Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: “Андрэй Бандарэнка ўжо рыхтуецца да суду”


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Адвакат Зьміцер Лаеўскі наведаў у менскім сьледчым ізалятары прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку, якога днямі прывезьлі з Бабруйскай калёніі на перагляд ягонай справы.

Болей за месяц мінула пасьля адмены прысуду Андрэю Бандарэнку, які дагэтуль знаходзіцца ў бабруйскай калёніі. Адвакат Зьміцер Лаеўкі мяркуе, што ягоны падабаронны ня можа лічыцца асуджаным і таму яго нельга трымаць у калёніі. 25 студзеня стала вядома, што Бандарэнку нарэшце прывезьлі ў Менск і сёньня адвакат сустрэўся з вязьнем зноў у менскім сьледчым ізалятары. Як апошні раз два месяцы таму.

Зьміцер Лаеўскі: «Ён сябе больш-менш нармальна адчувае і нармальна выглядае. Канечне, давялося яму прайсьці праз пэўныя цяжкасьці, вы пра іх ведаеце, тройчы яго каралі карцэрам, былі і яшчэ пакараньні, але галоўнае, што ён зараз тут. Спадзяемся на аб’ектыўны падыход суду».

Карэспандэнт: «Ці высьветлілі вы, чаму гэтак доўга яго везьлі з Бабруйску ў Менск?»

Лаеўскі: «Яму нічога не патлумачылі».

Карэспандэнт: «Хіба гэта не парушэньне закону?»

Зьмцер Лаеўскі
Лаеўскі: «Сытуацыя такая, што парадак накіраваньня на разгляд новай справы працэсуальным законам дэталёва не рэгулюецца. Вось у дадзеным выпадку прысуд адменены, справу накіравалі ў Першамайскі раённы суд, Бандарэнка замацоўваецца за гэтым судом і далей суд мусіць рабіць запыт у калёнію, каб падсьледнага прывезьлі ў Менск да працэсу. Зараз будзем рыхтавацца да суду, гэта галоўнае».

Працэс над Андрем Бандарэнкам прызначаны на 1 лютага. Зьміцер Лаеўскі кажа, што будуць зноў апытаныя тыя ж і асобы, якія фігуравалі ў былым працэсе. Адвакат не выключае, што зьявяцца новыя сьведкі, але нічога адносна іх не ўдакладняе.

Паводле Лаеўскага, на ўмовы ў менскім сьледчым ізалятары Андрэй Бандарэнка ня скардзіўся:

«У чалавека зноў зьявілася надзея, і таму ўсе ўмовы адышлі на другі плян. Мы чакаем і рыхтуемся да працэсу, галоўнае — што там будзе».

Летась у кастрычніку Першамайскі суд прызнаў прадпрымальніка Бандарэнку вінаватым у крадзяжы грошай фірмы-заказчыка і асудзіў яго на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнаваў, ён тлумачыў суд помстай за ягоны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. 15 сьнежня Менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд Першамайскага суду і адправіў справу на новае расьсьледаваньне. Беларускія праваабаронцы і шмат хто ў апазыцыі мяркуюць, што Андрэя Бандарэнку, які ёсьць сябрам АГП, перасьледуюць паводле палітычных прычын.
XS
SM
MD
LG