Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніку “Ждановічаў” выстаўлена абвінавачаньне


Старшыню рады дырэктараў гандлёвага цэнтру “Ждановічы” Яўгена Шыгалава вінавацяць ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.

Сёньня Яўгену Шыгалаву выстаўлена абвінавачаньне ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткаю 3 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

9 красавіка міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў паведаміў журналістам, што Шыгалаў падазраецца ў незаконным завалоданьні зямлёю праз злоўжываньне службовым становішчам. Бізнэсоўца ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле незалежных крыніц, Шыгалава зьмясьцілі за краты 5 красавіка.

Што вядома пра асобу Яўгена Шыгалава?

У пачатку 1990-х ён пачаў бізнэс як гандляр ужыванымі аўтамабілямі і празь некалькі гадоў узначаліў рынак “Ждановічы”. Цяпер, паводле рэйтынгу незалежных экспэртаў, Шыгалаў займае восьмае месца ў дзясятцы самых пасьпяховых і ўдалых бізнэсоўцаў краіны і першае сярод тых, хто зарабляе грошы на здаваньні ў арэнду гандлёвых плошчаў.

Зь яшчэ двума кампаньёнамі ён валодае гандлёвым домам “Ждановічы”, у які ўваходзяць аднайменныя рэчавы і аўтамабільны рынкі, харчовы цэнтар, гандлёвы комплекс “Grad”, мясакамбінат “Тарасава”, рэстаран “Арыён”. Усяго ў гандлёвым доме 13 гаспадарчых аб’ектаў.

Ці варта даваць веры афіцыйнай вэрсіі пра самавольны захоп зямлі? Журналіст Вадзім Сяховіч, які лічыцца знаўцам арэнднага бізнэсу, не выключае і іншых вэрсіяў:

“Яшчэ адна вэрсія – перадзел маёмасьці. Цяпер на рынку гандлёвай нерухомасьці зьяўляецца шмат дадатковых гульцоў: замежныя прадпрыемствы, расейцы з каўкаскімі прозьвішчамі, туркі, арабы... А яшчэ адна вэрсія – водгукі канфлікту старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з былым старшынём Менскага абласнога выканкаму Мікалаем Дамашкевічам за гэтыя землі: што лічыць гарадзкой зямлёй, што абласной. Безумоўна, спадар Шыгалаў быў у гэтыя спрэчкі неяк уцягнуты”.

Адмыслоўцы мяркуюць: трэба ўлічваць і банкаўскую вэрсію. Паводле яе, спадар Шыгалаў стаў сузаснавальнікам новага банку “Эўрапейскі”, які ўвайшоў у канфлікт зь некаторымі традыцыйнымі гульцамі на гэтым рынку.

Яўген Шыгалаў адзначыўся і ў грамадзкім жыцьці. Ён уваходзіць у ініцыятыўную групу для стварэньня праўладнага грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”. Вядома таксама, што з ініцыятывы Міхаіла Паўлава, які ўзначальвае Беларускую тэнісную асацыяцыю, Яўген Шыгалаў быў абраны намесьнікам старшыні.

XS
SM
MD
LG