Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на тое, што да выбараў яшчэ больш за год, пераднавагодняя прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі нагадвала перадвыбарчую. Часткова, так выглядае, сёньняшняе шоў было адказам на “прошукі Крамля” – на прэсавую канфэрэнцыю Дзьмітрыя Мядзьведзева для беларускіх журналістаў.


Сёньня напярэдадні гутаркі беларускі прэзыдэнт падкрэсьліў, што вось, маўляў, розных журналістаў запрасілі, і прэсавую канфэрэнцыю даем у прамым эфіры, без купюраў. Праўда, “Народную волю” і “Нашу ніву”, якія былі гасьцямі расейскага прэзыдэнта на сёньняшнюю сустрэчу з кіраўніком Беларусі не запрасілі, але так выглядае, што наагул галоўнай мэтай Аляксандра Лукашэнкі быў не адпор Крамля, а спроба праверыць уласны драйв.

Калі з безьлічы праблемаў, закранутых падчас пяцігадзіннай гутаркі, выдзяліць галоўнае, то гэта будзе хіба тэза пра непатрэбнасьць пераменаў.

Беларусь перажыла крызыс, народ быў абаронены дзякуючы жалезнай волі (здагадайцеся чыёй), мяняць нічога ня трэба. Адпаведна прагучаў адказ і на рахманыя намёкі журналістаў бізнэс-выданьняў наконт паскарэньня (ці наагул пачатку) эканамічных рэформаў і больш шырокай прыватызацыі. Не дачакаецеся! І наагул: прэзыдэнт – як народ, чаго народ захоча, тое прэзыдэнт і будзе рабіць.

Нягледзячы на тое, што кіраўнік дзяржавы надзвычай ажыўляўся, адказваючы на некаторыя пытаньні, агульнай танальнасьцю было заспакаеньне – ўсё ў парадку, ўсё нармальна, нават у навагоднюю ноч прэзыдэнт на варце, хоць і наеўся ён ўлады да ванітаў, але нікому яе не саступіць, хаця да выбараў ставіцца спакойна.

Хіба што расейская тэма прабівалася на працягу ўсёй прэсавай канфэрэнцыі крыўдамі і занепакоенасьцю: была прыгаданая і чэрвеньская малочная вайна, і тое, што цэны на газ у 2010 годзе падвышаюцца толькі для Беларусі, і расейскае алігархічнае кола, якому “на фіг” народ, і збалянсаваньне ўсходняга ўхілу заходнім, як адзін з галоўных урокаў 2009 году, ізноў было паўторана, што “беларусы – рускія са знакам якасьці”, што наўрад ці цешыць беларусаў і даспадобы рускім – “беларусам бяз знаку якасьці”.

Відаць, Расея малюецца Лукашенку як галоўны галаўны боль, галоўная пагроза ягоным плянам на 2011 год.
Але нават аддаючы належнае рытарычнай прыгажосьці расповяду пра тое, як ён уратаваў Беларусь ад крызысу, варта сказаць, што пэрспэктыва вымалёўвалася са шчыраваньняў Лукашэнкі зусім ня пэўная. Справа нават не ў рэалістычнасьці тых 500 даляраў заробку, ў рэшце рэштаў мала хто з палітыкаў, як Чэрчыль напачатку вайны, не абяцае “нічога, акрамя крыві, поту і сьлезаў”. Але бачаньня будучыні ў шматслоўных тлумачэньнях кіраўніка дзяржавы на мой погляд не хапала. І не таго нават, якое б спадабалася мне. Я чалавек маленькі. А хоць якога.

Лукашэнка, спрачаючыся з рэдактарам газэты “Белорусы и рынок” Вячаславам Хадасоўскім наконт рэформаў, сказаў, маўляў, паслухайце, пра што іншыя журналісты гавораць – пра тое, якая цяжкая нават тая лібэралізацыя, якая вам падаецца недастатковай. Тут можна заўважыць, што гаварылі тое дзяржаўныя журналісты, якія ведаюць, што гаварыць. Але гэтае веданьне вяртаецца ўладзе, ствараючы замкнёнае кола, якое эканаміст Леанід Злотнікаў калісьці трапна назваў пятлёй папулізму.

Лукашэнка, дарэчы, і сам пра гэта казаў, адзначаючы, што народ вырашыў, што можа жыць як у СССР. А хто яго, народ, у гэтым пераканаў?

Заявы Лукашэнкі гучалі, як сумесь кансэрватызму і паляўнічага азарту: мяняць нічога ня будзем, а раптам пашанцуе – крызыс там скончыцца, ці балянс паміж Расеяй і Эўропай новыя магчымасьці адкрые.

Хто ведае – можа і пашанцуе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG