Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шыльда Свабоды

Менск, Траецкае прадмесьце, Камунальная набярэжная, 4
22 красавіка 1984 году тут адбыўся канцэрт гурту “Мроя” — першы беларускі рок-канцэрт пад адкрытым небам. Канцэрт запачаткаваў удзел беларускіх музыкаў у нацыянальна-культурным і дэмакратычным адраджэньні краіны.

Траецкае прадмесьце літаральна ад першага дня яго адбудовы аблюбавала для сваіх збораў гэтак званая нефармальная моладзь — ад культурніцка-палітычных аб’яднаньняў “Майстроўня” і “Талака” да гіпі і панкаў. У стылізаванай пад сярэднявечча “Карчме” за кубачкам кавы вяліся дыскусіі і пра будучыню Беларусі, і пра заходнюю рок-музыку.

А 22 красавіка 1984 году тут адбылася падзея, якая ўвайшла ў гісторыю як айчыннай музыкі, гэтак і нацыянальна-вызвольнага руху.

У той дзень на набярэжнай Сьвіслачы нефармальныя мастакі ладзілі сваю выставу пад адкрытым небам. Былі расстаўлены карціны і мальбэрты, а на ганку крамы “Вянок” выступаў гурт “Мроя” — Алег Дземідовіч, Уладзя Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Юрась Ляўкоў.

«Мроя» выступае ў Траецкім прадмесьці, 1984 год. Фота generation.by

Успамінае Лявон Вольскі:

“Публіка досыць культурная была. Усім было цікава, што гэта за зьява такая — цэлая праграма па-беларуску? Былі мастакі, людзі блізкія да мастацтва, нейкія, як бы цяпер сказалі, нефармалы. У Траецкім у карчме зьбіраліся гіпі, панкі. Яны адразу выбеглі паглядзець: што адбываецца, што гэта за рок-гурт грае? Пасьля доўга-доўга нас віншавалі. Мы не былі ні гіпі, ні панкі, але недзе блізка каля іх. Для таго часу мы выглядалі досыць сьмела. У мяне былі вельмі доўгія валасы. Уладзя Давыдоўскі, хаця і пастрыгся перад войскам, але валасы былі цалкам пафарбаваныя ў чорны колер. Алезіс (Алег Дземідовіч — В.Р.) таксама быў пафарбаваны, толькі ў жоўты колер. Гэта было вельмі сьмела, бо тады ўсіх стрыглі, а фарбавацца і наогул было не прынята”.

Празь нейкіх пару месяцаў музыкі пайшлі ў войска. Але той канцэрт, які потым меў працяг на мітынгах і дэманстрацыях, у клюбах і на стадыёнах, не забыўся.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG