

Як падкрэсьліваюць швэдзкія праваабаронцы, Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае права грамадзяніна на выкананьне свайго абавязку і сьвяшчэннага доўгу па абароне Радзімы ў формах, прадугледжаных Асноўным Законам, у тым ліку і шляхам праходжаньня альтэрнатыўнай службы. У выпадку зь Міхайлавым — гэта першае турэмнае пакараньне за адмову ад вайсковай службы на падставе веравызнаньня.

Як заявіў кіраўнік арганізацыі Марцін Угла, “беларускі рэжым чарговым разам прадэманстраваў поўную непавагу да асноўных правоў чалавека. Гэта не павінна прайсьці незаўважаным”.

Паводле Марціна Углы, “Эўразьвяз пастаянна падкрэсьлівае, што правы чалавека зьяўляюцца прыярытэтам у дачыненьнях зь Беларусьсю. Такое абуральнае парушэньне ня можа ня выклікаць рэзкага асуджэньня”.

Östgruppen заклікае кіраўніцтва ЭЗ і Швэцыі неадкладна адрэагаваць адпаведным чынам на вырак беларускага правасудзьдзя.
XS
SM
MD
LG