Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Усхопчык: У беларускай пракуратуры — разумныя людзі


Уладзімер Усхопчык, архіўнае фота

Уладзімер Усхопчык, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў невыкананьні абяцаньняў аб супрацоўніцтве Беларусі зь Літвой у справе «13 студзеня».

«Абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі аб супрацоўніцтве па справе 13 студзеня, якое ён даў у Вільні, засталося нявыкананым», — гэткую заяву адносна адмовы Генэральнай пракуратуры Беларусі выдаць Уладзімера Ўсхопчыка зрабіў 6 студзеня агенцтву BNS міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас.

Летась у верасьні падчас візыту ў Вільню літоўскія журналісты запыталі Аляксандра Лукашэнку пра лёс былога начальніка гарнізону Вільні Ўладзімера Ўсхопчыка, які жыве ў Беларусі і выдачы якога дамагаецца пракуратура Літвы. Аляксандар Лукашэнка параіў літоўскай пракуратуры зьвярнуцца адносна Ўсхопчыка да беларускіх уладаў і паабяцаў разгледзець гэты зварот. 5 студзеня стала вядома, што Генэральная пракуратура Беларусі адмаўляецца супрацоўнічаць з пракуратурай Літвы ў справе 13 студзеня. Генэральная пракуратура Беларусі спаслалася на тое, што разглядае ўчынкі фігурантаў справы «13 студзеня» як абарону дзейнага на той момант канстытуцыйнага ладу.

«Адмоўны адказ Беларусі ня зьменіць нашу пазыцыю: тое, што было зьдзейсьнена ў Літве ў студзені 1991 году супроць абаронцаў свабоды — злачынства, крымінальная адказнасьць за гэта будзе пагражаць ня толькі ў Літве, але ва ўсім ЭЗ», — цытую заяву літоўскага пракурора Альгімантаса Клюнкі адносна адказу беларускай пракуратуры.

Што думае пра трывалы перасьлед літоўскай пракуратуры Ўладзімер Усхопчык? Сёньня я датэлефанаваўся да беларускага генэрала і папрасіў ягоны камэнтар.

Усхопчык: «Не разумею, што вы жадаеце пачуць? Камэнтар? Я гэтых камэнтароў надаваў шмат за гэтыя гады. А што яны думаюць, тое хай яны думаюць».

Карэспандэнт: «А як вы пракамэнтуеце пазыцыю беларускай пракуратуры, якая фактычна вас абараняе? Там кажуць, што вы баранілі канстытуцыйны лад таго часу».

Усхопчык: «Ну, дык там разумныя людзі. Усё так і было».

Карэспандэнт: «Вас выклікалі ў беларускую пракуратуру ў сувязі з патрабаваньнямі літоўцаў?»

Усхопчык: «А пры чым тут беларуская пракуратура? Я дастаткова надаваў паказаньняў яшчэ савецкай пракуратуры. І, пры ўсёй павазе, больш такія пытаньні мне не задавайце».

13 студзеня 1991 году ў Вільні супраць дэманстрантаў, якія дамагаліся незалежнасьці Літвы, на вуліцы былі выведзены танкі вайсковага гарнізону, якім камандаваў генэрал Уладзімер Усхопчык. У выніку сутыкненьняў з вайскоўцамі загінулі людзі. У незалежнай Літве гэтыя падзеі разглядаюць як спробу дзяржаўнага перавароту. Уладзімер Усхопчык неўзабаве пасьля тых падзеяў зьехаў у Беларусь, Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам міністра абароны Беларусі. Пракуратура Літвы дагэтуль бязвынікова дамагаецца выдачы для допыту генэрала, які фігуруе ў якасьці падазронага ў крымінальнай справе аб гібелі людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG