Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Родныя Ганчара і Завадзкага выступілі ў літоўскім Сойме

  • Тацяна Поклад

Сёньня у літоўскім Сойме на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка камітэту замежных справаў Сойму Аўдронюса Ажубаліса выступілі таксама родныя зьніклых Віктара Ганчара і Зьмітра Завадзкага Зінаіда Ганчар і Вольга Завадзкая.

Сваякі зьніклых, якія раней зьвярталіся да прэзыдэнта Літвы адносна візыту Аляксандра Лукашэнкі, сёньня яшчэ раз зьвярнулі ўвагу літоўскай грамадзкасьці на праблему зьніклых палітычных апанэнтаў кіраўніка Беларусі. Сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Літвы Далёй Грыбаўскайце заплянаваная на 16 верасьня – дзень беларускай салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі і дзень дзесяцігодзьдзя зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Кіраўнік камітэту замежных справаў Сойму Літвы Аўдронюс Ажубаліс сказаў, што значнасьць гэтага візыту для абедзьвюх краінаў будзе залежаць ад таго, наколькі адкрыты і глыбокі атрымаецца дыялёг на ўсе тэмы:
Размовы будуць пра ўвесь спэктар дачыненьняў...


“Спадзяюся, што літоўскія кіраўнікі годна прадставяць эўрапейскія каштоўнасьці ў дэмакратычнай палітыцы. Некаторыя цьвердзяць, што размова будзе толькі пра тое, які добры Клайпедзкі порт. Я ня веру, што размова будзе ісьці толькі пра эканамічныя дачыненьні. Думаю, што размовы будуць пра увесь спэктар дачыненьняў” .

Паводле Ажубаліса, абсалютна нармальна, што візыт беларускага кіраўніка выклікае крытыку з боку дэмакратычнай супольнасьці, але й сам гэты візыт – нармальная зьява, калі прыгадаць пра пацяпленьне дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Літоўская Ліга кансэрватараў абвясьціла, што правядзе ў сераду мітынг з выпадку дзесяцігодзьдзя з дня зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і на знак салідарнасьці з пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Беларускія арганізацыі ў Літве не плянуюць пікетаў у дзень візыту Лукашэнкі у Вільню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG