Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наш парадак — нерухомы. Як на могілках”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 8 сьнежня. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на пермскую трагедыю, разважаюць пра сутнасьць таталітарызму, дыскутуюць з прыхільнікамі кіраўніка краіны.

Нядаўна адзін са слухачоў заўважыў: сябры нашага Радыё сэрцам рэагуюць на чужы боль, несправядлівасьць. Вось тэлефанаваньне, якое пацьвярджае гэтае назіраньне.

Спадарыня: “Заўсёды цяжка чуць пра чалавечую трагедыю — вось як у расейскай Пярмі. Чуліся і такія словы: карупцыя і неахайнасьць. Вось, браткі-беларусы, а мы запрашаем гэтую карупцыю і неахайнасьць, расейскую абыякавасьць да будаўніцтва на беларускай зямлі іх атамнай электрастанцыі. Не дапусьці, Божа! І пра другое — пра хапун людзей у Беларусі. Разгул поўнай беспакаранасьці. І хапун — не адзінае, на што здольная гэтая беспакаранасьць. Відаць, абараніць сябе мы ўжо ня можам. Ізноў хочацца сказаць: абарані нас, Божа! Дзякуй, хварэю вельмі. Усяго найлепшага ў працы”.

Тэму беспакаранасьці ўладаў працягвае Тацяна Барэль з Асіповічаў.

“З кнігі дэ Баша і Пант’е “Уводзіны ў палітыку”: “Жорсткасьць, уціск і хлусьня — неад’емныя спадарожнікі таталітарнай сыстэмы. Ролю прымусовага апарату выконвае НКУС, заняткам якога робіцца не выкрыцьцё злачынстваў, а зьняволеньне пэўных катэгорый насельніцтва па загадзе ўладаў. У сыстэме пануе страх, усе абыякава ставяцца да навакольля. Чалавек як асоба зьнішчаны. У краіне маўклівы нерухомы парадак, парадак могілак”.

Чарговы званок — рэакцыя на дыскусійны двубой дэмакратычных апанэнтаў, аднаго зь лідэраў Аб’яднаных дэмсілаў Анатоля Лябедзькі і — прадстаўніка Беларускага незалежніцкага блёку Віктара Карняенкі, пра які мы паведамлялі ўчора.

Спадарыня: “Прашу залічыць мой голас на карысьць Анатоля Лябедзькі. Погляд у Лябедзькі больш канкрэтны, ясны і зразумелы. У Карняенкі адсутнічае яснасьць, усе ягоныя меркаваньні даволі расьцягнутыя, нейкая раздвоеная асоба. Нельга быць добрым рэжыму Лукашэнкі і апазыцыі рэжыму — Аб’яднаным дэмакратычным сілам”.

Учора ў парадку дыскусіі мы далі слова спадарыні, якая эмацыйна бараніла Аляксандра Лукашэнку і вінаваціла ва ўсіх грахах апазыцыю і яе прыхільнікаў. Вось кароткі ўрывак:

Спадарыня: “Шкада, што я не давучылася да прэзыдэнта: вы б у мяне ўсе сядзелі і пяткі лізалі! Я б вас усіх паслала ў Сыбір!”

“Сыбіракі” ў даўгу не засталіся:

Спадарыня Арцёмаўна: “Цэлы цэбар бруду. Яна ўважліва слухае “Свабоду”. Нават уявіць не магу, які ў яе ціск у гэты момант. Я б ёй параіла глядзець лепей тэлебачаньне, асабліва калі выступаюць рускія бабкі. Ты ўсё выказала? І ня сорамна табе?”

Спадар: “Сярдзітая жанчына, якая званіла ўчора на “Свабоду”, вельмі, відаць, незадаволеная мужам, калі выказвае ўслых свае патаемныя жаданьні”.

Спадарыня Лідзія, Менск: “Хачу параіць той жанчыне, што плявалася ў слухаўку, званіць не з гарачкі, а з розуму, і не ўжываць беларускія словы, не паскудзіць нашу мову. Яшчэ хачу ёй параіць пацікавіцца такімі паняцьцямі, як правы чалавека, дэмакратыя і любоў да Бацькаўшчыны”.

Спадар Андрэй, Салігорск: “Яна, відаць, мае вялікі досьвед па лізаньні пятак! І больш за тое, таму і дзеліцца сваім досьведам зь іншымі. Дзякуй!”

Падсумоўваем гэтую дыскусію наступным званком.

Спадар: “Ведаеце, ёсьць добрая прымаўка, што камень на адным месцы абрастае. Вось і Лукашэнка аброс сваякамі, кумамі, дзецьмі гэтымі ўсімі. Каб гэтага не адбывалася, трэба ратацыя кадраў. Раскажу, што робіцца на малой радзіме Лукашэнкі, у пасёлку Копысь. Выкапалі падчас будаўніцтва фабрыкі народных промыслаў чалавечыя парэшткі, парэшткі габрэяў. Ну і што ж вы думаеце, зрабілі? Вывезьлі на звалку гэтыя косьці, дый усё. І як я буду пасьля гэтага да іх ставіцца? Можа, падкажаце, да каго мне зьвярнуцца?”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG