Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, станцыя мэтро “Няміга”


Менск, станцыя мэтро “Няміга”
Менск, станцыя мэтро “Няміга”

Шыльда Свабоды

Менск, станцыя мэтро Няміга
Увосень 1985 году ў часе археалягічных раскопак на месцы станцыі мэтро Няміга пачало фармавацца моладзевае гісторыка-культурнае аб’яднаньне “Талака” — самая вялікая і ўплывовая ў савецкую эпоху нефармальная дэмакратычная арганізацыя.

Суполка “Талака” арганізоўвалася як клюб аховы гістарычнай і культурнай спадчыны. Па сутнасьці яна стала пераемніцай “Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні”. Былыя майстроўцы і іхныя маладзейшыя аднадумцы шчасьліва знайшліся ў часе сумесных вечарынаў (прыкладам, у адным з ЖЭСаў, дзе зрабілі спробу стварыць клюб Уладзімера Караткевіча), вывучэньня беларускай мовы на прыватных кватэрах (у прыватнасьці, на кватэры Віктара Івашкевіча, дзе ўрокі мовы даваў Вінцук Вячорка) і асабліва на розных талоках, адбудоўваючы гістарычныя помнікі.

Першай такой талакой стаў удзел у археалягічных раскопках на месцы будучай станцыі мэтро “Няміга”, што вяліся пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Маладыя нацыяналісты адгукнуліся на заклік у газэце “Вячэрні Мінск” стаць валянтэрамі. У часе раскопак і вырашылі аб’яднацца.

“Талака” працавала паўсюль: і на рэстаўрацыі, і на раскопках. Увесь горад быў наш”, — кажа праз гады адзін зь лідэраў “Талакі” Сяргей Вітушка: ”Мы зьбіраліся кожны дзень чатыры і нават больш гадоў. Цяжка назваць куточак, дзе мы б не былі. І ў кожным куточку рабілася нейкая беларуская гісторыя. Мы гаварылі па-беларуску, мы рабілі беларускую работу. Мы жылі беларускім жыцьцём. Сёньня я магу прывесьці вас у Траецкае прадмесьце і паказаць той брук, які мы ўкладалі восеньню 1985 году. Пасьля працы заставаліся і ішлі ў карчомку папіць кавы. За размовамі ўмацоўвалася наша еднасьць. Слоўца “суботнік” надта муляла ў роце. І, здаецца, Гэнік Лойка прапанаваў слова “талака”, і яно прыжылося”.

Талака сьвяткуе Гуканьне вясны. Менск, 1990. Фота zabmg.info

Таксама чынны ўдзел удзел узялі талакоўцы ў стварэньні музэю драўлянага дойлідзтва ў Строчыцах.

Ля вытокаў “Талакі” былі Сяргей Вітушка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Алесь Суша. Клюб аб’ядноўваў каля 60 чалавек, але на яго паседжаньні і асабліва мерапрыемствы прыходзіла значна болей людзей.

Талакоўцы працягвалі традыцыі сваіх папярэднікаў з “Майстроўні”, наладжваючы фальклёрныя сьвяты і клапатліва адраджаючы іхныя абрады, рытуалы, песьні.

На першым публічным мітынгу, арганізаваным сябрамі клюбу ў 1988 годзе ў абарону Верхняга гораду, гучалі абвінавачаньні ў бок камуністычных уладаў, рэфрэнам праходзіла ідэя нацыянальнага адраджэньня. Сярод палітызаваных акцыяў — сумеснае з латыскай моладзьдзю воднае ралі па Заходняй Дзьвіне супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, вандроўка па Прыпяці супраць бяздумнай мэліярацыі і пацыфісцкі паход на Лідчыну супраць ядзернай зброі, якая на той час была разьмешчаная ў Беларусі.

Займаліся талакоўцы і самвыдатам. У 1986—1987 гадах яны выдавалі машынапісны часопіс “Бурачок”.

З прыкладу “Талакі” паўставалі падобныя арганізацыі і ў іншых буйных гарадах Беларусі. “Талака” ініцыявала стварэньне Канфэдэрацыі беларускіх суполак. Яна прычынілася да арганізацыі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Актывісты “Талакі” ўвайшлі ў кіраўніцтва Фронту.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG