Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усхопчык: “Хто страляў у Вільні? Спытайцеся ў Масквы”


Уладзімер Усхопчык у часы службы намесьніка міністра абароны.

Уладзімер Усхопчык у часы службы намесьніка міністра абароны.

Экс-намесьнік міністра абароны Беларусі Ўладзімер Усхопчык, якога шукае Генэральная пракуратуры Літвы, адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Генэрал-лейтэнант у адстаўцы Ўладзімер Усхопчык, камандзір віленскага гарнізону савецкага войска ў 1991 годзе і былы намесьнік міністра абароны Рэспублікі Беларусь на пачатку 2000-х гадоў, цяпер працуе ў кампаніі “Белзьнешпрамсэрвіс”.

Уладзімер Усхопчык сказаў, што ні ад кога не хаваецца і гатовы адказаць на нашы пытаньні. Я нагадаў былому намесьніку міністра пра размову адносна яго, што вялася ў Вільні падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі. “Калі ёсьць прэтэнзіі да тых, хто жыве ў нас, тады ёсьць міжнародныя правілы, у адпаведнасьці зь якімі вы можаце выставіць прэтэнзіі”, — адказаў Аляксандар Лукашэнка, паводле ягонай прэсавай службы, літоўскім журналістам, якія пацікавіліся, чаму Менск не выдае Літве Ўладзімера Ўсхопчыка. — “Калі ласка, прывязіце матэрыялы, і мы будзем прымаць адпаведныя рашэньні”, — яшчэ цытуе прэсавая служба Аляксандра Лукашэнку.

Я запытаў ва Ўладзімера Ўсхопчыка, ці не баіцца ён, што цяпер яго выдадуць у Літву, дзе яго падазраюць ва ўдзеле ў “спробе перавароту” ў студзені 1991 году? На гэта Ўладзімер Усхопчык адказаў, што ні ў чым не вінаваты:

Як маглі загінуць людзі, калі я нават не даваў каманды, каб асабовы склад атрымліваў боепрыпасы?
“Тое, што пра мяне кажуць, быццам я прымаў рашэньні, пасьля чаго загінулі людзі, гэта цалкам няпраўда. Як маглі загінуць людзі, калі я нават не даваў каманды, каб асабовы склад атрымліваў боепрыпасы? І другое, гэта больш палітычныя падзеі. Вінаватых трэба шукаць ня ў Менску, а ў іншым месцы”.

Уладзімер Усхопчык дагэтуль не выключае, што падзеі студзеня 1991 году, калі падчас захопу вайскоўцамі тэлецэнтру загінулі мірныя жыхары, маглі быць “правакацыяй”, а “трупы да тэлевежы звозіліся з усёй Літвы”. Пры гэтым генэрал ня кажа ўсяго, што ведае пра ўдзел вайскоўцаў у тым канфлікце:

Карэспандэнт: “А як вы думаеце, хто былі тыя салдаты, якія штурмавалі тэлевежу?”

Усхопчык: “Справа ня ў тым, хто там быў. Я шмат ведаю, хто там быў і адкуль. Гэтае пытаньне трэба адрасаваць да Масквы, да таго кіраўніцтва. А за сваіх я адказваю, што ніводзін патрон для гэтых мэтаў не патрапіў да салдата ці афіцэра гарнізону”.

Чаму пры гэтым Уладзімер Усхопчык ухіляецца ад размовы зь літоўскімі сьледчымі, якія расьсьледуюць гэтую справу і падазраюць яго ва “ўдзеле ў спробе перавароту”?

“Я чаму зьехаў? Мяне перавялі паводле службы. А ў Вільнюс я прыехаў з Аўганістану, Вільнюс — прыгожы горад, прыгожая краіна. Я ўвогуле зьбіраўся там застацца. А тут нейкі пераварот рабіць мне, камандзіру дывізіі? Сьмешна”.

Карэспандэнт: “А калі б вас зараз выклікалі ў літоўскую пракуратуру, вы б зьявіліся?”

Усхопчык: “У літоўскую пракуратуру? А ў мяне ёсьць свая пракуратура, нашай рэспублікі”.

Паводле экс-намесьніка міністра абароны спадара Ўсхопчыка, да яго беларуская пракуратура ніколі не зьвярталася, як і літоўская. Уладзімер Усхопчык сказаў, што яшчэ 18 гадоў таму ён даваў тлумачэньні ў гэтай справе сьледчым Савецкага Саюзу, але “той краіны ўжо няма”.

Шматтысячны мітынг ля сьценаў парлямэнту пасьля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтру 14 студзеня 1991 году. Падчас апэрацыі ўначы з 13 на 14 студзеня 1991 году загінулі трынаццаць мірных жыхароў.

Фота з архіву Сяргея Грыца.

Танкі, якія былі ў дывізіі пад кіраўніцтвам Усхопчыка, не маглі апынуцца каля тэлевежы безь ягонага ведама.
У Генэральнай пракуратуры Літвы паведамілі, што адтуль з 1993 году неаднаразова дасылаліся запыты ў Рэспубліканскую пракуратуру Беларусі адносна Ўладзімера Ўсхопчыка ў сувязі з падзеямі 1991 году. Галоўны пракурор аддзелу міжнародных сувязяў і прававой дапамогі Раландас Тыліндзіс сказаў, што Ўладзімер Усхопчык разам зь некаторымі іншымі людзьмі застаецца падазроным у справе, якая дагэтуль не закрытая:

“Танкі, якія былі ў дывізіі пад кіраўніцтвам Усхопчыка, не маглі апынуцца каля тэлевежы безь ягонага ведама. Таму мы мяркуем, што маем падставы задаць пытаньні адносна нашых падазрэньняў”.

Раландас Тыліндзіс мяркуе, што ў сувязі з заявамі Аляксандра Лукашэнкі адносна Ўладзімера Ўсхопчыка “зьявіўся новы імпульс у расьсьледаваньні гэтай справы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG