Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь становіцца на бок падазраваных


Кветкі ахвярам падзеяў студзеня 1991 у Вільні

Кветкі ахвярам падзеяў студзеня 1991 у Вільні

Сёньня журналісцкае расьсьледаваньне пра пакрываньне беларускімі ўладамі падазраваных ў “Справе 13 студзеня 1991” у Літве надрукавала газэта Lietuvos Žinios. Аўтар - Ліна Вішняўскене.

Беларусь адмовілася выдаць асобаў, якія падазраюцца ў арганізацыі або непасрэдна ўдзельнічалі ў падзеях 13 студзеня 1991 году ў Літве. Нават Інтэрпол пару гадоў таму спыніў іх афіцыйны пошук, абгрунтаваўшы гэта тым, што гэта нібыта палітычная справа. Аднак літоўскія афіцыйныя асобы цьвердзяць, што страляць у няўзброеных людзей – гэта ня толькі спроба захапіць уладу, але й крымінальнае злачынства.

Падчас візыту ў Літву прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка цьвердзіў журналістам, што не было знойдзена ніякіх доказаў віны падазраваных асобаў. Аднак у тамох “справы 13 студзеня” і ў Генэральнай пракуратуры Літвы ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што да Беларусі зьвярталіся не адзін раз. І ня толькі зьвярталіся – Літва падала Генпракуратуры Беларусі інфармацыю аб выдачы больш чым дзясятка асобаў, і прадстаўнікі Беларусі пісьмова гэта пацьвердзілі.

Пацьвердзілі атрыманьне дадзеных


Прадстаўнікі гэнпракуратуры Літвы, якія ў 1992 годзе наведалі Беларусь, падалі ўсе неабходныя матэрыялы і просьбу выдаць больш чым дзесяць асобаў. Усе тры літоўскія дэлегаты – тагачасны генпракурор Артурас Паўлаўскас і супрацоўнікі ГПЛ Кястуціс Бяцінгіс і Кястуціс Вагнярыс – цьвердзілі, што беларускія пракуроры паводзілі сябе даволі прыязна. “Дамовіліся аб супрацоўніцтве. Прадстаўнікі Беларусі пісьмова пацьвердзілі, што атрымалі ўсе неабходныя дакумэнты наконт выдачы Літве пэўных асобаў”, - гэтак прыгадвае тагачасныя падзеі К.Бяцінгіс, цяпер ” старшы пракурор Ковенскай акруговай пракуратуры. Ён сказаў, што ў яго асабістым архіве ёсьць нават копія таго дакумэнту. Неўзабаве літоўскія пракуроры выехалі ў Беларусь па затрыманых там Мікаласа Буракявічуса і Юозаса Ярмалавічуса. Аднак выдлядае, што прыязнае супрацоўнуцтва на тым і скончылася.

Літва дасылала Беларусі мноства самых розных просьбаў: і аб выданьні асобаў, якія хаваюцца ад суду, і аб апытаньні сьведкаў і аб перадачы позваў. На іх прыходзілі адмоўныя адказы, або зусім ніякіх адказаў.

Лукашэнка ў Вільні
Падчас свайго візыту ў Літву прэзыдэнт А.Лукашэнка заявіў, што, маўляў, літоўцы мусілі б даслаць матэрыялы і беларусы абмеркавалі б гэтае пытаньне. “Пасьля візыту мы даслалі ў Беларусь яшчэ адну просьбу, аднак ніякага адказу не дачакаліся. Напэўна, давядзецца нагадаць яшчэ раз”, - кажа пракурор ГПЛ Роландас Ціліндзіс, які курыруе перапіску з суседзямі.

Некаторыя думаюць, што цьверджаньне аб перадачы дакумэнтаў можна зразумець як заахвочваньне перадаць матэрыялы крымінальных справаў. Тых, якія былі выдзеленыя і ўжо разгледжаныя ў справе студзеньскіх падзеяў, бо падазраваныя хаваюцца ў іншых дзяржавах. Завочна іх судзіць немагчыма. Гэта пацьвярджае і дасланы ў ГПЛ ліст тагачаснага старшыні Літоўскай рады адвакатаў Кястуціса Ліпейкі – у ім цьвердзіцца, што адвакаты ня маюць права бараніць асобаў, які не знаходзяцца ў Літве. Хоць ГПЛ і спрабавала вырашыць праблему такім чынам.

Могуць пазьбегчы пакараньня


Старшы пракурор Управы расьсьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Альгімантас Клюнка цьвердзіць, што расьсьледаваньне “Справы 13 студзеня” па сутнасьці ўжо закончанае. Аднак ён не хаваў і таго, што хутчэй за ўсё ня ўдасца даставіць у Літву ўсіх падазраваных, і таму пакараньня за магчыма ўчыненыя імі злачынствы яны могуць і пазьбегчы. “Некаторыя зь іх жывуць у Расеі або Беларусі. Я сумняваюся, што падазраваных выдадуць Літве”, - кажа ён. Выдадзеныя эўрапейскія ордэры на іх арышт дагэтуль дзейныя, аднак Інтэрпол у верасьні 2007 году спыніў пошук падазраваных. Кіраўнік літоўскага аддзелу Інтэрполу Эдмундас Ямкунас гэтую інфармацыю не пацьвердзіў і не абвергнуў, аднак Р.Ціліндзіс пацьвердзіў, што пошук сапраўды быў спынены. Гэта было зроблена на рашэньне Інтэрполу пасьля таго, як з адпаведнай просьбай зьвярнулася Беларусь, яе падтрымала і Расейская Фэдэрацыя. У абедзьвюх гэтых краінах жыве нямала асобаў, выдачы якіх дамагаецца Літва.

У.Усхопчыку позву не ўручылі

Генерал Уладзімер Усхопчык
Беларусы дасылалі адказы, што ня могуць выдаваць асобаў, паводле палітычных матываў. Таксама было адмоўлена на просьбу аб допыце сьведкаў падзеяў 1991 году, якія жывуць у тых краінах, бо, маўляў, ім пасьля такіх допытаў могуць быць выстаўленыя абвінавачаньні. Былы камандуючы Віленскім гарнізонам Уладзімір Усхопчык, які падазраецца ў тым, што аддаваў загады дысьлякаванаму ў Літве расейскаму вайсковаму падразьдзяленьню, таксама застаецца недасягальным. Ён жыве ў Беларусі, Генпракуратуры ЛІтвы добра вядомы ягоны адрас. Пасьля шматлікіх адмоваў яго выдаць зь Літвы была дасланая просьба ” проста ўручыць яму позву зьявіцца на допыт. Аднак, паводле пракурораў, позва так і не была ўручаная.

Падчас візыту Лукашэнкі ў Літву журналісты цікавіліся, чаму Беларусь ня хоча выдаць Усхопчыка, які пасьля студзеньскіх падзеяў, падчас якіх загінулі 14 і былі параненыя сотні людзей, стаў намесьнікам міністра абароны Беларусі. Лукашэнка тады адказаў, што калі ёсьць прэтэнзіі да савецкага генэрала, дык трэба зьвяртацца да Расеі, бо менавіта яна, а не Беларусь, зьяўляецца праванаступнікам Савецкага Саюзу.

Палітыка або крымінал?

Інтэрпол спыніў пошук падазраваных, цьвердзячы, што гэтая справа – палітычная. І сапраўды, бальшыня падазраваных абвінавачваецца ў спробе захопу ўлады. Беларускі бок лічыць, што ў тыя часы дзейнічалі законы СССР, а таму гаворка ідзе пра крымінальны перасьлед людзей, якія проста прытрымліваліся тагачасных законаў. Аднак вялікая частка падазраваных абвінавачваецца і ў звычайных крымінальных злачынствах – у забойствах.

“Яны падазраюцца ў забойствах і нанясеньні пашкоджаньняў людзям. Якая тут палітыка. Бо ж стралялі ў цывільных, няўзброеных людзей, іх душылі танкамі”, - злуецца пракурор К.Бяцінгіс.

З палітычных матываў не ўдалося даставіць у Літву аднаго асабліва важнага падазраванага – Валянцінаса Лазутку, які, апрача спробаў захопу ўлады, абвінавачваецца і ў забойствах. В.Лазутку ня выдала нават Нямеччына, куды ён на нейкі час выехаў, хоць, як ужо згадвалася, эўрапейскі ордэр на арышт застаецца ў сіле. А.Клюнка сказаў, што яму нават тэлефанавалі амбасадары некаторых эўрапейскіх краінаў і прасілі перадаць зьвесткі аб падазраваных. Калі ён цікавіўся, нашто гэта патрэбна, яму адказвалі, што гэтым людзям хацелі забараніць уезд у іх краіны. “Тады нам было б яшчэ лепей, калі б яны маглі выехаць з Расеі або Беларусі ў нейкую краіну Эўразьвязу. Узьнікла б надзея, што некалі іх маглі б выдаць Літве”, - запэўніў пракурор.

Ад добразычлівасьці нічога не засталося

Літоўскія пракуроры цьвердзяць, што яшчэ ў 1992 годзе зь Беларусьсю ўдалося навязаць нядрэнныя кантакты. Тады была падпісаная і міждзяржаўная дамова аб прававой дапамозе. Паводле К.Вагнярыса, які ня раз наведваў Беларусь, літоўскія пракуроры тады атрымалі інфармацыю, што ў згаданай краіне мае адбыцца зьезд, у якім павінны былі ўзяць удзел бальшыня падазраваных – прадстаўнікоў тагачаснага Камітэту ўратаваньня Літвы і ЛКП (КПСС). Менавіта тады й удалося даставіць двух падазраваных. Паводле К.Вагнярыса, выдача адбылася безь ніякіх перашкодаў, апрача таго, што літоўцам у Менск давялося ехаць на сваіх аўтамабілях. Кантакты, выпадкова ці не, пагоршыліся, калі пасаду прэзыдэнта Беларусі заняў А.Лукашэнка.

Ад таго часу Беларусь дасылае або адмовы выканаць просьбы Літвы, або зусім на іх не рэагуе.

А.Паўлаўскас, які ад 1990 году выконваў абавязкі генэральнага пракурора, сказаў, што наагул незразумела, чаму нельга выдаць асобаў, якія, магчыма, учынілі такія злачынствы. “Прыгадаем хоць бы выпадак з Аўгуста Піначэтам. Яго паўсюль шукалі, знайшлі і судзілі. На ваенныя злачынствы тэрмін дзеяньня неабмежаваны. Падазраваных можна затрымаць і за мяжою”, - кажа А.Паўлаўскас. Паводле юрыста, тое, што Інтэрпол афіцыйна спыніў пошук падазраваных, стала для яго навіной. Аднак, паводле А.Паўлаўскаса, у справе ёсьць просьбы аб іх затрыманьні і арышце. Гэтыя просьбы ніхто не адмяняў. На бальшыню зь іх даў санкцыю тагачасны намесьнік генпракурора К.Бяцінгіс. Пазьней, калі зьмяніўся парадак даваньня санкцыяў, дазволы на затрыманьне выдаваліся судамі.

Аднак ні Расея, ні Беларусь пакуль што не рэагуюць на просьбы Літвы. “Нешта рабіць у такіх выпадках мы ня маем ні правоў, ні сілаў”, - прызнаўся А.Клюнка. Аднак літоўскія пракуроры спадзяюцца, што калі ня ўдасца дамовіцца ў адной галіне, дык іншыя дасудовыя дзеяньні ня будуць спыненыя з-за падобных перашкодаў.
XS
SM
MD
LG