Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праігнараваць на выбарах Зянона — як не заўважыць за зайцам зубра


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу, 20 лістапада

Напачатку — зь пятнічнай аўдыёпошты. Разважае спадар Анішкевіч з Маладэчна:

Спадар Анішкевіч, Маладэчна: “Вам давай толькі званкі з лаянкай на адрас Расеі і Лукашэнкі, а маё выказваньне крышку іншага кшталту. Лукашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі інтэграцыі з Расеяй. І ён неаднаразова заяўляў, што крах саюзнай дзяржавы азначаў бы яго палітычную сьмерць. Сваімі дзеяньнямі апошнія два-тры гады набліжае гэты палітычны крах. Няўжо выбаршчыкі забудуцца на ягоныя абяцанкі і далейшыя выкрунтасы?”

У пэўным сэнсе працягвае размову пра памяць ды мэнтальнасьць электарату спадарыня Ціна.

Спадарыня: “Вельмі ўважліва слухаю вашы перадачы і прыйшла да высновы: гэтая краіна цалкам саўковая. Мэнталітэт цалкам саўковы: “Ну, ня будзе гэтага Аляксандра — прыйдзе іншы, такі ж або яшчэ горшы”... А да гэтага прызвычаіліся, зьмірыліся. Як можна ўвогуле зьмірыцца з гэтым жахам? Не хачу супакойвацца. Гэта сыход ад рэальнасьці. А слабо саўкам абвясьціць дзень сыходу ад хлусьні, ад рабства, тупой рэклямы, дзень без фашызму, дзень без дыктатара, ад галечы, дзень без КДБ, дзень бяз гвалту і г.д.?”

Тут самы раз нагадаць: пачынаўся гэты тыдзень днём беларускай салідарнасьці з палітвязьнямі.

Cпадар: “Да той пары, пакуль на Беларусі баль правіць лукашэнкаўская аўтарытарная дыктатура і існуе мітычная лінія Сталіна, рассакрэціць праўду пра рэпрэсіі НКУС, КДБ вельмі праблематычна і нават немагчыма”.

А вось думка спадара Зіноўева:

Спадар Зіноўеў: “У дзень салідарнасьці хацелася б выразіць недавер сьледзтву па справе Аўтуховіча. Стала зразумела, што яму няма чаго прад’явіць з боку абвінавачаньня. Яго трэба выпускаць, але яны ня хочуць гэтага рабіць, бо ўжо такі канфуз”.

Дарэчы, гэтым разам акцыю на плошчы Каліноўскага ўлады не разганялі. Аглядальнікі зьвязваюць гэта з тым, што наступным днём Эўразьвяз меўся прыняць рашэньне пра лёс шэрагу “невыязных” вэртыкальнікаў. Як вядома, візавыя санкцыі былі падоўжаныя і адначасова — замарожаныя, што выклікала неадназначную рэакцыю слухачоў.

Спадар: “17-га вырашалі ў Брусэлі пра зьняцьцё санкцыяў. Убогае дзейства! Была ў войску такая пагаворка: “Ідзі сюды — стой там”. Тое, што адлюстроўвае стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі. Балбатня проста дзівіць!”

Чарговая нязгода з Брусэлем:

Спадарыня: “Сьмех скрозь сьлёзы выклікае фраза: “Санкцыі працягнулі на год для беларускіх чыноўнікаў, але на гэты ж год іх замарозілі”. Абсурд нейкі! Няма словаў! Нестае іх, каб выказаць, наколькі сьмешна выглядае новая тактыка Эўразьвязу ў адносінах да Лукашэнкі. Палітыкі Эўразьвязу, з вашай падтрымкі ён тэрарызуе апазыцыю, як і раней. Ваша эфэктыўная дапамога народу Беларусі ператварылася ў рэальную дапамогу і падтрымку дыктатара Лукашэнкі і яго рэжыму”.

Людзі лічаць, што ў выніку эўрапейскай палітыкі цярпяць і ні ў чым не вінаватыя шарагоўцы.

Спадарыня: “Я ня вельмі ў палітыцы разумею. Толькі адно: крычаць на ўвесь сьвет — парушаюцца правы, а Эўропа сама ў першую чаргу супраць нашага беларускага народу парушае правы. Пры чым тут рабочыя санкцыі?”

Новы погляд на праблему:

Спадарыня: “Зь Беларусі Лукашэнка не павінен прыяжджаць у Эўропу. Гэта ж не праказа? Дык вы іх не пускайце на пляжы ў Францыю, Італію, але вы іх павінны пускаць на ўсе палітычныя сустрэчы!”

Прашу пракамэнтаваць гэты блёк грамадзкага рэдактара тыдня — лекарку з Асіповічаў Тацяну Барэль.

Тацяна Барэль: “Я лічу, што нашыя чыноўнікі як выконвалі, так і будуць выконваць даведзеныя ім зьверху загады. Незалежна ад таго, ці маюць яны візы за мяжу або не… Эўропа насамрэч і не закрывалася ні ад кога. Для вучобы дэмакратыі, эканоміцы яна адкрытая нават без паездак туды! Вучыцца ў яе можна і ня трацячы народныя грошы. Таму я за працяг санкцыяў”.

Як ніколі шмат меркаваньняў выказвалася на гэтым тыдні адносна будучых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Вось аўдыёліст спадарыні Чаплінскай з Маладэчанскага раёну.

Спадарыня Чаплінская, Маладэчанскі раён:
“Слухачам будзе цікава даведацца, як праходзілі выбары ў польскі Сэйм у 1922 годзе. Лічу, што тэма выбараў актуальная. Апісаў выбары айцец Башлык у сваёй кніжцы “Запіскі сьвяшчэнніка Яўстафія”. Цытую: “Падчас выбараў на выбарчым участку, а пасьля і падчас ускрыцьця урны і адліку галасоў прысутнічалі прадстаўнікі розных партый, якія строга пільнавалі, каб не было махлярства з чыйгосьці боку. Пасьля падліку галасоў пад актам падпісваліся і прысутныя падчас галасаваньня і падліку галасоў прадстаўнікі розных партый”.

А што адбываецца падчас цяперашніх беларускіх выбараў?

Спадар: “У кожным раёне старшынь сельсаветаў выбіраюць людзі. Сакратароў сельсаветаў прызначаюць з райвыканкаму. Падчас выбараў у сельсаветах заўсёды адна ўчастковая выбарчая камісія. Сакратаром заўсёды прызначаюць іх, любых нашых сакратароў сельсаветаў. Яны пасадай адказваюць перад райвыканкамам. Абавязкова ў гэтыя камісіі прызначаюць аднаго прадстаўніка раённых структур — гэта наглядальнік. Вось гэтыя людзі і зьяўляюцца галоўнымі фальсыфікатарамі на выбарах. Датэрміновае галасаваньне — гэта лазейка, каб зрабіць фальсыфікацыю. Таму не павінна яго быць. Як жа зрабіць выбары дэмакратычнымі? Я прапаную проста гэты закон адмяніць. А вярнуць назад той закон, які дзейнічаў падчас выбараў, калі выбіраўся першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка”.

Прыблізна так лічыць і спадар Андрэй з Салігорску.

Андрэй, Салігорск: “Наконт 12 пунктаў Эўропы для Лукашэнкі. Гэта ўсё абсурд. Лукашэнку трэба 2 пункты: няўдзел у выбарах, то бок скасаваньне дзеяньня рэфэрэндуму, і замена апарату Ярмошынай на новы. І ўсё. Гэтыя два пункты вырашаць усе пытаньні. Лукашэнка ўжо перажыў свой давер”.

У наступным званку ўдакладняецца на рэальных прыкладах тое, пра што казаў папярэдні спадар.

Cпадарыня, в. Квасоўка: “Хачу сказаць, як праходзяць датэрмінова выбары ў прэзыдэнты. Пэнсіянэры па сьпісе: прыйшоў галасаваць — чатыры баразны бульбы, не прыйшоў — выкрасьляць. Усё пад страхам і пад прымусам”.

Веры ў сапраўды справядлівыя выбары няма й на гэты раз.

Cпадар: “Іншадумцы будуць адсунутыя, а тыя, хто насьмеліцца прымаць удзел у выбарах, пасьля іх апынецца, як спадар Казулін, у турме. Выбараў, хутчэй за ўсё, ня будзе — будзе проста дарагі спэктакль, камэдыя, пародыя. Лепш гэтыя грошы аддаць пэнсіянэрам для павышэньня пэнсіі”.

Аднак далёка ня ўсе са слухачоў “Свабоды” чакаюць зьменаў у вышэйшай уладзе:

Cпадар: “Калі вам так ненавісны Лукашэнка, то прапануйце кандыдатуру ад апазыцыі. Шушкевіч? Дык мы ўжо жылі, калі па талёнах атрымлівалі алей на месяц. Вячорку? Дык яго свая ж партыя скінула зь лідэрства. Мілінкевіча? Але ўжо намі камандаваў у савецкія часы Брэжнеў і Андропаў. Лябедзька? Цудоўна жыве на гранты. А яшчэ я вам раю ў дэмакратычную краіну, дзе правіць Юшчанка. Там пэнсіі ўдвая меншыя. У Саакашвілі пэнсіі ўвогуле 16 даляраў”.

(Насамрэч у Грузіі мінімальная пэнсія пасьля апошняга падвышэньня склала 80 лары, альбо 48 даляраў. Ва Ўкраіне — каля 100 даляраў. — Рэд.)

Гэтае меркаваньне выклікала хвалю водгукаў. Часам — вельмі эмацыйных.

Спадарыня:
“Ня блытайся пад нагамі Мілінкевіча Аляксандра, Анатоля Лябедзькі, Казуліна. Яны разумныя людзі. Мы ўсю надзею паклалі на іх, мы іх называем сваімі сынамі. Стань на калені, прасі прабачэньня ў іх, балбатун!”

Вось, дарэчы, званок зь сёньняшняй пошты ад Яўгеніі Казловай з Воршы:

Спадарыня Яўгенія Казлова, Ворша:
“Добры дзень, “Свабода”. Не магу ня выказаць свае думкі, меркаваньні наконт кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Так, менавіта Зянон Пазьняк — самы лепшы, самы годны на пост прэзыдэнта. Паціскаю рукі яго прыхільнікам. Зянон Пазьняк — вялікая постаць, вялікі беларус, апостал праўды, так назваў яго народны пісьменьнік Васіль Быкаў. Ён раскрыў вочы суайчыньнікам на праўду пра Курапаты, пра злачынны камуністычны рэжым. Дзякуючы Пазьняку былі вернуты нашай краіне і нашаму народу нацыянальныя сымбалі: герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг. Ён патрыёт сваёй Айчыны, свайго народу, сумленны палітык, вучоны, аўтар шэрагу кніг і артыкулаў, заснавальнік нацыянальна-вызвольнага руху БНФ “Адраджэньне”, старшыня КХП. Ім распрацаваны статут і праграма партыі. Трымаю іх зараз у руцэ. Яму я прысьвяціла свой верш, вось некалькі радочкаў зь яго:

Сумленны, верны і высакародны,
І розумам — на шмат людзей дзялі!
Ён слоў найлепшых з чыстых вуснаў годны,
І ўровень зь ім ня стануць каралі.

Бо ён ідзе супроць хлусьні і цемры,
Хрыстовай праўды носьбіт ад Айца,
І раніцца душа яго аб церні,
І будзе так ісьці ён да канца.

Праігнараваць Зянона Пазьняка — гэта азначае праігнараваць зубра на карысьць зайцам і барсукам. Зянон Пазьняк нам дадзены Богам. Дзякуй!”

Спадар: “Чула, як жанчына гаварыла, каго б у прэзыдэнты вывесьці. Зянона Станіслававіча Пазьняка. Дай Бог ёй здароўя, што яна справядліва сказала. Я яе падтрымліваю. Толькі ён выведзе, з балота выцягне нас усіх. Хто пазьней прыйшоў — супраць лукашыстаў, хай памагаюць Пазьняку. Просім яго вярнуць назад. Добра зразумелі, што ён чалавек самастойны, разумны”.

Наступны слухач праводзіць паралелі паміж сёньняшнім і савецкім палітычным кіраўніцтвам.

Спадар: “Лукашэнка вінаватым зрабіў Шушкевіча, Мілінкевіча, Лябедзьку, Вячорку. Дык гэта ж вінаваты Савецкі Саюз, што пасьля развалу была галеча. Каб Шушкевіч знаходзіўся ля ўлады ці Мілінкеівіч, то мы ўдвая лепей жылі б, чым пры Лукашэнку. Так вось кіравалі пры за савецкім часам, вось гэты застой брэжнеўскі ў нас працьвітае пры Лукашэнку”.

Яшчэ адно параўнаньне:

Спадар: “Вось калі Лукашэнку паставіць на ролеры, то я згодны — пераможа любога! Гм, дык каб я, прыкладам, такі самы харч меў, то цуду-юду зваяваў бы, сонца-месячык забраў і на нябёсы пусьціў! А вось калі паставіць на іншую дарожку, інтэлектуальную, дзе побач будуць Мілінкевіч і Лукашэнка, то думаю, што Рыгоравіч нават на ролерах сваіх адстане ад Мілінкевіча!”

Аўтар наступнага званка таксама разважае над якасьцямі патэнцыйнага кіраўніка краіны.

Cпадарыня Арцёмаўна, Менск: “Які павінен быць прэзыдэнт? Па большай частцы ўсе, хто імкнецца перамагчы, выйшлі з гэтага простага народа. Марылі многія стаць гаспадзінам, але ён у гэтым не прызнаецца. Будзе называць сябе ва ўзвышаным сэнсе слугой народа, і каб ня здарылася так, што ён спачатку вёў барацьбу зь няравенствам, знаходзячыся ўнізе, а падняўшыся наверх, будзе весьці барацьбу за няравенства”.

Вельмі часта падчас дыскусій паміж сабой слухачы спасылаюцца на досьвед ці то постсавецкіх краінаў, ці Захаду, Злучаных Штатаў. Вось два такія званкі з апошняй пошты:

Спадар: “Чамусьці саўкі ўсіх масьцей, калі хочуць палаяць дэмакратыю, як па камандзе, адразу ўзгадваюць Украіну і Грузію. Ды ў іх такая ж “дэмакратыя”, як і ў нас. Розьніца толькі ў тым, што ніводзін з тамтэйшых прэзыдэнтаў пакуль не прэтэндуе на ролю пажыцьцёвага правадыра з правам перадачы пасаду ў спадчыну, як у нас. Чамусьці ніводзін з саўдэпаўцаў, якія звоняць на “Свабоду”, ніводнага разу не згадаў тыя краіны, дзе сапраўдная дэмакратыя, дзе няма пажыцьцёвых правадыроў, а людзі жывуць непараўнальна лепш за нас. Гэта, напрыклад, скандынаўскія краіны, дзе самы высокі ў сьвеце ўзровень жыцьця, гэта Францыя, Германія, Італія. Гэты сьпіс можна працягнуць”.

Спадарыня: “Слухач “Свабоды” зласьлівым голасам параўноўваў пэнсіі ў Беларусі з пэнсіямі на Ўкраіне і ў Грузіі. Тры гады таму я гасьціла на Украіне. Сказала, што за аднапакаёўку плачу ў месяц 25—27 даляраў толькі за камунальныя паслугі. Не хацелі верыць. А ў іх квартплата тады была ў некалькі разоў меншая. А пра Грузію — нават зь невялікай пэнсіяй грузіны ніколі не павернуцца зноў у Расею. А жыцьцё ў іх паступова палепшыцца. А вось у нас, наадварот, рэзка пагоршваецца”.

Дарэчы, на гэтым тыдні шмат дзе ўпершыню атрымалі шырока разрэклямаваную ўладамі нібыта падвышаную пэнсію. Слухаем водгукі. Ніна Ярмалінская параўноўвае яе з коштам камунальных паслугаў.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Добры вечар шаноўнаму спадарству! Улады павялічылі пэнсіі пэнсіянэрам на мізэрную суму. А калі прыйшлі квіткі плаціць за камунальныя паслугі, то многія зь іх жахнуліся: адабралі значна больш, чым далі. Такая ў нас лібэралізацыя па-лукашэнкаўску”.

Спадарыня Ларыса лічыць, што на годную падтрымку пэнсіянэраў грошы ў дзяржавы ёсьць.

Ларыса, Менск: “Мы шмат чаго зрабілі. Дайце прыстойную пэнсію. Сродкі павінны быць, калі атрымалі такія грошы ў выглядзе крэдытаў”.

А вось рэакцыя на тое, што пад канец тыдня Міністэрства інфармацыі вынесла чарговыя папярэджаньні шэрагу дэмакратычных выданьняў.

Анастас Семяновіч: “Таварыш Лукашэнка, я “Народную волю” і “Нашу ніву” чытаю зь першай да апошняй старонкі. Прыдрацца да гэтых газэтаў немагчыма. Пішуць яны толькі праўду, ня хваляць вас. Вось за гэта вашы падхалімы вырашылі зрабіць ім папярэджаньне”.

Паменела зараз званкоў пра грып. Людзі, хутчэй, падсумоўваюць першыя вынікі эпідэміі:

Спадар: “Беларусь знаходзіцца на мяжы гуманітарнай катастрофы ў сувязі з гэтым грыпам. Краіна зачыненая, нават на Захадзе людзі ня ведаюць, што адбываецца. Людзкая культура на вельмі нізкім узроўні. Не надзяюць маскі. Яны так выхаваныя, што ня трэба думаць ні пра сябе, ні пра іншых. Лічыце, што горшае ў нас, мабыць, наперадзе”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG