Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Бандарэнка: Нічога я ня краў дый ня мог скрасьці


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

У Першамайскім судзе Менску пачаўся новы працэс па справе прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, якога падазраюць у крадзяжы больш як 180 мільёнаў рублёў у фірмаў-кантрагентаў.

Шмат хто зь ліку апазыцыі і беларускіх праваабаронцаў мяркуе, што гэтая справа мае палітычны падтэкст, паколькі Бандарэнка — сябра АГП, а перасьледаваць яго пачалі пасьля ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Да арышту ў траўні 2009 году Андрэй Бандарэнка працаваў кансультантам фірмы “Белвысотстрой груп”, у якой раней быў сузаснавальнікам, але адмовіўся ад гэтага статусу, калі вырашыў заняцца палітычнай дзейнасьцю. Сёньня Бандарэнка патлумачыў гэта суду, а таксама даў паказаньні паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў. “Нічога я ня краў дый ня мог скрасьці, бо мае службовыя абавязкі кансультанта не давалі такой магчымасьці”, — сказаў Андрэй Бандарэнка.

Старшынюе на судзе Тацяна Равінская. Вядомы палітык Аляксандар Дабравольскі, які прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні, кажа, што пакуль у яго няма нараканьняў на тое, як вядзецца працэс.

“Зь першым працэсам гэта не параўнаць, але пабачым, што будзе далей”, — сказаў Аляксандар Дабравольскі для Радыё Свабода.

Нагадаем, у кастрычніку 2009 году судзьдзя Леанід Ярмоленкаў зь Першамайскага суду прызнаў Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы больш як 170 мільёнаў рублёў і асудзіў яго на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. 15 сьнежня прысуд быў адменены Менскім гарадзкім судом і адпраўлены на новы разгляд у той жа Першамайскі суд Менску.
XS
SM
MD
LG