Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня выканаў абяцаньняў адносна генэрала Ўсхопчыка


Уладзімер Усхопчык

Уладзімер Усхопчык

«Абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі аб супрацоўніцтве па справе 13 студзеня, якое ён даў у Вільні, засталося нявыкананым», — гэткую заяву адносна адмовы Генэральнай пракуратуры Беларусі выдаць Уладзімера Ўсхопчыка зрабіў 6 студзеня міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас.

Летась у верасьні падчас візыту ў Вільню літоўскія журналісты запыталі Аляксандра Лукашэнку пра лёс былога начальніка гарнізону Вільні Ўладзімера Ўсхопчыка, які жыве ў Беларусі і выдачы якога дамагаецца пракуратура Літвы. Аляксандар Лукашэнка параіў літоўскай пракуратуры зьвярнуцца адносна Ўсхопчыка да беларускіх уладаў і паабяцаў разгледзець гэты зварот. 5 студзеня стала вядома, што Генэральная пракуратура Беларусі адмаўляецца супрацоўнічаць з пракуратурай Літвы ў справе 13 студзеня. Генэральная пракуратура Беларусі спаслалася на тое, што разглядае ўчынкі фігурантаў справы «13 студзеня» як абарону дзейнага на той момант канстытуцыйнага ладу.

Вось як гэтую адмову пракамэнтаваў літоўскі пракурор Альгімантас Клюнка:

«Адмоўны адказ Беларусі ня зьменіць нашу пазыцыю: тое, што было зьдзейсьнена ў Літве ў студзені 1991 году супроць абаронцаў свабоды, — злачынства, крымінальная адказнасьць за гэта будзе пагражаць ня толькі ў Літве, але ва ўсім ЭЗ».

13 студзеня 1991 году ў Вільні на вуліцы выйшлі танкі вайсковага гарнізону, якім камандаваў генэрал Уладзімер Усхопчык. У выніку сутыкненьняў з вайскоўцамі загінулі людзі. У незалежнай Літве гэтыя падзеі разглядаюць як спробу дзяржаўнага перавароту. Уладзімер Усхопчык неўзабаве пасьля тых падзеяў зьехаў у Беларусь. Пракуратура Літвы дагэтуль марна дамагаецца выдачы генэрала, які фігуруе ў крымінальнай справе аб гібелі людзей у якасьці падазронага, для допыту.

Уладзімер Усхопчык у леташнім інтэрвію «Свабодзе» заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым і ў Літву добраахвотна не паедзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG