Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст БХД знаходзіцца ў фільтрацыйным пункце для імігрантаў


Актывіст стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Алесь Галавань, які застаўся ў Латвіі, знаходзіцца ў фільтрацыйным пункце для імігрантаў.

Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

У пачатку сьнежня Галавань удзельнічаў у сэмінары маладых хрысьціянскіх дэмакратаў у Рызе. Пасьля сканчэньня сэмінару ў гатэлі, дзе ён жыў, быў знойдзены яго пашпарт з запіскай пра тое, што ён не хоча вяртацца ў Беларусь.

Як сказаў Севярынец, з таго моманту Галавань двойчы выйшаў на сувязь:

«Першы раз ён празь сябра перадаў запіску, у якой паведаміў, што мае намер прасіць палітычнага прытулку ў Латвіі. У другі раз ён патэлефанаваў свайму брату, у размове зь якім сказаў, што знаходзіцца ў фільтрацыйным пункце для эмігрантаў ці то ў Рызе, ці то пад Рыгай, — дакладных даных ён не назваў», — паведаміў сустаршыня БХД.

Паводле яго слоў, Галавань таксама не сказаў, ці накіраваў ён заяву з просьбай даць яму палітычны прытулак.

Як адзначыў Севярынец, 27-гадовы Галавань быў адным зь лідэраў дэмакратычнага руху ў Віцебску неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі. У апошні раз ён быў затрыманы 27 верасьня, падчас візыту ў Віцебск патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, у час раздачы бюлетэняў БХД «Прамень» і «Крыніца». 30 верасьня ён быў зьбіты невядомымі, якія намякнулі яму, што прычынай зьбіцьця стала яго скарга з нагоды яго затрыманьня.

Паводле меркаваньня Севярынца, рашэньне застацца ў Латвіі Алесь Галавань мог прыняць у сувязі зь нядаўнімі выкраданьнямі актывістаў апазыцыі ў Мінску, а таксама забойствам у Мар’інай Горцы члена партыі БНФ Валянціна Доўнара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG