Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і на ролерах адстане ад Мілінкевіча


Агляд тэлефанаваньняў за сераду 18 лістапада

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы працягваюць размову пра патэнцыйных удзельнікаў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі: гэта пэрсаналіі, асабістыя якасьці магчымых кандыдатаў, параўнаньні зь мінулым палітычным кіраўніцтвам. Прагучаць таксама згадкі пра ўрокі чэскай аксамітнай рэвалюцыі, развагі над тым, чаму не спрацоўвае лёзунг “Купляйце беларускае!”

Ва ўчорашняй праграме мы закранулі тэму: хто можа стаць кандыдатам на прэзыдэнта, якімі якасьцямі мусіць валодаць гэты чалавек? У сёньняшняй аўдыёпошце — працяг размовы. Пачынаем яе званком спадарыні Ларысы.

Спадарыня Ларыса: “Адна слухачка прапанавала абраць Ларысу. 20 гадоў таму, калі я займала невялікую кіруючую пасаду ў міністэрстве, можа, тады і магчыма тое было. Але гэтая прапанова мне падабаецца ў тым сэнсе, што можна абраць жанчыну. У нас шмат пісьменных жанчын, кандыдатаў навук ва ўсіх сфэрах, можа, і быў бы толк. У Літве, Нямеччыне, Амэрыцы знайшлі такіх пасьпяховых жанчын. Няўжо толькі адна Ярмошына ёсьць у Беларусі?”

Ніна Аляксееўна зь Менску лічыць, што кандыдат на такую пасаду павінен надзвычай добра ведаць народнае жыцьцё.

“Пра кандыдатаў у прэзыдэнты. Вось кажуць пра Пазьняка, Мілінкевіча й іншых. Ну, які б ні быў Лукашэнка, але ён з намі ў Беларусі. Колькі гадоў не было Пазьняка ў Беларусі? Дзе Мілінкевіч? Мы нічога ня ведаем. Здалёк ЦУ даваць вельмі лёгка. Хоць страшна, балюча жыць і цяжка, прыяжджайце, жывіце нашым жыцьцём, а тады высоўвайце свае пэрсоны”.

Аднак ёсьць і наўпрост супрацьлеглыя меркаваньні.

Спадар: “Чула, як жанчына гаварыла, каго б у прэзыдэнты вывесьці. Зянона Станіслававіча Пазьняка. Дай Бог ёй здароўя, што яна справядліва сказала. Я яе падтрымліваю. Толькі ён выведзе, з балота выцягне нас усіх. Хто пазьней прыйшоў — супраць лукашыстых, хай памагаюць Пазьняку. Просім яго вярнуцца назад. Добра зразумелі, што ён чалавек самастойны, разумны”.

Наступны слухач праводзіць паралелі паміж сёньняшнім і савецкім палітычным кіраўніцтвам.

Спадар: “Лукашэнка вінаватым зрабіў Шушкевіча, Мілінкевіча, Лябедзьку, Вячорку. Дык гэта ж вінаваты Савецкі Саюз, што пасьля развалу была галеча. Каб Шушкевіч знаходзіўся ля ўлады ці Мілінкевіч, то мы ўдвая лепей жылі б, чым пры Лукашэнку. Так вось кіравалі за савецкім часам, вось гэты застой брэжнеўскі ў нас квітнее пры Лукашэнку”.

Яшчэ адно параўнаньне:

“Вось калі Лукашэнку паставіць на ролеры, то я згодны — пераможа любога! Гм, дык каб я, прыкладам, такі самы харч меў, то цуду-юду зваяваў бы, сонца-месячык забраў і на нябёсы пусьціў! А вось калі паставіць на іншую дарожку, інтэлектуальную, дзе побач будуць Мілінкевіч і Лукашэнка, то думаю, што Рыгоравіч нават на ролерах сваіх адстане ад Мілінкевіча!”

Прашу пракамэнтаваць гэтыя меркаваньні грамадзкага рэдактара тыдня — лекарку Тацяну Барэль з Асіповічаў.

Тацяна Барэль
“Народ пэсымістычна ставіцца да ідэі зьмены ўлады ў сёньняшніх заканадаўчых умовах. Вось гэта й патрабуе ад нас актыўнасьці: трэ ісьці ў масы і прапагандаваць сваіх кандыдатаў. Хоць рабіць гэта вельмі цяжка, хоць у нас і няма сваіх СМІ, і кантакт зь людзьмі зьведзены да мінімуму — аднак хадзіць і гаварыць трэба. Вось падчас мінулых выбараў прыносяць даверху набітую скрыню датэрміновага нібыта “галасаваньня”, дык там 90 працэнтаў за Лукашэнку, а ў звычайных скрынях расклад ужо іншы: 1 — за Мілінкевіча, 3 — за Лукашэнку. Іншы зусім расклад! І ён стаўся такім менавіта дзякуючы нашым агітацыйным высілкам”.

І напрыканцы — два званкі, якія, па сутнасьці, таксама выходзяць на тэму выбару. Спадар Зіноўеў:

“У дзень 20-годзьдзя чэскай рэвалюцыі ўспамінаецца колішні лёзунг праскіх студэнтаў: “Хто, як ня мы? Калі яшчэ, як ня зараз?” Лёзунг актуальны для свабоды і незалежнасьці Беларусі”.

Спадарыня: “17 чысло — зайшла ва ўнівэрсам “Фрунзэнскі”, каб набыць ялавічыны. Рубанае ўсё мяса, ляжаць адны косьці, і прадаюць гэтыя косьці па 11 тысяч. Хацела купіць кілечку. Морапрадукты таксама сапсаваныя... “Купляйце беларускае!” Што ж яго купляць, калі есьці немагчыма? Купіла яшчэ тваражок, прынесла дадому, разгарнула — колькі вадзічкі сьцякло... Ці ж можна так дурыць народ?”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG