Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік Беларусі: Лукашэнку ў Літве дэманізавалі


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Вытрымкі з інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі газэце "Lietuvos rytas" – пра сустрэчу з прэзыдэнтам Літвы Далёй Грыбаўскайце, пра свой імідж, пра незалежнасьць Літвы...


Пра сустрэчу з прэзыдэнтам Літвы
Далёй Грыбаўскайце

“Чакаю добрай сустрэчы са сваёй калегай прэзыдэнтам Літвы — у нас ёсьць пра што пагаварыць. Мы не закрытыя людзі і ведаем, чаго чакаюць нашы народы”.

Пра свой імідж

“Лукашэнку ў Літве дэманізавалі, як і ў некаторых краінах Эўропы. Я ўжо шмат гадоў займаю пасаду прэзыдэнта. Можа, вам ужо надакучыла, што я ўсё яшчэ на гэтай пасадзе. Але гэта праблема кожнага чалавека ў Літве і Беларусі”.

Пра незалежнасьць Літвы

Лукашэнка заявіў, што быў у ліку тых, хто падтрымаў незалежнасьць Літвы. Паводле словаў кіраўніка Беларусі, былы старшыня Вярхоўнага Савету — аднаўленчага Сойму Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс, які крытыкуе Лукашэнку, пра гэта забывае.

“Ведаеце, дзе быў Лукашэнка ў найцяжэйшы гістарычны момант, калі ў Вільні стралялі? У Вільні, у Вярхоўным Савеце. Праз барыкады мы прабіраліся ў Вярхоўны Савет да Вітаўтаса Ландсбэргіса, каб выказаць салідарнасьць. Мы хочам, каб у Літве быў мір”, — сказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка сказаў, што цяпер Ландсбэргіс называе яго ворагам. “У яго кароткая памяць”, — падсумаваў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі абвяргае абвінавачаньні, што хаваў вінаватага ў падзеях 13 студзеня 1991 году Ўладзіміра Ўсхопчыка.

“Я ня ведаю такога факту, каб гэты генэрал даваў каманду страляць. Калі б ён страляў у людзей, ён бы ня толькі не атрымаў такі пост, але і дня б не правёў тут. Чаму вашыя ўлады не прадставілі мне доказаў? Мы пра гэта чуем толькі ад журналістаў”, — патлумачыў Лукашэнка.

Ён запэўнівае: калі б зьвярнуліся літоўскія пракуроры, то гэтае пытаньне было б расьсьледавана.

“Такія пытаньні нельга ігнараваць. Калі літоўскай пракуратуры спатрэбіцца інфармацыя, мы адкажам. (...) У нас няма інфармацыі пра тое, што яны — ворагі. Яны сумленна, аддана служылі Беларусі. У мяне да іх прэтэнзій няма. Наколькі я ведаю, яны ўжо на пэнсіі”, — сказаў Лукашэнка.

Аб перадачы ўлады ў спадчыну

“Я буду катэгарычным праціўнікам, каб мае дзеці пасьля мяне былі прэзыдэнтамі. Яны “наеліся” бацькоўскага прэзыдэнцтва. Таму супакойцеся і супакойце іншых, асабліва ў Літве, што вось гэтай спадчыны або перадачы ў спадчыну прэзыдэнцтва ў Беларусі ня будзе”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы ж пра свайго малодшага сына Мікалая, Аляксандар Лукашэнка ня выключыў, што ў будучыні той мог бы стаць кіраўніком беларускай дзяржавы, як і любы іншы грамадзянін краіны, які дасягнуў 35-гадовага ўзросту.

“Калі народ яго выбера, то чаму б і не? Ён што, ня можа быць прэзыдэнтам? Апрыёры ня можам гэта сказаць. Я нават больш скажу, нават ваш сын можа быць беларускім прэзыдэнтам – атрымае грамадзянства калі раптам. Вы што, гэта адмаўляць станеце?.. У нас любы грамадзянін, які дасягнуў 35 гадоў, можа выставіць сваю кандыдатуру. Вось і ўсё! І большага вы за гэтым бачыць не павінны”, – падкрэсьліў Лукашэнка.

“У мяне ёсьць старэйшыя дзеці. Я ім ніколі не пажадаў бы быць пасьля мяне прэзыдэнтамі. Больш за тое, яны ня будуць прэзыдэнтамі пасьля мяне. Можаце быць спакойныя”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG