Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асабістая свабода коштам 85 мільярдаў рублёў


Яўген Шыгалаў
Яўген Шыгалаў

У сувязі з указам аб памілаваньні спыненая крымінальная справа супроць Яўгена Шыгалава, старшыні савета дырэктараў гандлёвага дома “Ждановічы”, якога год таму арыштавалі і выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд па стане здароўя.

Зьвесткі пра спыненьне справы супроць Яўгена Шыгалава пацьвердзілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі. Сам Яўген Шыгалаў сваё памілаваньне не камэнтуе, спасылаючыся на стан здароўя. Пра гэта “Свабодзе” паведамілі ў адміністрацыі гандлёвага дома “Ждановічы”, якім да арышту ў красавіку 2008 году Яўген Шагалаў непасрэдна кіраваў, а зараз займае фактычна грамадзкую пасаду — старшынюе ў савеце дырэктараў.

Суду над Яўгенам Шыгалавым не было. Сьледзтва падазравала яго ў захопе зямлі пад забудовы рынку праз службовае злоўжываньне. Страты, нібыта нанесеныя Шыгалавым, сьледзтва вызначыла сумай ў 85 мільярдаў рублёў, альбо 31 мільён даляраў. Якую частку з гэтых грошай ужо выплаціў Яўген Шыгалаў, не афішуецца. Не сказаў пра гэта Шыгалаў і журналістцы Марыне Коктыш падчас іх размовы пасьля вызваленьня прадпрымальніка пад падпіску пра нявыезд:

“Ад Шыгалава дамагліся, каб ён стаў асноўным інвэстарам лядовага палаца ў Чыжоўцы. Спачатку плянавалася, што гэтую арэну будуць будаваць інвэстары з Аб’яднаных арабскіх эміратаў. Гэтыя зьвесткі нават віселі на сайце Менгарвыканкама. Яны быццам былі гатовыя, але потым зьявіліся чуткі пра Шыгалава і цяпер яны пацьвердзіліся. І наколькі я ведаю, ягоныя грошы, якія ён будзе ўкладаць у будаўніцтва лядовага палаца, пойдуць яму ў залік кампэнсацыі тых стратаў, якія яму выставілі сьледчыя. А гэта 85 мільярдаў рублёў”.

Галіна Жураўкова
У 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў кіраўніцу спраў прэзыдэнта Галіну Жураўкову, якую суд прызнаў вінаватай у крадзяжы больш як 2 мільёнаў даляраў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін, якога Аляксандр Лукашэнка памілаваў у 2008 годзе пасьля больш як 2 гадоў турмы за арганізацыю вулічных забурэньняў, адзначае спэцыфіку беларускай практыкі памілаваньня:

Аляксандар Казулін
“Па-першае, я вельмі рады за Яўгена Шыгалава. Зьняцьце абвінавачаньня — вялікая палёгка для чалавека, тым больш вельмі хворага. Зычу яму паляпшэньня здароўя.

Што да практыкі памілаваньня, то зразумела, што гэта стала ня толькі элементам шантажу, але і папаўненьнем вельмі пустога бюджэту. Нагадаю мінулае памілаваньне, калі прыкладна 40 чалавек былі вызваленыя ад адказнасьці пасьля таго, як выплацілі вялікія грошы. Паводле маіх зьвестак — 180-200 мільёнаў даляраў. Гэта не стыкуецца з законам”.

Гары Паганяйла
Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла называе незаконнай практыку вызначэньня стратаў сьледзтвам, а не судом.

“Што значыць “добраахвотна заплаціў”? На чалавека могуць навесьці паклёп, зьмясьціць у ізалятар, там прымушаць падпісаць што заўгодна. І давай сплачвай усё, што “намаляваў” сьледчы. Гэта абсалютнае беззаконьне”.

Паводле зьвестак, спачатку падчас сьледзтва Яўген Шыгалаў не прызнаваў сябе вінаватым. Потым у прадпрымальніка здарыўся інфаркт, яму спратрэбілася тэрміновая апэрацыя на сэрцы. У той час, адзначае журналістка Марына Коктыш, і зьявілася прашэньне Шыгалава аб памілаваньні, якое цяпер падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG