Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уладу ён ніколі не аддасьць, бо — райскае жыцьцё!”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на апошнія выказваньні кіраўніка Беларусі, разважаюць пра маючыя адбыцца выбары, расказваюць пра эпідэмію грыпу. На вашыя пытаньні адносна якасьці гучаньня на хвалях Свабоды адказвае дырэктар беларускай службы Радыё Аляксандар Лукашук.

У зьвязку з тым, што дзяржаўныя СМІ апошнім часам часьцей пачалі паказваць і расказваць пра кіраўніка Беларусі, нашая аўдыёпошта напоўнілася адпаведнымі водгукамі.

Спадар: “На працягу 15-гадовага праўленьня спадара Лукашэнкі расейцы штогод ахвяравалі 6,5 мільярда даляраў ЗША ў эканоміку Беларусі. Дзякуй за талент кіраўніка”.

Спадар: “Шлях, пройдзены Беларусьсю за 15 гадоў пад Лукашэнкам, можна было б прайсьці ўдвая хутчэй, каб на чале дзяржавы быў кваліфікаваны чалавек”.

Спадар: “Лукашэнка даў інтэрвію азэрбайджанскім СМІ. Усё яго жыцьцё прысьвечана сацыяльнаму разьвіцьцю нашай рэспублікі. Гэта паляпшэньне жыцьця народа, перш за ўсё. Хлусьня, якую сьвет яшчэ ня чуў. Заяўляе, што мы ў 2011 годзе будзем жыць, як у Эўропе. Аляксандар Рыгоравіч (о Госпадзе, каб ён чуў) вы ж маліцеся, калі вам здаецца. Вось прыклад: мінімальны заробак. Францыя — 1154 эўра і Беларусь — 66 эўра. Дык калі наступіць гэты сьветлы дзень?”

Да тэмы адносінаў да кіраўніка дзяржавы прымыкаюць званкі пра маючыя адбыцца выбары.

Францішка Бервячонак: “Слухаю вашу “Свабоду” і вось думаю: калі будзе датэрміновае галасаваньне, нічога ня зьменіцца ў нашай краіне”.

Спадарыня: “Ярмошына? Якое яна мае права за нас рабіць выбары? Людзі ўжо ня могуць яе трываць! Лукашэнка, мы просім, каб ня ўносіў сваю кандыдатуру. Як ён сябе паставіць, ён застанецца. Гэта мы ўсе ведаем”.

Спадар: “Лукашэнка ў сваёй канстытуцыі сябе будзе выбіраць, бо ўладу ніколі не аддасьць. Пойдзе на любыя парушэньні, але калі аддасьць уладу, ён страціць ня толькі райскае жыцьцё, якое ён стварыў сам сабе, але яшчэ і давядзецца яму адказваць, што ён нарабіў”.

Ня вераць людзі і высілкам дзяржаўнай прапаганды адносна таго, што эпідэмія грыпу сканчаецца, што аптэкі пастаянна папаўняюцца эфэктыўнымі супрацьвіруснымі лекамі.

Спадар Віктар Канцавенка, Рэчыца: “Як так атрымліваецца, што літоўскія, польскія мэдыкі змаглі выратаваць сваіх людзей, а беларусы не змаглі? Зараз ім, на жаль, даводзіцца канстатаваць бездапаможны стан нашай айчыннай мэдыцыны. Вынікае, што дзікі капіталістычны рынак Літвы і Польшчы нашмат больш гуманны да сваіх людзей, чым беларуская сацыяльна арыентаваная эканоміка”.

Апошнімі днямі шмат адкуль нам паведамляюць пра дрэнную якасьць гучаньня на хвалях Радыё. Адказвае дырэктар беларускай службы “Свабоды” Аляксандар Лукашук:

Аляксандар Лукашук
“Шаноўныя слухачы, перш за ўсё дзякуй за вашыя званкі і за тое, што вы зьвярнулі ўвагу на гэтую вельмі важную праблему — якасьць прыёму. Вашыя заўвагі і скаргі мы ўжо перадалі ў тэхнічны аддзел і будзем чакаць, што пачнецца праца і як гэта можна паправіць.

Тым часам — вельмі кароткія парады, якія я хацеў бы паўтарыць, пра якія мы ўжо неаднаразова гаварылі. Пажадана мець асобную антэну для вашага прыймача — гэта 20—30 мэтраў тонкага мядзянага дроту нацягнуць пад стольлю ў драўляным ці цагляным доме, або на бальконе ці за вакном — у доме з жалезабэтонным каркасам. Таксама важна, каб прымач ваш быў як мага далей ад тэлевізара, кампутара, побытавых электрапрыладаў. Шукайце месца ў доме, дзе чутнасьць найлепшая. Канечне, правярайце прыём на ўсіх рабочых частотах, і трэба выбіраць найлепшую для гадзіны.

Сталыя слухачы ведаюць, што наша праграма гучыць на розных частотах кожныя 2 гадзіны, падрабязны расклад друкаваўся ў газэтах “Комсомольская правда”, “Народная воля”, “Наша ніва”, а таксама на каляндарыках. Калі ня маеце, пішыце, мы абавязкова прышлем вам расклад: калі і на якіх хвалях ды частотах выходзім у эфір. Наш адрас у Менску: паштовая скрынка 111, Менск-5.

І яшчэ адно. Нас можна вельмі добра, вельмі якасна слухаць у інтэрнэце і праз тэлевізар, калі ў вас ёсьць сатэлітная антэна. Карыстайцеся гэтай магчымасьцю. Ну, а мы са свайго боку пастараемся зрабіць усё, што зможам, каб палепшылася якасьць сыгналу на кароткіх хвалях. Яшчэ раз дзякуй”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG