Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 27 верасьня — 3 кастрычніка


Беларускія прамысловыя прадпрыемствы дагэтуль ня могуць выйсьці зь летняга застою. Восеньскі графік большасьці заводаў не адрозьніваецца ад чэрвеньскага ці ліпеньскага. Нягледзячы на абяцаньні адміністрацыяў запусьціць зь верасьня канвэеры на поўную магутнасьць і вярнуць людзей на паўнавартасны працоўны тыдзень, сытуацыя мала зьмянілася.

Паводле работнікаў менскага завода “Атлант”, нягледзячы на намаганьні кіраўніцтва прадпрыемства разгрузіць перапоўненыя склады, найменей 100 тысяч гатовых лядоўняў яшчэ не прададзеныя. У зьвязку з гэтым даводзіцца экспэрымэнтаваць з арганізацыяй працоўнага тыдня:

Поўня над заводам “Атлант”
“На канвэеры задзейнічана пяць брыгадаў, кожная па чарзе не працуе ў другую зьмену. Прыкладам, мая брыгада два месяцы выходзіць у другую зьмену, і з гэтых двух месяцаў адзін тыдзень непрацоўны, тады ідзём на 2/3. А гэта ўвогуле сьмешны заробак — 70 тысяч рублёў за тыдзень. 13-ы ня плацяць, хоць па калектыўнай дамове мусілі заплаціць па выніках мінулага году, калі яшчэ не было крызісу і мы адпрацавалі як мае быць. Але не заплацілі дагэтуль. То бок, адбываецца парушэньне калектыўнай дамовы. Увогуле цяпер заробак дзесьці каля 1 мільёна рублёў”.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка наведаў Менскі падшыпнікавы завод і даручыў правесьці тут поўную мадэрнізацыю: маўляў, гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасьці ўтрая. Аднак у адміністрацыі заводу гавораць, што і пры цяперашнім аб’ёме збываць прадукцыю няма куды. Праз гэта працаўнікі, у залежнасьці ад спэцыялізацыі, запатрабаваныя 3-4 разы на тыдзень:

“Мы намагаемся прадаваць прадукт, які прыносіць рэальны прыбытак прадпрыемству. У асноўным гэта ролікавыя сфэрычныя падшыпнікі, ёсьць яшчэ група ігольчатых падшыпнікаў. Раней па праграме імпартазамяшчэньня мы асвоілі шырокую намэнклятуру падшыпнікаў для нашых канвэерных заводаў, але частку асартымэнту з-за нізкай рэнтабэльнасьці вымушаныя зьняць з пляну вытворчасьці. Многія падшыпнікі яшчэ выпускаем, але гэта не параўнаць з тым, што было, напрыклад, 5-6 гадоў таму”.

На раздарожжы і менскае “Мотавела”: беларускія ровары і матацыклы не адпавядаюць міжнародным стандартам, а таму — не запатрабаваныя на зьнешніх рынках. Гаворыць выканаўца абавязкаў дырэктара Казімір Мароз:

Менскі матавелазавод
“Пэрспэктывы сумныя. Бо аднымі роварамі, матацыкламі цяпер ужо не пражывеш. Ды іх ужо столькі і не патрэбна, як раней, калі было саюзнае разьмеркаваньне. Зараз такога няма. Колькі рынак патрабуе, столькі і зробіш. А зробіш больш, дык будзе на складзе ляжаць. Забясьпечыць занятасьць людзей той колькасьцю ровараў і матацыклаў, што прадаюцца цяпер, проста не хапае сродкаў, абароткі няма. Таму вырабляем, але няшмат: ад пачатку году матацыклаў можа 500 зрабілі, а ровараў — дзесьці пад 100 тысяч”.

Менскі гадзіньнікавы завод
Камітэт дзяржкантролю высьвятляе фінансавы стан гадзіньнікавага заводу “Луч”. У кантралёраў ёсьць падазрэньне, што нацыяналізацыя ня мела плёну, паколькі пасьля сьпісаньня даўгоў узьніклі новыя. За студзень-чэрвень “Луч” выпусьціў прадукцыі на 8,5 мільярдаў рублёў, тады як дэбітарская запазычанасьць на 1 ліпеня склала 12 мільярдаў, крэдыторская — 11 мільярдаў рублёў. Кіраўніцтва завода заявіла, што аб’ём вытворчасьці за першае паўгодзьдзе перавысіў 108% да таго ж пэрыяду летась, а рэнтабэльнасьць дасягнула амаль 4%. Праўда, запас гатовай прадукцыі дасягнуў 36 мільярдаў рублёў, перавысіўшы аб’ём вытворчасьці за два гады. Але нават у такой сытуацыі інтарэс да заводу выяўляе швайцарская група “Franck Muller”, якая спадзяецца набыць прадпрыемства за бясцэнак.

Каб прадаць як мага болей мясцовай прадукцыі, на ўсіх узроўнях абвешчаная палітыка татальнага імпартазамяшчэньня. Наглядаць за яе ажыцьцяўленьнем пастаўленыя шматлікія органы кантролю. Сярод першых пацярпелых ад звыш пільнай увагі — прадпрымальнікі, якія разам зь іншымі суб’ектамі гаспадараньня вымушаныя разгружаць склады прадпрыемстваў. У рэгіёнах на гандлёвых рынках пачаліся масавыя праверкі наяўнасьці імпартных тавараў. У гандляроў сканфіскоўваюць кандытарскія вырабы, спэцыі, бытавую тэхніку. У Дзяржкантролі спраўджваюць: толькі ў верасьні продаж такіх тавараў быў забаронены на суму 102 мільёны рублёў.

Прадпрымальніца Жана Бохан з Воршы — першая аштрафаваная на тутэйшым рынку. Сума штрафу — 160 мільёнаў рублёў. Прадпрымальніцу ня толькі аштрафавалі, а яшчэ амаль на мільён канфіскавалі тавар — каву ды гарбату. Кантралёры патлумачылі, што ў Бохан не было пасьведчаньня пра гігіенічную рэгістрацыю, аформленага на яе імя:

“У нас ёсьць гігіенічнае пасьведчаньне на тавар, але там заяўнік — завод-вытворца. Колькі было праверак за апошні час — ніхто на гэта не ўказваў. Атрымалася, што на кожную партыю тавару я сама мусілі рабіць асобнае пасьведчаньне. У віцебскай абласной санстанцыі, куды мы мусім зьвяртацца, зьдзівіліся: гэта дужа нявыгадна. Мала таго, што адпаведны аналіз каштуе дорага, дык яшчэ трэба 2 кіляграмы сыравіны. А калі я вязу 10 пачакаў кавы, то гэта ўсяго адзін кіляграм. Я ж так і вязу: 10 пачкаў аднаго, 10 — іншага”.

Паводле Жанны Бохан, санстанцыі трэба заплаціць больш за 200 тысяч за кожны аналіз. Такім чынам, кажа яна, гэта можа дазволіць сабе хіба той, хто возіць тавары фурамі.

У жыхаркі Віцебску спадарыні Алы, якая гандлюе на Смаленскім кірмашы, таксама не атрымалася ўлагодзіць сытуацыю з рэвізорамі:

“Я адна гадую дзіця і не ад добрага жыцьця пайшла гандляваць на кірмаш. Прывязеш-прадасі, на гэтыя грошы зноў купіш. І вось праз адну маленькую паперку, пасьведчаньне, якое не на маё імя было аформлена, канфіскавалі тавар на 4 мільёны рублёў. І яшчэ палічылі з моманту ўказу, з 2008 году, усю выручку як мой прыбытак ды далі штраф — 274 мільёны рублёў”.

На Полацкім кірмашы гэтаксама паказальна аштрафавалі пэнсіянэра Аляксандра Смаляка: ягоны штраф самы вялікі ў Віцебску — 397 мільёнаў рублёў, ці амаль 100 тысяч даляраў.

На Магілёўшчыне кантрольныя органы зноў патрабуюць адрыўных талёнаў, касавых тэрміналаў і сэртыфікатаў. Гаворыць адзін з прадпрымальнікаў:

“Мы ходзім цяпер і абнаўляем сэртыфікаты, плацім. Робім усё, што нам скажуць. Мы чакаем праверкі кожны дзень. Па ўсіх пытаньнях нас будуць правяраць. У кожнага знойдуць нешта. Калі мяне зловяць, што я ня выпісаў чэк, то мне ўломяць штраф. Гэта ўсё дабром ня скончыцца”.

Сэртыфікацыю ўлады тлумачаць абаронай інтарэсаў айчыннага спажыўца. Старшыня магілёўскага абласнога аб’яднаньня прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская лічыць, што сам спажывец у стане абараніць свае інтарэсы набыцьцём патрэбнага для яго тавару:

“Інтарэсы дзяржавы, канечне, ёсьць у тым, каб тавар прадаваўся наш беларускі. Аднак, калі тавар беларускі не зусім адпавядае якасьці, якое прад’яўляе час, то выцясьняць імпартны тавар з абароту гэта ў адносінах да нашых грамадзян будзе негуманна”.

Валер Карашкоў
У адпаведнасьці з рашэньнем Дзяржкантролю, старшыня Дзяржстандарту Валер Карашкоў абвясьціў пра надзвычайныя захады:

“Мы цяпер прынялі рашэньне, што нават у выпадку парушэньня маркіроўкі, прымаецца рашэньне аб пазбаўленьні сэртыфікату на ўсю прадукцыю і пераходу на кантроль кожнай партыі”.

Дакацілася крызісная хваля і да дзяржаўнай прапаганды. У праекце бюджэту на наступны год прадугледжана зьмяншэньне выдаткаў на дзяржаўныя СМІ. Рэгіянальным газэтам, якія да нядаўна ня ведалі праблемаў з фінансаваньнем, прапанавана выжываць ва ўмовах самаакупнасьці.

Журналістка Кацярына працуе ў раённай газэце на Меншчыне 18-ы год. Сьцьвярджае, што раней па заробках журналісты апярэджвалі многіх, а цяпер апынуліся ў ліку аўтсайдэрах: загадчыца аддзела лістоў разам з ганарарам мае 450 тысяч рублёў:

“Мы ў гэтым годзе пераведзены на самаакупнасьць. І мне цяжка гаварыць, бо гадую трох дзяцей і жыву літаральна ад аднаго заробка да другога. Цяпер у раённым цэнтры куды ні кінь — заробкаў годных няма”.

У рэдакцыях выданьняў на Магілёўшчыне таксама прызнаюць, што адчуваюць эканамічныя цяжкасьць. З найбольшымі праблемамі сутыкаюцца завадзкія выданьні. Іх у рэгіёне дзьве: у Бабруйску “Шіннік”, і ў Магілёве — “Трудовая слава”. Абедзьве распаўсюджваюцца па падпісцы сярод працаўнікоў акцыянэрных таварыстваў “Хімвалакно” і “Белшыны”.

Кіраўніцтва “Белшыны” ня супраць ліквідаваць выданьне, аднак не дазваляе канцэрн “Белнафтахім”, які валодае амаль стопрацэнтным пакетам акцыяў. Фінансаваньня хапае на наклад у 2,5 тысячы асобнікаў. Заробак у шасьці супрацоўнікаў рэдакцыі не перавышае 700 тысяч рублёў:

“У Бабруйску няма дзе падпрацаваць. Раней, калі гарадзкія газэты давалі за матэрыялы ганарары, то нехта нешта пісаў пра шынны камбінат, а цяпер нават рэспубліканскія газэты ня хочуць плаціць, галіновы часопіс ня хоча. Усё ўрэзалася. У прынцыпе, у нашай рэдакцыі ніхто нідзе не падпрацоўвае”.

Чатыры месяцы таму з рэдакцыі газэты магілёўскага “Хімвалакна” “Трудовая слава” звольніліся трое супрацоўнікаў. У выданьні яны адпрацавалі па два дзесяткі гадоў. На “Хімвалакне” эканамічныя цяжкасьці і траціць грошы на выданьне накладам 3 тысячы асобнікаў няма сэнсу.

Рэгіянальныя газэты Гарадзенскай вобласьці
У раёнах Гарадзеншчыны газэты пакуль што знаходзяцца на датацыі. Праўда, як доўга так будзе працягвацца — ніхто ня ведае. Пакуль што жывуць адным днём. Гаворыць рэдактар смаргонскай раёнкі “Светлы шлях” Іван Лазута:

“Асаблівых цяжкасьцяў мы не адчуваем, ёсьць узаемаразуменьне з заснавальнікамі, падтрымліваюць нас, пакуль што на заробках у горшы бок нічога не адбілася. Праўда, застаёмся датаванай газэтай. Самі пакрываем каля 90%, астатняе дапамагаюць заснавальнікі”.

Тым часам у многіх раёнах, каб абараніць сваіх хлебапёкаў, мясцовыя ўлады ўводзяць абмежаваньні на продаж хлебных вырабаў зь іншых рэгіёнаў. У выніку людзі вымушаны задавольвацца мясцовым хлебам, які нярэдка саступае канкурэнтам і ў цане, і ў якасьці.

Больш за два гады магілёўскі хлеб прадаецца ў Чэрыкаве ў абмежаванай колькасьці. Тамтэйшы жыхар Сямён Панізоўцаў скардзіўся нават старшыні камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласьці Ліліі Чыгір. І яна, як кажа спадар Панізоўцаў, паабяцала дапамагчы:

“Але дзейных захадаў я ня бачу, каб яна рабіла. Я таксама зьбіраў подпісы людзей і адсылаў іх у Магілёў, каб нам вазілі сюды хлеб. Аднак усё засталося бязь зьменаў”.

Пра тое, што магілёўскі хлеб у Чэрыкаве пад забаронай, пацьвердзілі і ў крамах райцэнтру. Супрацоўніца аддзелу збыту канцэрна “Магілёўхлебпрам” таксама прызнала наяўнасьць хлебнага канфлікту:

“Паводле негалоснага загаду ўладаў прадпрымальнікі й крамы ня маюць права браць наш хлеб, каб павысіць сваю вытворчасьць. Пісалі жыхары Чэрыкава ў дзяржкантроль. Мы ім адказвалі, што так сапраўды факт мае месца. Але ўсё на гэтым і спынілася”.

Суразмоўніца кажа, што хлебныя канфлікты характэрныя для Хоцімскага, Кіраўскага, Клічаўскага раёнаў.
XS
SM
MD
LG