Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія тавары здымаюць з гандлю


У Беларусі працягваецца кампанія выдаленьня з продажу імпартных тавараў. Больш як 200 кантралюючых арганізацый у рэгіёнах праводзяць масавую праверку ў крамах і на рынках. З гандлю здымаюцца прадукты, на ўпакоўцы якіх недастаткова інфармацыі пра якасьць харчоў, альбо вышыня шрыфту меншая за 2 мілімэтры.



Падрабязнасьці сытуацыі высьвятлялі карэспандэнты “Свабоды”.

Віцебск


Расейскі “Растишка”: бутэлечка маленькая, а напісаць трэба шмат

Акцыянэрнае тавараства “Амега” ў Віцебску — дылер расейскай кампаніі “Данон”, якая вырабляе кісламалочныя прадукты “Растишка” адмыслова для дзяцей. Прадукт папулярны і ў Беларусі. Аднак зараз зьявіліся праблемы.
Кантроль будзе яшчэ больш жорсткі.

Намесьнік дырэктара гандлёвага Акцыянэрнага Таварыства “Амега” Аляксей Казлоўскі тлумачыць, што апошнія беларускія патрабаваньні занадта строгія:

“Колькасьць інфармацыі, якая патрабуецца, проста нерэальна разьмясьціць на ўпакоўцы маленькага тавару — гэта сыркі, дзіцячыя ёгурты, да прыкладу “Растишка”. Там баначка зусім маленькая, а напісаць трэба і з чаго зроблена, і што ўтрымлівае… Дастаткова жорсткія патрабаваньні да стандартаў. І кантроль будзе яшчэ больш жорсткі. Вы ж разумееце, мы больш хочам прадаць свайго. Хаця й зь беларускай упакоўкай бываюць праблемы”.

“Мы вымушаны цяпер адмаўляцца ад добрых тавараў”

Праз неадпаведнасьць беларускай упакоўкі таксама перадусім церпяць крамы: санстанцыя спаганяе зь іх і таваразнаўцам даводзіцца весьці доўгую перапіску з прадпрыемцамі — вытворцамі. Таму, гаворачы пра жаданьне “прадаваць сваё”, спадар Казлоўскі мае на ўвазе беларускіх вытворцаў, а зусім ня сетку крамаў “Амега”, дзе прадаецца шмат папулярнага імпартнага тавару:

“Той, хто глядзіць па тэлевізіі расейскую рэкляму малочных прадуктаў, думае, што абавязкова гэта ўсё трэба пакаштаваць: маўляў, так ад гэтага паляпшаецца здароўе, кажуць! А мы вымушаны казаць пастаўшчыку: слухай, хлопец, у цябе тут з упакоўкай нядобра, і адмаўляцца браць тавар”.

“Хто хоча спажываць расейскае, неяк гэта арганізуе”

Прадстаўнік адміністрацыі фірмы “Амега” нагадвае пра тое, што прыбыткі крамаў залежаць ад пакупнікоў:

«Для нас дрэнна тое, што дрэнна для вас! Таму што зьявяцца альтэрнатыўныя крыніцы гандлю. Па-першае, ад нас недалёка Смаленск, можна зьезьдзіць самому па расейскія прадукты, хто захоча. Па-другое, тыя, хто прывязе, лёгка наладзіць “надомны” гандаль. Той, хто
хоча спажываць расейскае, неяк сабе гэта арганізуе”.

Гарадзеншчына


Кантралёры лінейкамі вымяраюць памеры шрыфту на ўпакоўках

Вынікі праверак санітарнымі службамі харчовых крамаў на Гарадзеншчыне сьведчаць аб тым, што найчасьцей кантралёры забараняюць гандаль расейскім імпартам.

У першыя дні праверак на Гарадзеншчыне кантралёры прад’явілі прэтэнзіі да расейскі харчоў,-- маўляў, упакоўка не адпавядае беларускім стандартам. Да прыкладу, шрыфт на ўпакоўцы меней за 2 мілімэтры.

Вось што распавядае загадчыца аднае з гарадзенскіх крамаў, спадарыня Тацяна:

“Спрабуюць выяўляць неадпаведнасьць імпартнага тавару беларускаму стандарту, пераважна, гэта датычыць расейскага тавару. Яны сядзяць з лінейкамі і цалкам усё замяраюць. Колькі гадоў гандлявалі сокамі “Мая сям’я”, а зараз іх здымаюць з прылаўкаў”.

У Ваўкавыскай краме “Аэліта” праверкі таксама распачаліся. Праўда там, са слоў загадчыцы крамы, правяраюць як імпартныя, так і айчынныя тавары.

“Вядома, яны ўсё глядзяць, у тым ліку, каб інфармацыю на ўпакоўцы можна было прачытаць. Але пакуль нічога ў нас не здымалі, выходзіць, што ўсё нармальна. Ну, вядома, пільна глядзяць за тым, каб тое, што заяўлена ў сэртыфікаце, насамрэч адпавядала тавару”, — тлумачыць суразмоўца.

На айчынныя тавары кантралёры не зважаюць

У Горадні загадчыца крамы распавядае, што ад іх патрабуюць лісты ад міністэрства аховы здароўя на якасьць харчоў, якія мусіць мець непасрэдна імпарцёр. Яшчэ спадарыня зьвяртае ўвагу, што правяраюць выключна імпартныя тавары, а айчынных наагул не глядзяць, хаця многія зь іх таксама не адпавядаюць беларускаму стандарту.

“Ну, вось сокі забараняюць расейскія, украінскіх не чапаюць. Нядаўна знайшлі парушэньне па ўкраінскім соку зь Мікалаева: у ім пюрэ з садавіны складала толькі 45%, а згодна зь беларускім правіламі павінна быць ня менш за 50%. Але сказалі, што гэта нічога. Дык як тады
Правяраюць выключна імпартныя тавары, а айчынных наагул не глядзяць.
разумець гэтыя праверкі?”.

Я зьвярнуўся ў Гарадзенскую абласную санэпідэмстанцыю, каб там патлумачылі прычыны татальных праверак. Загадчыца аддзела, Марыя Руўкіна, сказала, што праверкі ў Беларусі адбываюцца на загад міністра.

“Тэрыторыя й памяшканьні не заўсёды прыбраныя, знаходзім харчы пратэрмінаваныя, харчы, на якія адсутнічаюць дакумэнты аб якасьці бясьпекі і так далей. Зрэшты, як і штогод, выяўляюцца адны і тыя парушэньні”.

Магілёў


Кантралёры складаюць пратаколы для судоў

Татальных праверак па выяўленьні замежнай прадукцыі, якая не адпавядае беларускім стандартам, на Магілёўшчыне пакуль не вядзецца. Аднак асобныя факты такіх парушэньняў ёсьць. Дэталі ў матэрыяле нашага магілёўскага карэспандэнта Андрэя Белагубава..

Колькі такіх фактаў выяўлена, у Магілёўскім цэнтры стандартызацыі, мэтралёгіі й сэртыфікацыі не назвалі.

“У асноўным гэта па маркіроўцы, альбо па няпоўнай інфармацыі для спажыўца. Мы складаем пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні згодна з кодэксам. А суды там у адпаведнасьці з пэўнымі артыкуламі прымаюць рашэньні, на якую суму аштрафаваць”, — зазначыла супрацоўніца цэнтру.

Гандляры яшчэ ня ведаюць працэдураў стандартызацыі

Паводле суразмоўцы, гандляры, якіх засьпелі з парушэньнямі, апраўдваліся, што яшчэ ня ведаюць працэдураў стандартызацыі

“Па-першае, яны павінны самі гэтым цікавіцца, калі займаюцца гэтай дзейнасьцю. Гэта ж можна на сайтах знайсьці. Розныя сэмінары праводзяцца. Можна ў нас наконт усяго запытваць”.

“Калі патрабаваньні становяцца больш жорсткімі, тады ёсьць нагода даць штраф”

Паводле старшыні аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацьцяны Казлоўскай, раней працэдура ўзгадненьня маркіровачных стандартаў на замежных харчах была нескладанай:

“Прыходзілі, ставілі пячатку і ўсё. Магчыма, цяпер гэтыя патрабаваньні будуць больш жорсткімі. Калі патрабаваньні становяцца больш
Цяпер палітыка дзяржавы скіравана на атрыманьне штрафаў.
жорсткімі, то, натуральна, адразу ж ідзе праверка, і, натуральна, тады ёсьць нагода даць штраф. Тым больш, што цяпер палітыка дзяржавы скіравана на атрыманьне штрафаў”.

Як удалося высьветліць у Менску днямі адбылася нарада супрацоўнікаў рэгіянальных цэнтраў стандартызацыі. На яе запрасілі прадстаўнікоў буйных гуртавых фірмаў, якія пастаўляюць тавары з замежжа. Ад іх запатрабавалі ў самы кароткі час маркіроўку на ўвезенай прадукцыі прывесьці ў адпаведнасьць зь беларускім заканадаўствам.

Камэнтар “Свабоды”


Загадчык аддзела Інстытуту СНД Аляксандар Фадзееў лічыць, што ў Беларусі адбываецца чарговая кампанія дыскрэдытацыі расейскіх тавараў. Ён тлумачыць:

“На беларускіх паліцах вы ня ўбачыце ранейшых расейскіх тавараў. Я сам таму сьведка. Ну, вось дайшла справа і да прадуктаў харчаваньня. Гэта факт несумленнай канкурэнцыі зь беларускага боку. Натуральна, што Расея на гэта адкажа”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG