Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ландсбэргіс ня памятае візыту салідарнасьці Лукашэнкі


Вітаўтас Ландсбэргіс

Вітаўтас Ландсбэргіс

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію літоўскім СМІ перад сваім прыездам у Вільню нэгатыўна выказаўся на адрас былога сьпікера парлямэнту Літвы Вітаўтаса Ландсбэргіса.

Лукашэнка абвінаваціў Ландсбэргіса ў тым, што той мае кароткую памяць, бо нібыта называе яго “дыктатарам і ворагам”, а між тым Лукашэнка ў студзені 1991 году прыяжджаў у Вільню, у Вярхоўны Савет Літвы выказаць салідарнасьць спадару Ландсбэргісу і літоўскаму парлямэнту. У той час савецкія войскі спрабавалі аднавіць кантроль над уладнымі ўстановамі ў Вільні і парлямэнт Літвы быў аточаны барыкадамі.

Як высьветлілася, Вітаўтас Ландсбэргіс сапраўды ня памятае візыту салідарнасьці А.Лукашэнкі ў 1991 годзе.

Былы старшыня Сойму Літвы не бярэцца меркаваць, наколькі апраўдана цяперашняе запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі кіраўніцтвам Літвы:
Гэта будзе праверкай магчымасьці нашага супрацоўніцтва...


“Гэта стане ясна потым. Паглядзім, што будзе пазьней, колькі будзе карысьці з гэтага, або ня будзе ніякай карысьці зусім. Напрыклад, у рамках пошуку справядлівасьці ён паабяцаў супрацоўніцтва ў пытаньнях вывучэньня зьбіцьця ў Вільні людзей 13 студзеня 1991 году, пошуку зьвестак пра ўдзельнікаў гэтага зьбіцьця, уключна з генэралам Усхопчыкам. Гэта будзе праверкай магчымасьці нашага супрацоўніцтва ў такой датклівай сытуацыі.

Увогуле ж, калі Беларусь, нават пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, павернецца да Эўропы, гэта будзе толькі на карысьць усім”.

Згадкі А.Лукашэнкі пра тое, як ён езьдзіў выказаць салідарнасьць парлямэнту Літвы ў складаны гістарычны момант, спадар Ландсбэргіс пацьвердзіць ня змог:
Што Лукашэнка быў тады ў Вільні — гэта новая інфармацыя для мяне ...


“Я гэтага выпадку ня памятаю. Хай гісторыкі правераць. У Менску гэта можна праверыць, спытаўшы ў Беларускага народнага фронту. Яны напэўна былі, усе нашыя сябры былі ў гэтыя дні. Калі Лукашэнка быў сярод гэтых людзей, то цяпер ён не павінен перасьледаваць Вінцука Вячорку... Тое, што Лукашэнка быў тады ў Вільні — гэта проста нейкая новая гістарычная інфармацыя для мяне і для ўсіх нас”.

Спадара Ландсбэргіса вельмі зьдзівіла выказваньне Лукашэнкі, быццам бы ён лічыць беларускага кіраўніка ворагам.

“Ён гаворыць, што я нават яго называю ворагам. Але я нікога не называю ворагам, нават тых, хто мяне адкрыта ненавідзіць. Гэта зноў нейкае перакручваньне фактаў”.

Словы А.Лукашэнкі пра тое, што літоўская пракуратура нібыта не зьвярталася ў Беларусь з просьбай выдаць генэрала Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам у часе падзеяў 13 студзеня 1991 году, таксама зьдзівілі спадара Ландсбэргіса:

“Пэўна ж, зьвярталіся. Але гэта было даўно, справа гэтая цяпер ці то працягваецца, ці то не, ці то шукаюць падазраваных злачынцаў, ці то не… Але гэты расповед вельмі карысны, тое, што сказаў А.Лукашэнка, бо гэта адразу можна праверыць, і нашай пракуратуры трэба зьвярнуцца паўторна”.


Даведка “Свабоды”
У студзені 1991 году, адразу пасьля штурму тэлевежы ў Вільні, які прывёў да чалавечых ахвяраў, апазыцыя БНФ запатрабавала ад Вярхоўнага Савету прыняць заяву ў падтрымку Літвы. У выніку дыскусіі большасьць дэпутатаў адмовілася гэта рабіць, але падрыхтаваную апазыцыяй БНФ заяву падпісалі каля васьмідзесяці дэпутатаў. Вярхоўны Савет сфармаваў афіцыйную дэлегацыю ў Вільню для вывучэньня сытуацыі, у якую ўвайшлі Ніл Гілевіч, Валянцін Голубеў, Аляксандар Лукашэнка і Сяргей Шабашоў. Апазыцыя БНФ накіравала ў Вільню сваіх прадстаўнікоў з мэтай выказаць падтрымку літоўскай незалежнасьці – дэпутатаў Барыса Гюнтара, Ігара Пырха і Сяргея Навумчыка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG