Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, плошча Свабоды, 2а, Гарадзкая ратуша


Менск, плошча Свабоды, 2а, Гарадзкая ратуша

Менск, плошча Свабоды, 2а, Гарадзкая ратуша


Шыльда Свабоды

Менск, плошча Свабоды, 2а, Гарадзкая ратуша
20 сакавіка 1988 году на месцы разбуранай на той час гарадзкой ратушы адбыўся першы за савецкую гісторыю апазыцыйны мітынг, арганізаваны нефармальным аб'яднаньнем “Талака”. Людзі пратэставалі супраць пракладкі праз гістарычны цэнтар Менску лініі мэтро, якое разбурала архітэктурныя помнікі. На мітынгу ўпершыню публічна выступіў будучы лідэр апазыцыі Зянон Пазьняк.

У выніку пракладкі другой лініі мэтро празь Верхні горад і будаўніцтва станцыі “Няміга” пачалі разбурацца гісторыка-культурныя помнікі: з прычыны вібрацыі пайшлі расколіны па мурах праваслаўнага катэдральнага сабору і тэатру імя Янкі Купалы. Раней ужо быў зьнесены дом Валенція Ваньковіча, узьняліся сякеры над дрэвамі Аляксандраўскага сквэру, плянаваўся знос некалькіх будынкаў Верхняга гораду.

Моладзь зь нефармальнага аб’яднаньня “Талака” выйшла на кантакт зь вернікамі, актывістамі праваслаўнай грамады. Разам склікалі мітынг у абарону нацыянальных і рэлігійных каштоўнасьцяў. Халодным сакавіцкім днём у сквэры на плошчы Свабоды, на месцы зруйнаванай гарадзкой ратушы сабралася нямала неабыякавых людзей, перадусім дзеячаў мастацтва, літаратуры, навукі, а таксама моладзі, саміх “талакоўцаў”, іх сяброў і знаёмых. Шмат было і выпадковых мінакоў, якія далучаліся да мітынгу. Бальшыня зь іх успрымала занепакоенасьць лёсам старасьветчыны пазытыўна.

Узгадвае гісторык мастацтва, рэстаўратар Сяргей Харэўскі, які выступаў на мітынгу першым: “Гэнік Лойка з Алесем Косткам у пурыстычным запале зрабілі транспаранты, напісаўшы слоган “Уратуйма нашае места”. Менакі, якія спыняліся, чухалі патыліцы: што б гэта магло значыць? Там былі фотаздымкі старога Менску. Міліцыянтаў было толькі пару чалавек, якія самі ўважліва слухалі маю палымяную прамову. Неўзабаве зьявіўся і Зянон Пазьняк, які працягнуў дыскусію”.

Гэта быў першы публічны выступ будучага лідэра апазыцыі. Расказвае адзін з арганізатараў мітынгу Віктар Івашкевіч:

“Упершыню публічна так радыкальна гучала, што камуністычныя ўлады сьвядома руйнуюць помнікі гісторыі, каб пазбавіць беларусаў памяці. Пазьняк казаў, што гэта пачалося яшчэ царскім урадам, які ўзарваў ратушу на тым месцы, дзе мы зараз стаім. Ён называў гістарычна-архітэктурныя помнікі , якія нішчыліся не падчас войнаў, а менавіта ў мірны час былі ўзарваныя акупацыйнай расейскай адміністрацыяй. Упершыню публічна заяўлялася, што беларусы знаходзяцца пад расейскім прыгнётам. Людзі слухалі з заміраньнем. Гэта была першая публічная адкрытая заява, што мы апазыцыя палітычным уладам. Гэта быў першы крок, а таму страшнаваты”.

Акцыя прынесла плён. Улады пайшлі з грамадзкасьцю на дыялёг. Была створаная грамадзкая камісія, на падставе рэкамэндацыяў якой былі зроблены тэхнічныя захады, каб зьменшыць вібрацыю пры праходжаньні цягнікоў. Амаль паўтара дзесяцігодзьдзі пасьля таго пратэсту ўлады не руйнавалі горад. Важным было і тое, што мітынг арганізоўваўся супольна зь вернікамі. Гэта быў першы выхад нацыяналістаў з падпольля да народу. Пазьней некалькі актывістаў праваслаўнай грамады далучыліся да БНФ і нават былі ў яго кіраўніцтве.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG