Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крызіс: у прыватных гандляроў адбіраюць імпартныя тавары


Рынак у Гомелі

Рынак у Гомелі

У рэгіёнах Беларусі на гандлёвых рынках пачаліся масавыя праверкі імпартных тавараў. Прадпрымальнікі скардзяцца, што кантралёры часта кафіскуюць тавар — кандытарскія вырабы, каву, спэцыі, а таксама складаную бытавую тэхніку. У Дзяржкантролі пацьвярджаюць, што толькі ў верасьні продаж такіх тавараў быў забаронены на суму 102 мільёны рублёў.

Віцебшчына


Адабралі тавар на адзін мільён рублёў, а аштрафавалі на 160 мільёнаў


Прадпрымальніцу Жану Бохан з Воршы аштрафавалі на 160 мільёнаў рублёў. Такі буйны штраф ужыты на гэтым рынку ўпершыню.

Прадпрымальніцу ня толькі аштрафавалі, а яшчэ й яе канфіскавалі тавар амаль на мільён — каву ды гарбату:

Гэтыя тавары транспартуюцца з Расеі — або прыватным чынам, або праз беларускіх пастаўшчыкоў. Жанну Бохан аштрафавалі за тое, што ў яе не было пасьведчаньня пра гігіенічную рэгістрацыю, аформленага на яе імя:

У ранейшыя праверкі да тавараў з Расеі не прыдзіраліся, а цяпер — штрафуюць.
“У нас ёсьць гігіенічнае пасьведчаньне на тавар, але там заяўнік — завод-вытворца. Колькі было праверак за апошні час — ніхто на гэтым не засяроджваў ўвагі. Атрымалася, што на кожную партыю тавару я сама мусіла рабіць асобнае пасьведчаньне. У віцебскай абласной санстанцыі, куды мы маем зьвяртацца, зьдзівіліся: гэта дужа нявыгадна. Мала таго, што адпаведны аналіз каштуе дорага, дык яшчэ трэба 2 кіляграмы сыравіны. А калі я вязу 10 пачкаў кавы, то гэта ўсяго адзін кіляграм. Я ж так і вязу: 10 пачакаў аднаго, 10 — іншага…”

Жанна Бохан даведалася, што санстанцыі трэба заплаціць больш за 200 тысяч за кожны аналіз. Такім чынам, кажа яна, гэта можа дазволіць сабе хіба той, хто возіць тавары фурамі. Да прыкладу, пастаўшчык гіпэрмаркету, якія цяпер будуюцца ў вялікіх гарадах. У Воршы такой крамы няма. Па каву ды гарбату аршанцы ідуць на кірмаш. А прадпрымальнікі, якія гандлююць пабач з Жаннай Паповай, дужа баяцца:

“Зь мяне проста гэта пачалося, але так у нас гандлююць усе. Я ж не знарок нешта там парушала ці ўхілялася — мы былі пэўныя, што гандлюем правільна!

9 кастрычніка Вышэйшы гаспадарчы суд будзе разглядаць заяву Жанны Бохан з патрабаваньнем аспрэчыць штраф.

Найвялікшы штраф у Віцебску — 397 мільёнаў рублёў.
У жыхаркі Віцебску спадарыні Алы, якая гандлюе на Смаленскім кірмашы тымі самымі кавай ды гарбатай, падобныя праблемы:

“Я адна гадую дзіця, і таму не ад добрага жыцьця пайшла гандляваць на кірмаш. Прывязеш-прадасі, на гэтыя грошы зноў купіш… І вось праз адну маленькую паперку, пасьведчаньне якое не на маё імя было аформлена, у мяне канфіскавалі тавар на 4 мільёны рублёў. І яшчэ палічылі з моманту ўказу, з 2008 году, усю выручку як мой прыбытак, ды далі штраф — 274 мільёны рублёў”.

Далі яго, лічыць спадарыня Ала, дзеля нейкай справаздачы ўладам. Бо больш нікога на Смаленскім кірмашы так не правяралі. На Полацкім кірмашы гэтаксама паказальна аштрафавалі пэнсіянэра Аляксандра Смаляка: ягоны штраф самы вялікі ў Віцебску — 397 мільёнаў рублёў, амаль 100 тысяч даляраў.

Менск


Сытуацыю жорсткіх праверак справакавалі чыноўнікі


Начальнік управы Дзяржкантролю Ўладзімер Каленік прагаварыўся журналістам, што парушэньні, за якія штрафуюць цяпер у Віцебску, справакавалі раней чыноўнікі:

“Галоўная праблема ў тым, што раней практычна на ўсе імпартаваныя з Расеі тавары наглядныя органы Дзяржстандарту і Міністэрства аховы здароўя выдавалі дазвольныя дакумэнты: сэртыфікаты адпаведнасьці і пасьведчаньні аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі”.

Старшыня Дзяржстандарту Валер Карашкоў абвясьціў пра надзвычайныя меры:

“Мы цяпер прынялі рашэньне, што нават у выпадку парушэньня маркіроўкі, прымаецца рашэньне аб пазбаўленьні сэртыфікату на ўсю прадукцыю і пераходу на кантроль кожнай партыі”.

Магілёўшчына


“Чаго не дамагліся, за тое й расплачваемся”


Цяпер кантрольныя органы патрабуюць зноў прызабытых адрыўных талёнаў, касавых тэрміналаў і сэртыфікатаў.

“Мы ходзім цяпер і абнаўляем сэртыфікаты, плацім. Робім усё, што нам скажуць. Мы чакаем праверкі кожны дзень. Па ўсіх пытаньнях нас будуць правяраць. У кожнага знойдуць нешта. Калі мяне зловяць, што я ня выпісаў чэк, то мне ўломяць штраф. Гэта ўсё дабром ня скончыцца для ўлады”, — кажа бізнэсовец Алег.

Выяўляюцца факты парушэньня заканадаўства праверкамі, на якія нібыта накладзены мараторый. Дарэчы, пра яго ў афіцыйных крыніцах ужо й ня згадваюць.

Адной жанчыне ў нас налічылі штраф у сорак мільёнаў.
“Мараторыю ніякага няма. На нашым рынку правяраюць выбарачна. У каго, напрыклад, няма кнігі перасоўваньня тавару. За гэта даюць штраф дужа вялікі. Адной жанчыне ў нас налічылі штраф у сорак мільёнаў. Яна зусім не атрымлівала кнігу перасоўваньня тавараў. Мы калісьці змагаліся, каб гэтай кнігі не было. Вось цяпер гэта зачэпка. За гэтую кнігу можна даць і дзесяць, і дваццаць базавых, а яны цяпер гэта зрабілі як утойваньне даходаў”, — кажа прадпрымальніца з Бабруйска Алена.

За абнаўленьне сэртыфікату гандляры вымушаныя плаціць больш за дзьвесьце тысяч рублёў.

“Сэртыфікаты мы робім ужо шмат гадоў. За гэта нас штрафуюць. То бок прывезьлі тавар — бяжы рабіць новы сэртыфікат. Мы супраць гэтага выступалі, аднак, калі мы гэта аднойчы праглынулі, то калі ласка — рабіце сэртыфікат”.

Сэртыфікацыю ўлады тлумачаць абаронай інтарэсаў айчыннага спажыўца. Старшыня магілёўскага абласнога аб’яднаньня прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская лічыць, што сам спажывец у стане абараніць свае інтарэсы набыцьцём патрэбнага для яго тавару:

“Інтарэсы дзяржавы, вядома, забясьпечыць тое, каб тавар прадаваўся наш, беларускі. Аднак, калі тавар беларускі не зусім адпавядае якасьці, запатрабаванай часам, то выцясьняць імпартны тавар з абароту — гэта ў адносінах да нашых грамадзян будзе негуманна”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Гомельскія ўлады прапанавалі мясцовым прадпрымальнікам заняцца рэалізацыяй касьцюмаў фабрыкі “Камінтэрн”, цукерак і печыва фабрыкі “Спартак”, шэрагу іншых тавараў. На рынках з гэтай нагоды праведзены нават сходы. Лейтматывам іх стаў заклік: “Прадавайце беларускае!”.

Прадпрымальнік Уладзімер, які працуе на Цэнтральным рынку, так рэагуе на прапанову ўладаў:

Калі бяруць за горла, то буду спыняць свой гандаль.
“Ні ў якім разе ня буду браць беларускі тавар. У свой час, калі мы хацелі яго браць, нас каралі за гэта. Па сутнасьці, каралі, адбіраючы тавар, і усё такое. Калі прадпрымальнікі возьмуць беларускі тавар, заўтра ж увядуць нейкія новыя падаткі, пазбавяць ільготаў. Усё гэта балбатня. Калі ўжо возьмуць за горла, то, хутчэй за ўсё, буду спыняць прадпрымальніцкую дзейнасьць, каб захаваць грошы. Няхай Лукашэнка бярэ гэты тавар сабе й свайму Колю”.

Спадарыня Надзея яшчэ больш катэгарычна адмаўляецца набываць і прадаваць беларускія тавары:

“Не-не! Адкрыта кажам: „Не!“ Няма грошай за што браць. Крызіс у нас: мы ж нічога не зарабляем. Стаім тут „на нулях“. Хоць бы прадаць тое, што раней набылі. Потым будзем браць беларускае, калі будзе за што. А ня будзе, дык і ня будзем браць. Мне ўжо нічога ня трэба — ні этыкеткі, ні сэртыфікаты. Нічога ня трэба. Я дваццаць гадоў на рынку, і ўсе гэтыя этапы прайшла”.


Камэнтар “Свабоды”


Прафэсійны юрыст і старшыня зарэгістравана ва Ўкраіне грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальнітцва” Віктар Гарбачоў кажа пра сытуацыю:

“Незалежныя юрысты яшчэ раз спраўджваюць, што ўціск на рынках мае вельмі шмат парушэньняў. Пра гэтыя парушэньні мы будзем паведамляць, пісаць скаргі і арганізоўваць пратэсты. У галоснасьці ў першую чаргу будзем зьвяртацца на Радыё Свабода. Гэта інфармацыйная крыніца, якая паведамляе пра падзеі ў момант, калі яны адбываюцца, даводзіць інфармацыю да ўсіх. Калі нават суды не дапамагаюць, то нам давядзецца абараняцца іншым спосабам”.

XS
SM
MD
LG