Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пад 200 выпадкаў сьвінога грыпу, а панікі аніякай. Чаму?


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — ня толькі тэлефанаваньні за пятніцу, але й тыя, якія мы не пасьпелі агучыць цягам тыдня, а таксама найбольш адметныя рэплікі, меркаваньні, пытаньні, што ўжо гучалі ад мінулага панядзелка на нашых хвалях.

Напачатку — зь пятнічнай аўдыёпошты. Слухачы закранаюць розныя аспэкты палітыкі. Асобныя — у вельмі жорсткіх фармулёўках.

Спадарыня: “У нас просьба ад народу такая. Датэрмінова скласьці ўрад у абарону насельніцтва. Другога выйсьця няма. Адабралі ўсё, усе правы, ты ніхто. Робяць што хочуць, будуюць сабе катэджы, а што на могілках? Якія яны абэліскі там ставяць? Адкуль гэтыя грошы? Гэта за нашыя мазалі яны паставілі. У іх сораму няма”.

Тэму адносінаў народу да беларускага ўраду працягвае й наступны званок.

Спадар: “Беларусь схіляецца ўсё больш да краіны хлусаў. Нават чэсныя людзі, што прыйшлі да невялікай улады, крывадушнічаюць, бо так патрабуе статыстыка. Для нашай улады выканайце песьню: “Всё хорошо, прекрасная маркіза” — гэта гімн нашай улады”.

Ёсьць у нашай аўдыёпошце і званкі, дзе канкрэтна фармулююцца прэтэнзіі шараговых грамадзян да чынавенства.

Спадарыня: “Добра выступілі, сказалі, што павінны атрымаць палякі “карту паляка”, а Лукашэнка кажа: “Не хачу разлучаць людзей”. А мы ня хочам зь ягонымі людзьмі злучацца, якіх ён набраў тут. Мы хочам мець сваю нацыянальнасьць. Мы палякі, у нас Польшча была, і мы хочам усё вярнуць. Хай аддае нашыя карты польскія”.

Сярод пастаянных тэмаў вашых званкоў — эканамічныя рэаліі Беларусі.

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Апусьцілі гандлёвыя надбаўкі. Мне здаецца, што ўлада ў чарговы раз вырашыла, як кажуць, чужымі рукамі жар загарнуць. Зараз увядуць нейкія новыя падаткі гандлярам, а тыя хоцькі-няхоцькі падымуць кошты. А плаціць розьніцу будзе народ. І вінаватыя застануцца гандляры — толькі ня ўлада са сваёй нахабнай хітрасьцю”.

Зіноўеў: “У расейскага Ашчаднага банку, які купляе Белпрамбудбанк, рэпутацыя самая дрэнная, нават у расейскай банкаўскай сыстэме. І калі Сідорскі гэтага ня ведае, хай ідзе ў адстаўку. А Белпрамбудбанк трэба прапанаваць нейкаму эўрапейскаму банку”.

Мінулы тыдзень пачаўся Дзядамі — ушанаваньнем памяці продкаў. Найноўшая грамадзкая традыцыя — згадваць у зьвязку з другім лістапада тых, хто стаў ахвярай палітычных рэпрэсій.

Спадарыня: “Я хачу выказаць вялікую падзяку нашай апазыцыі і Пазьняку за адкрыцьцё помніка ў Курапатах. За ўвесь час, за 15 год існаваньня апазыцыі нашай, адзін раз безумоўна добрую справу зрабілі! Гэта помнік будзе на ўсё жыцьцё, людзі цяпер будуць прыходзіць туды са сваім болем, са сьлязьмі на вачах, — плакала вось, каб вы толькі ведалі… Гэта ж столькі народу загінула за нішто”.

Сярод тых сталінскіх пакутнікаў — і бацькі нашых слухачоў, якія сёньня ўжо самі сталі бабулямі ды дзядамі.

Ларыса, Менск: “Падчас вайны кіраўніком групы “Вера” быў мой бацька, Арцём Фёдаравіч. Асуджаны фашыстамі разам з маці і адпраўлены ў канцлягер у Нямеччыну, а пасьля вяртаньня ў Менск — трыбуналам у 1950 годзе паўторна асуджаны сваімі як здраднік радзімы на 25 гадоў у Сыбір. Адбыў 5 гадоў, рэабілітаваны, але неўзабаве памёр. Яму было ўсяго 54 гады”.

У Курапатах ды ім падобных мясьцінах па ўсёй Беларусі прайшлі адмысловыя акцыі. Яны не засталіся па-за ўвагай уладаў, хоць у сталіцы, напрыклад, арганізатары шэсьця атрымалі на яго дазвол

Спадар: “Зь якой пары сталічнае тэлебачаньне стала філіяй спэцслужбаў? Яго апэратар падыходзіў да кожнага маладога чалавека ў калёне, нахабна падносіў камэру, фатаграфаваў, а на выхадзе з тунэлю каля ляснога масіву Курапаты дзецюкі са спэцслужбаў чакалі маладых людзей, каб схапіць іх. Мы, дарослыя, ледзь адбілі аднаго хлопца. Хай Гасподзь заўжды дапамагае яму. Гэта сапраўдны беларус”.

Не застаўся па-за ўвагай слухачоў і так званы Дзень адзінства, які адзначаўся ў Расеі.

Спадарыня: “У Расеі адзначалася сьвята — дзень народнага яднаньня. Нешта імпэрыя ўсур’ёз узялася за народнае яднаньне ў яе межах. Відаць, нешта трывожыць уладароў. Добра, што Беларусь нашу не ўцягнулі ў гэтае яднаньне. Але празь сьвяточныя фанфары ў Расеі, праз радасьць на вуліцах ад вялікага народнага адзінства праступае ўпарта другое і трывожнае: Расея вялікая, вялікая для ўсіх, і вялікая расейская мова. Які, аказваецца, парыў у сьвеце да ўсяго рускага. Нясьціпла”.

А вось наступны наш слухач праецыруе тэму адзначэньня кастрычніцкага перавароту на сучасную Беларусь.

Спадар: “Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мы працягваем адзначаць гэтую чырвоную, крывавую падзею, у выніку якой загінулі мільёны людзей. Крыжы ў Курапатах нагадваюць пра страшэнны бальшавіцкі тэрор, і праз тыдзень пасьля ўшанаваньня памяці расстраляных адзначаць дзень бальшавіцкай рэвалюцыі — гэта не па-людзку”.

Прашу выказацца наконт пастаўленай слухачом праблемы грамадзкага рэдактара тыдня — сябра ЦК Партыі камуністаў Беларускай, актывіста з талачынскага Коханава Мікалая Петрушэнку:

Мікалай Петрушэнка
“Тут хочацца нагадаць вельмі добрыя словы Леніна пра тое, што пакуль мы не навучымся бачыць за словамі палітыкаў іх палітычную сутнасьць, то датуль будзем наіўнымі дзецьмі. А палітлёзунгаў гучыць дужа многа, у тым ліку і ў тэлефанаваньнях на “Свабоду”. Дык у чыіх інтарэсах замаўчаць зараз падзеі 7 лістапада? Найперш выгодна зараз расейскім уладам — зрабіць выгляд, нібыта гэта дзень прымірэньня. Насамрэч ніякага прымірэньня няма! Галоўны разлом і сёньня той самы — паміж працай і капіталам. І ад гэтага нікуды ня дзецца”.

А зараз — параўнаньне двух прэзыдэнтаў: беларускага й амэрыканскага.

Спадар: “Усё, што зрабіў прэзыдэнт Абама за год свайго кіраваньня, то Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка не зрабіў гэтага за 15 год”.

Адштурхоўваемся ад гэтага званка, каб перайсьці да фактычна самай папулярнай тэмы пятніцы і наагул апошняга тыдня — эпідэміі грыпу. Наш сталы слухач згадвае кіеўскія заявы Аляксандра Лукашэнкі з нагоды грыпу.

Спадар: “Лукашэнка, а там Пуцін усё кажуць, што яны трымаюць пад кантролем, пастаўшчыкі завышаюць цэны. Дык трэба, даражэнькія вы мае, калі знаеце, што там робіцца, прымайце меры. А Лукашэнка, калі прыляцеў у Кіеў, як заўжды крывадушнічаў, з усьмешкай такой: “Я кожнага чалавека на кантролі трымаю”. Чуеце? Колькі крывадушша ў гэтым чалавеку — Божа мой, Госпадзе, Пане-дабрадзею!”

Пра тое, што беларускія шарагоўцы вельмі крытычна ставяцца ня толькі да фармацэўтаў, але й да саміх лекараў, гаворыць наступны сёньняшні званок.

Спадар Яцкевіч: “Ноччу мне давялося выклікаць хуткую. Далі такі ўкол, што паралізавала ўсю нэрвовую сыстэму. Я цяпер у адчаі, калачуся ўвесь, за кампутар не магу сесьці, каб працаваць. Нават заяву не магу скласьці на пракуратуру”.

Як ніколі раней, аўдыёпошта перапоўненая інфармацыяй, меркаваньнямі, парадамі з нагоды эпідэміі грыпу. На першым месцы — сыгналы пра недахоп лекаў і прафіляктычных сродкаў.

Спадарыня: “Прыйшла ўрач з 35-й паліклінікі, выпісала рэцэпт адзін: арпетол, там яшчэ нейкія лекі вельмі дарагія, і нідзе нічога няма. Дзякуй нашай дзяржаве, што яна так пра нас клапоціцца… Як хочаш, хоць паміраць кладзіся”.

Спадарыня: “Людзі хварэюць, таму што кепска харчуюцца, не прымаюць вітаміны, садавіну і морапрадукты”.

Спадар: “У нас у Смаргоні дзецям усім у школах загадалі ўсім насіць павязкі. Павязак жа няма ў ніводнай аптэцы”.

Сярод вашых званкоў ёсьць і канкрэтныя парады наконт таго, як уберагчыся ад вірусу.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Калісьці ў час чумы ў Менску людзі хадзілі да Сьвятога Роха і ўзносілі яму малітвы. У час сьвінога грыпу, можа, таксама трэба падысьці да Сьвятога Роха. Па-другое, я як мэдык для прафіляктыкі ў сваёй сям’і заварваю гарбату з маліньніка і календулы, ямо мы часнок, цыбулю, мёд, вельмі добра — прэпараты, якія ўтрымліваюць кальцый. Можна есьці тварог, сыр. Гэта таксама добра”.

Падсумоўваем гэтую тэму наступным тэлефанаваньнем:

Уладзімер, Смаргонь
: “Зараз чуваць толькі пра сытуацыю з грыпам у Беларусі і ва Ўкраіне. А што робіцца ў той жа самай Польшчы суседняй? Людзям цікава. Няхай хоць “Свабода” пра гэта скажа. Дзякуй”.

Адказвае літаратарка, перакладчыца Ева Вежнавец, якая зараз паехала па справах у Варшаву.

Ева Вежнавец: “Тут было пад 200 выпадкаў захворваньня сьвіным грыпам, але ўсё прайшло нармалёва. Учора вось міністар аховы здароўя нават сказала, што ня можа даць нават рады наконт адмысловых прышчэпак — не перакананая ў іх безумоўнай карысьці. Дзеці ходзяць у школу, аптэкі пустыя ад наплыву народу і перапоўненыя рознымі лекамі. У тым ліку супрацьэпідэмнымі. Я, як і многія іншыя, нічога не купляла сабе нават пра запас… Шмат інфармацыі рознай у прэсе, прыводзяць меркаваньні ААН, урачоў, хворых, аптэкараў, розных экспэртаў… Палякі шмат дапамагаюць Украіне — днямі адправілі туды чатыры рэсьпіраторныя машыны. З-за гэтай празрыстасьці, з-за таго, што вераць ураду, ажыятажу, панікі няма”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG