Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС пацьвердзілі факт затрыманьня кіраўніка гандлёвага дому “Ждановічы” Яўгена Шыгалава і ня выключылі іншых затрыманьняў у гэтай справе.


9 красавіка міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў паведаміў журналістам некаторыя падрабязнасьці справы затрыманага напярэдадні старшыні рады дырэктараў гандлёвага дому “Ждановічы” Яўгена Шыгалава. Паводле міністра Навумава, Шыгалаў падазраецца ў незаконным завалоданьні зямлёй праз злоўжываньне службовым становішчам. Бізнэсоўца ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Зь якога дня — спадар Навумаў не сказаў. Паводле незалежных крыніц, Яўгена Шыгалава зьмясьцілі за краты 5 красавіка.

Інфармацыйныя крыніцы ў Беларусі са спасылкай на міністра Навумава распаўсюдзілі зьвесткі, што акрамя Яўгена Шыгалава ў гэтай справе ўжо нібыта затрыманыя ягоны намесьнік і дзяржаўны чыноўнік, які дапамог завалодаць кавалкам зямлі побач з рынкам “Ждановічы”. Аднак прэсавы сакратар МУС Алег Сьлепчанка гэтыя зьвесткі ўдакладніў:

“Чуюць вухам, а пішуць брухам. Не, ён казаў, што шэраг асоб, якія маюць дачыненьне да гэтага бізнэсу, будуць яшчэ затрымлівацца і прыцягвацца да адказнасьці”.

Што вядома пра асобу Яўгена Шыгалава?

У пачатку 1990-х ён пачаў бізнэс як гандляр ужыванымі аўтамабілямі і празь некалькі год узначаліў рынак “Ждановічы”. Зараз, паводле рэйтынгу незалежных экспэртаў, спадар Шыгалаў займае 8 месца ў дзясятцы самых пасьпяховых і ўдалых бізнэсоўцаў краіны і першае — сярод тых, хто зарабляе грошы на здачы ў арэнду гандлёвых плошчаў. Яшчэ з двума кампаньёнамі ён валодае гандлёвым домам “Ждановічы”, у які ўваходзяць аднайменныя рэчавы і аўтамабільны рынкі, харчовы цэнтар, гандлёвы комплекс “Grad”, мясакамбінат “Тарасава”, рэстаран “Арыён”. Усяго ў ім 13 гаспадарчых аб’ектаў.

Ці варта даваць веры афіцыйнай вэрсіі пра самавольны захоп зямлі? Журналіст Вадзім Сяховіч, які лічыцца знаўцам арэнднага бізнэсу, не выключае і іншых вэрсіяў:

“Яшчэ адна вэрсія — перадзел маёмасьці. Зараз на рынку гандлёвай нерухомасьці зьяўляецца шмат дадатковых гульцоў: замежныя прадпрыемствы, расейцы з каўкаскімі прозьвішчамі, туркі, арабы... А яшчэ адна вэрсія — водгукі канфлікту старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з былым старшынём Менскага абласнога выканкаму Мікалаем Дамашкевічам за гэтыя землі: што лічыць гарадзкой зямлёй, што абласной. Безумоўна, спадар Шыгалаў быў у гэтыя спрэчкі неяк уцягнуты”.

Адмыслоўцы мяркуюць: трэба ўлічваць і банкаўскую вэрсію. Паводле яе, спадар Шыгалаў стаў сузаснавальнікам новага банку “Эўрапейскі”, які ўвайшоў у канфлікт зь некаторымі традыцыйнымі гульцамі на гэтым рынку.

Яўген Шыгалаў адзначыўся і ў грамадзкім жыцьці. Ён уваходзіць у ініцыятыўную групу па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”, якое спрабуе аб’яднаць прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Вядома таксама, што з ініцыятывы Міхаіла Паўлава, які ўзначальвае Беларускую тэнісную асацыяцыю, Яўген Шыгалаў быў абраны намесьнікам старшыні.

У Беларусі і раней затрымлівалі буйных бізнэсоўцаў, якім нярэдка ўдавалася пазьбегнуць суду. Гэтак, пабыў некалькі месяцаў за кратамі і зьехаў у Расею пасьля вызваленьня вядомы бізнэсмэн Віктар Лагвінец, які валодаў фірмамі ў складзе “Конта-груп”. Зараз у Польшчы знаходзіцца гаспадар адной з найбуйнейшых у сярэдзіне 1990-х гадоў фірмы “Пушэ” Аляксандар Пупейка. Найбольш пашанцавала ўладальніку фірмы “Трайпл” Юрыю Чыжу. У траўні 2007 году яго затрымлівалі паводле гучнай крымінальнай справы экс-старшыні “Белнафтахіму” Аляксандра Бароўскага, а потым вызвалілі і зьнялі зь яго ўсе падазрэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG