Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ні глядзі, але ў Беларусі прагрэс навідавоку. Вядома, каб заўважыць гэты прагрэс, трэба ўзяць пад увагу наогул значна даўжэйшы прамежак часу і крыху іншыя крытэры ацэнкі, чым у іншых краінах. Што і ня дзіўна — у іншых краінах прэзыдэнты і ўрады мяняюцца кожныя чатыры-пяць гадоў, у Беларусі яны не мяняюцца ўжо пятнаццаць гадоў.

Але прагрэс ёсьць.

Вось сёньня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка дапусьціў да сваёй прэс-канфэрэнцыі аднаго ці двух журналістаў з “плявузгаюшчай прэсы” і нават адказаў на адно-два пытаньні ад іх. Калі такое было апошні раз? Прагрэс як мае быць.

Калі я добра зразумеў, беларускі прэзыдэнт, нягледзячы на сваю ўпэўненасьць, што моўнае пытаньне ў Беларусі было канчаткова вырашанае на рэфэрэндуме 1995-га, прынародна паабяцаў, што паціху і спакойна навучыць усіх размаўляць па-беларуску. Маўляў, спачатку навучыць эліту, якая ўжо цяпер стварае станоўчую дынаміку ў тэставаньні на беларускай мове, а потым і іншых, якія ў бок ВНУ нават не глядзяць. Ну, чым не прагрэс, калі параўнаць гэта зь ягоным ранейшым публічным разважаньнем, што чалавек, які размаўляе па-беларуску, нічога іншага ня ў змозе рабіць, паколькі такая размова паглынае ўсю інтэлектуальную і фізычную энэргію чалавека?

Ставіць пытаньні беларускаму прэзыдэнту са спадзевам, што можна яго на нечым “злавіць” ці “загнаць у кут” — бескарысна. Мабыць, калі б журналіст быў здатны ўвайсьці ў сьвет лёгікі кіраўніка Беларусі з галавою і зразумець яе ды яшчэ прыняць яе як сваю, тады можна было б зьбянтэжыць Аляксандра Рыгоравіча. У ягоным сьвеце абсалютна натуральна ўжываюцца “самы жорсткі дзяржаўны кантроль” над эканомікай з “распрыгоньваньнем ініцыятывы людзей” у той жа эканоміцы або “самыя справядлівыя” ў сьвеце выбары з “гуманнай” карэктурай вынікаў гэтых жа выбараў на карысьць апазыцыі, таму што такіх “справядлівых вынікаў” у сьвеце не бывае.

Таму пытаньні, якія паходзяць са сьвету іншай лёгікі, чым ягоная, спадар Лукашэнка проста перафармулёўвае на свой лад і адказвае толькі на іх. Вось на заняпад беларускай мовы прэзыдэнт ня бачыць ніякіх фактаў, а бачыць якраз адваротнае — у тэставаньні на беларускай мове пазытыўная дынаміка, а ягоны Коля хоча пяяць па-беларуску. Чаго яшчэ трэба?

Калі яго пытаюць, ці будзе ў наступным годзе інфляцыя беларускага рубля, ён проста не адказвае на гэтае пытаньне. Затое тлумачыць, што інфляцыю 2009 году спарадзілі аб’ектыўныя прычыны. Кажучы, што нас ніхто не прымушаў, у нас проста не было іншага выхаду. Адчуйце розьніцу, як той казаў...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG