Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і Нацбанк раскрылі карты


Сталі вядомыя абавязаньні, якія ўзяла на сябе Беларусь перад МВФ, каб атрымаць крэдыт stand-by памерам 3,52 мільярда даляраў ЗША.


“Урад выканаў структурны кантрольны паказчык на канец сакавіка 2009 году па лібэралізацыі цэнаў, павысіў цэны на жыльлёва-камунальныя паслугі, зьнізіў заработную плату ў дзяржаўным сэктары, адмовіўся ад практыкі разьмяшчэньня дэпазытаў цэнтральных і мясцовых органаў кіраваньня ў камэрцыйных банках, скасаваў абмежавальны верхні паказьнік працэнтнай стаўкі для крэдытаў у беларускіх рублях, якія выдаюцца карпаратыўнаму сэктару”, — напісана ў лісьце кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага і старшыні праўленьня Нацбанку Пятра Пракаповіча.

Ліст, датаваны 19 чэрвеня, апублікаваны на афіцыйным сайце МВФ. У ім, сярод іншага, беларускі бок просіць павялічыць аб'ём крэдыту stand-by яшчэ прыкладна на мільярд даляраў.


Цытаты зь ліста


“Рост беларускай эканомікі ў першым квартале бягучага году істотна запаволіўся”.

“Чакаецца зьніжэньне ВУП у 2009 годзе прыкладна на 3%”.

“Спажывецкія кошты вырасьлі ў студзені пасьля аднаразовай дэвальвацыі. У адпаведнасьці з жорсткай падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкай, якую мы праводзім, за пэрыяд, які мінуўся з таго часу, месячны ўзровень інфляцыі зьнізіўся, прычым цяпер чакаецца, што ў 2009 годзе інфляцыя на канец пэрыяду складзе каля 11 працэнтаў”.

“Мы практычна спынілі аказаньне падтрымкі ліквіднасьці банкаў, не забясьпечанай закладам. Мы прызнаем, што такая падтрымка павінна заставацца сапраўды выключнай, і ў цэлым будзем старацца не карыстацца дадзеным інструмэнтам”.

“Прынята рашэньне не праводзіць павышэньня зарплаты ў дзяржаўным сэктары да верасьня 2009 году”.


ПЛЯНЫ УРАДУ


Урад мае скасаваць два мэтавыя падаткі і мясцовы падатак з продажу тавараў ураздроб.

Урад таксама абяцае зьнізіць стаўку падатку на прыбытак з 24% да 20%. “Каб кампэнсаваць страту даходаў у выніку такіх захадаў, мы таксама падвысім стаўку ПДВ з 18 да 22%”.

У лісьце гаворыцца, што да канца сьнежня 2009 году будзе распрацаваны плян дзеяньняў па продажы замежным інвэстарам усіх нефінансавых кампаніяў Нацбанку.

Урад шукае стратэгічных інвэстараў, якія набудуць кантрольныя пакеты акцыяў ААТ “Белпрамбудбанк” і ААТ “Белінвэстбанк”, а таксама пакеты акцыяў АСБ “Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”.

Урад таксама плянуе да 30 верасьня ўнесьці на разгляд у парлямэнт законапраект “Аб прыватызацыі”.

Беларусь і МВФ

У студзені 2009 году МВФ ухваліў выдзяленьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2,46 мільярда даляраў пад рэалізацыю праграмы рэформаў, якая разьлічана на 15 месяцаў.

Першы транш крэдыту — 788 мільёнаў даляраў — паступіў у Беларусь у студзені.

Беларусь уваходзіць у МВФ з 1992 году. За гэты час яна атрымала два траншы крэдыту па праграме сыстэмных рэформаў: у жніўні 1993 году (98 млн. даляраў) і ў лютым 1995 году (101,7 млн. даляраў), а таксама адзін транш крэдыту stand-by у верасьні 1995 году (101,7 млн. даляраў). Пазьней фонд спыніў выдзяленьне Беларусі крэдытаў з прычыны неадпаведнасьці эканамічнай палітыкі ўраду рэкамэндацыям МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG