Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Таварыш Лукашэнка, ці не стаміліся вы за 15 гадоў?”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы згадваюць пра кіраўнікоў Беларусі й Расеі, падводзяць вынікі году, перадаюць калядна-навагоднія віншаваньні.

Дамінантная тэма сёньняшняй аўдыёпошты — віншаваньні са сьвятамі і развагі пра кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Часам нават не зразумець, праўду чалавек кажа ці жартуе…

Cпадар: “Віншую ўсіх беларусаў з надыходзячым новым годам і Нараджэньнем Хрыстовым! Жадаю вам, каб бацька Лукашэнка яшчэ на два тэрміны прэзыдэнтам, таму што пры бацьку Лукашэнку ўсе беларусы жывуць вельмі добра”.

Наступны званок.

Cпадар: “Бачыў выступленьне нашага Аляксандра Рыгоравіча. Я хачу, каб вашы дзеці ўсё ўмелі рабіць тое, што робяць мае. Аляксандар Рыгоравіч, гэтых дзяцей таксама трэба накарміць, як ты корміш сваіх. Вось тады яны будуць рабіць усё, што робяць твае дзеці. У нас новы год гэты бязь ёлкі і зь вельмі сьціплым столікам, гэта дзякуючы табе, тваім лядовым палацам.

Як падумаць тое-сёе, вельмі любіш лёд,
Пэўна, сэрца ледзяное, думае народ.

Вось так вось!”

Разважае спадарыня Галіна.

Спадарыня Галіна: “Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі, заяўляе, што Лукашэнка ў пачатку і сярэдзіне 1990-х гадоў пры дапамозе жорсткіх рычагоў выцягнуў Беларусь зь ямы, але маўчыць пра тое, што пры дапамозе сваіх дыктатарскіх рычагоў кінуў Беларусь у іншую яму, пазыковую. А просты народ — у галечу. Дзякуючы Лукашэнку народ гэты вымушаны існаваць і змагацца за выжываньне ў шэрым і ўбогім жыцьці на працягу 15 год”.

Пасьля згадкі пра расейскага амбасадара — колькі слоў і пра гаспадара Крамля.

Cпадар: “Наконт выказваньня прэзыдэнта Расеі. Вось як яно прыкладна гучала: “Тое, што я кажу, гэта ўжо вырак. І мае словы трэба ў граніце адліваць”. Ведаеце, у граніце толькі словы высякаюць. Прэзыдэнт Расеі паказаў свой імпэрскі твар, ён, аказваецца, і судзьдзя, бо абвяшчае выракі, няма ні Вярхоўнага суду, ні Канстытуцыйнага суду. Не зьдзіўлюся, калі ўказы так і будуць падпісвацца: мы, Дзьмітры Анатольевіч і Ўладзімер Уладзімеравіч. Прыкладна як манархі”.

Слова — нашаму сталаму слухачу Анастасу Семяновічу. Ён адгукаецца на папярэджаньне, якое Міністэрства інфармацыі вынесла рэдакцыі газэты “Народная воля”.

Семяновіч: “Таварышы лукашысты! Вы вырашылі закрыць нашу любімую газэту. Нічога вы ня зробіце. Таварыш Лукашэнка, вы вельмі стаміліся за 15 гадоў. Вам трэба ісьці ў адстаўку і выхоўваць сваё дзіця. “Народную волю”, нашу ўлюбёную газэту, пакіньце ў спакоі і выганяйце сваіх падхалімаў. Жыве родная Беларусь!”

І напрыканцы — віншаваньне.

Cпадарыня: “Дазвольце вас павіншаваць з Новым годам. Самага найлепшага для вас усіх! А таксама хачу павіншаваць Эўропу, усіх дэмакратычных людзей, Амэрыку, і каб мы, беларусы, увайшлі ў эўрапейскую сям’ю ў 2010 годзе. І я рада, што Эўропа да нас туліцца і бярэ ў сваю сям’ю. Гэта для нас вялікая радасьць”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG