Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі актывіст стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Алесь Галавань, які застаўся ў Рызе і цяпер знаходзіцца ў фільтрацыйным пункце для імігрантаў, абвяргае зьвесткі пра сябе, зьмешчаныя ў інтэрнэце.

У прыватнасьці, ён цьвердзіць, што не пакідаў у гатэлі, дзе жылі ўдзельнікі сэмінару маладых хрысьціянскіх дэмакратаў, свой пашпарт. Паводле спадара Галаваня, пашпарт быў знойдзены невядомымі за 20 км ад Рыгі й перададзены ў беларускую амбасаду ў Латвіі.

Беларуская амбасада, лічыць Алесь Галавань, і абвясьціла ягоны вышук. Гэтаму папярэднічалі і паведамленьні ў СМІ ды інтэрнэце пра ліст да маці, які актывіст прасіў перадаць у Беларусь, наважыўшыся застацца за мяжой.

Праз 2-3 дні віцебскі актывіст стваранай партыі БХД абяцае зрабіць нейкую заяву для журналістаў, а пакуль просіць не рабіць аніякіх высноў што да ягонага цяперашняга знаходжаньня ў Латвіі.

Старэйшы брат Алеся Галаваня, які размаўляў з уцекачом, дастаўленым латыскай паліцыяй у беларускую амбасаду ў Рызе, кажа, што праз 2-3 дні той плянаваў вярнуцца ў Беларусь. Дарэчы, менавіта брат актывіста зьвязаўся з латыскай паліцыяй ды супрацоўнікамі амбасады, калі даведаўся, што Алесь так і не зьявіўся ў гатэль да ад’езду групы з Латвіі і застаўся за мяжой без пашпарту.

Пра тое, чаму ён спачатку вырашыў не вяртацца ў Беларусь, Алесь Галавань пакуль нічога канкрэтнага не паведамляе. Ягоны брат кажа, што прычынай гэтага мог быць перасьлед з боку міліцыі: 27-гадовага актывіста неаднаразова затрымлівалі за апазыцыйную дзейнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG