Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь — Літва: перазагрузка?”


Упершыню Аляксандр Лукашэнка наведвае зь візытам Літву. Як успрымае гэтую падзею літоўскае грамадзтва? Ці можна лічыць візыт чарговым дыпляматычным прарывам Беларусі ў Эўропу? Ці будзе ён мець практычныя наступствы?

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру грамадзка-палітычных стратэгій Віргініюс Савукінас зь Вільні і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.


Ці можна лічыць візыт дыпляматычным прарывам Беларусі ў Эўропу?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Лягічна, што першы візыт Аляксандра Лукашэнкі пасьля ўключэньня Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства” адбыўся ў Літву — суседнюю краіну, якая зацікаўленая ў разьвіцьці дачыненьняў зь Менскам бадай што больш за іншыя краіны ЭЗ. Менавіта літоўскае кіраўніцтва лабіравала ў Эўразьвязе ідэю размарожваньня адносін зь Беларусьсю.

Сп. Савукінас, ці лічыце вы сымбалічным, што першы візыт Лукашэнкі ў краіну ЭЗ пасьля ўключэньня Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства” — менавіта ў Літву?“

Віргініюс Савукінас: “Так, мы суседзі, а з суседзямі трэба сябраваць. Аднак нам важна, што адбываецца ў самой Беларусі. Калі там няма дэмакратыі, зьнікаюць палітыкі, чыняцца рэпрэсіі супраць апанэнтаў улады, то такое суседзтва небясьпечна”.

Гэта не афіцыйны і нават, як я разумею, не рабочы візыт. Гэта паездка на адкрыцьцё беларуска-літоўскага эканамічнага форуму.
Андрэй Фёдараў
: “У пэўным сэнсе гэты візыт можна лічыць дыпляматычным прарывам Беларусі ў Эўропу. Сёлета адбыўся візыт Лукашэнкі ў Ватыкан, ён сустрэўся там з прэм’ерам Італіі Бэрлюсконі. Таксама Лукашэнка быў запрошаны ў Прагу на ўстаноўчы саміт праграмы “Ўсходняе партнэрства”.

Але важна адзначыць, што гэта не афіцыйны і нават, як я разумею, не рабочы візыт. Гэта паездка на адкрыцьцё беларуска-літоўскага эканамічнага форуму. Адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце. Але ў параўнаньні з тым, што доўгі час ён быў невыязны ў Эўропу, гэта можна лічыць прарывам”.

Чаму Літву моцна цікавіць дэмакратыя ў Беларусі?


Карбалевіч: “Падчас учарашняга інтэрвію Лукашэнкі літоўскім мэдыям вялікая частка пытаньняў літоўскіх журналістаў тычылася праблем дэмакратыі ў Беларусі. Сёньня ў Вільні знаходзяцца лідэры беларускай апазыцыі, вядуць дыскусію ў Сойме. Зь імі сустракаецца прэм’ер Літвы Кубілюс і міністар замежных спраў Літвы Ўшацкас. Гэта спроба нэўтралізаваць нэгатыўнае ўспрыняцьце візыту Лукашэнкі? Ці што іншае?”

Савукінас: “Тое, што ў Беларусі існуе аўтарытарны рэжым, у Літве разумеюць усе. Таму і прымаюць апазыцыю. У сваёй тэлеперадачы я сказаў, што важна, каб літоўскія кіраўнікі нагадалі Лукашэнку пра дэмакратыю, запыталі пра зьніклых палітыкаў, пра цяперашніх палітычных зьняволеных”.

Андрэй Фёдараў
Фёдараў: “Зь лідэрамі беларускай апазыцыі літоўскія палітыкі сустракаліся шмат і раней. Але тое, што гэтая сустрэча адбылася менавіта цяпер, напярэдадні візыту Лукашэнкі, азначае дэманстрацыю і літоўскаму, і беларускаму грамадзтву, што Літва не забывае пра праблемы з дэмакратыяй, якія існуюць у Беларусі. Думаю, што тут меў месца ўплыў ЭЗ”.

Карбалевіч: “Ці ідуць у літоўскім грамадзтве, палітычным клясе Літвы дыскусіі наконт мэтазгоднасьці запрашаць да сябе Лукашэнку?”

Савукінас: “Канечне, такія дыскусіі ёсьць. Адныя сілы, напрыклад, прадпрымальнікі, выступаюць за запрашэньне Лукашэнкі ў Вільню. А іншыя, якіх найперш цікавіць праблема правоў чалавека, былі супраць візыту”.

Фёдараў: “Так, рознагалосьсі па гэтым пытаньні ёсьць. Але ня думаю, што большая частка літоўскага грамадзтва моцна цікавіцца праблемамі беларускай дэмакратыі. Яно больш зацікаўленае сваімі ўласнымі праблемамі”.

Якія могуць быць практычныя наступствы гэтага візыту?


Карбалевіч: “Літва была адной з краінаў, якія лябіравалі ў Эўразьвязе ідэю размарожваньня адносін зь Беларусьсю. Як вы лічыце, сп. Савукінас, ці будзе Літва настойваць на адмене візавых санкцый адносна вышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі? Гэтае пытаньне павінна разглядацца ў лістападзе”.

Савукінас: “Гэта складанае пытаньне. Зьнешняя палітыка Літвы трохі зьмяняецца. Лякмусавай паперай можна лічыць тое, як Лукашэнка будзе прыняты ў Вільні. Толькі пасьля можна будзе рабіць высновы”.

Карбалевіч: “Якія могуць быць практычныя наступствы гэтага візыту? І без сустрэч на высокім узроўні, здаецца, эканамічныя адносіны разьвіваюцца пасьпяхова. Або візыт Лукашэнкі мае толькі сымбалічнае значэньне? Ці практычнае таксама?”

Савукінас: “Найперш гэты візыт палітычны. Запрашэньне на форум — гэта падстава візыту і сустрэчы на вышэйшым узроўні. Рэдка кіраўніка дзяржавы запрашаюць на такое мерапрыемства. Ня думаю, што візыт паўплывае на эканамічныя дачыненьні”.

Фёдараў: “Не выключаю, што могуць быць пэўныя эканамічныя вынікі. Аснову беларуска-літоўскага эканамічнага супрацоўніцтва складае транзыт беларускіх грузаў праз порт Клайпеда. З Клайпедай канкуруе за беларускія грузы латвійскі порт Вэнтсьпілс. Не выключаю, што прыярытэт Клайпеды будзе замацаваны.

Візыт будзе мець палітычны плён для кіраўніцтва Беларусі. Для яго першачарговая задача — неабходнасьць прайсьці рубеж у лістападзе, калі Рада ЭЗ будзе вырашаць пытаньне пра лёс санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў”.

Карбалевіч: “Вось цікавая сытуацыя. Сп. Фёдараў, вы кажаце, што, з аднаго боку, Літву цікавіць перамога Клайпеды над Вэнтсьпілсам у канкурэнцыі за беларускія грузы. Зь іншага боку, Лукашэнку цікавіць найперш адмена візавых санкцый. Дык, можа, Лукашэнка і прыехаў у Літву дзеля торгу, разьмену Клайпеды на санкцыі?”

Фёдараў: “Магчыма, такія мэты ў Лукашэнкі і ёсьць. Але праблема ў тым, што санкцыі адмяняе не Літва, а ЭЗ, пытаньне вырашаецца кансэнсусам 27 краінаў”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG