Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, 2-і завулак Багратыёна, Цэнтральны цеплавы пункт


Менск, 2-і завулак Багратыёна, Цэнтральны цеплавы пункт
Менск, 2-і завулак Багратыёна, Цэнтральны цеплавы пункт

Шыльда Свабоды

Менск, 2-і завулак Багратыёна, Цэнтральны цеплавы пункт
У гэтым будынку у 1984 – 1985 гадах падпольна зьбіралася антысавецкая група моладзі “Незалежнасьць”, якая распрацоўвала пляны змаганьня за незалежнасьць Беларусі і вызваленьня яе ад бальшавізму.

Такіх невялікіх будак, у якіх месьцяцца пункты менскіх цеплавых сетак, у сталіцы нямала. Але адна зь іх, што стаіць у 2-м завулку Багратыёна, мае падставы, каб застацца ў гісторыі.

Падпольная група “Незалежнасьць” (першы назоў — “Беларуская талеранцыйная грамада”) з засьцярогі, што за імі сочаць КДБ і міліцыя, вяла працу ў строгай кансьпірацыі. Яўген Івашкевіч, будучы студэнтам, працаваў яшчэ наглядчыкам на цепласетках, і ад гэтай будкі ў яго былі ключы. Так група яго сяброў атрымала кансьпіратыўнае памяшканьне з бойлерам для нагрэву вады, парай-тройкай імправізаваных крэслаў, нечым накшталт стала. У такім інтэр’еры пры цьмяным асьвятленьні ў 1984—1985 гадах зьбіралася група падпольшчыкаў.

У першай палове 1980-х гадоў па ўсёй Беларусі пачалі ўзьнікаць і пашырацца нефармальныя моладзевыя гурткі — прысьвечаныя рок-музыцы, сьпевам, турызму. На думку Вінцука Вячоркі, Алеся Сушы, Віктара Івашкевіча, Сяргея Дубаўца, прадстаўнікі “Незалежнасьці” павінны былі быць у кожнай з моладзевых груповак. Успамінае Вінцук Вячорка:

“Гэтыя суполкі трэба было, што называецца, апладняць палітычнай пазыцыяй. У нас да таго часу ўжо была сфармаваная палітычная плятформа, якая прадугледжвала змаганьне за незалежнасьць Беларусі і вызваленьне яе ад бальшавізму”.

Назоў групы “Незалежнасьць” ужо быў вынесены ў тытул шэрагу самвыдавецкіх бюлетэняў. Прыкладам, бюлетэню “Бурачок”. Менавіта ў той будцы і плянавалася тэматыка падпольных выданьняў, а некаторыя зь іх нават аддрукоўваліся там. Кансьпірацыя і дысцыпліна былі жорсткія, і тым ня меней часам міліцыя трапляла на іх сьлед, — кажа Яўген Івашкевіч:

“Калі мяне затрымалі, распаўсюд быў інсьпіраваны мною, без узгадненьня з астатнімі сябрамі групоўкі. Гэта значыць, я разносіў часопіс з парушэньнем дысцыпліны. А так усё рассылалася па пошце. Падчас разносу мяне і затрымалі. На вуліцы мяне спыніў патруль міліцыі і адвёз у пастарунак. Як мяне вылічылі, па якой наводцы, дагэтуль я ня ведаю. Пасьля мяне адвезьлі дадому, спадзеючыся, што я ім вынесу друкавальную машынку і астатак часопісу. Я ім ня вынес, а ноччу давялося ўсё гэта зьнішчыць. Было паведамленьне ў інстытут. Дэкан правёў са мной размову. Так што ніякіх для мяне сур’ёзных наступстваў ні на працы, ні ў інстытуце не было”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG