Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага з адказным прадстаўніком МВФ Марэкам Бэлькам.

Дырэктар Эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Марэк Бэлька падчас сустрэчы са старшынём беларускага ўраду Сяргем Сідорскім выказаў занепакоенасьць “нізкім узроўнем валютных рэзэрваў Беларусі”, які “можа уяўляць пагрозу для стабільнасьці краіны”.

Марэк Бэлька
“Гэтая праблема зьяўляецца асноўнай тэмай, якую мы абмяркоўваем са старшынём праўленьня Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам і міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом.”, – паведаміў Марэк Бэлька.

Паводле афіцыйных крыніц, Сяргей Сідорскі сказаў, што “Беларусь задаволеная ўзроўнем супрацоўніцтва з МВФ і ягонай падтрымкай ва ўмовах крызысу”.

Місія МВФ працуе ў Беларусі па двух кірунках. Першы – гэта нагляд за выкананьнем умоў крэдыту stand-by. Прадстаўнік МВФ зазначыў, што з беларускім бокам тут абмяркоўваюць у асноўным кароткатэрміновыя пытаньні. Таксама вядуцца і дыскусіі па праблемах доўгатэрміновых, у тым ліку адносна тэмпаў разьвіцьця эканомікі. МВФ настойвае на рэформах, падчас якіх магчыма часовае зьніжэньне вытворчасьці. Беларускі бок за захаваньне высокіх тэмпаў.

Сяргей Сідорскі
Прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з Марэкам Бэлька адзначыў, што летнія месяцы сталі пэрыядам пад’ёму эканомікі краіны. На нарадах з чыноўнікамі старшыня ўраду працягвае крытыкаваць тых, хто выказваецца за карэкціроўку плянаў разьвіцьця ў сувязі з крызісам.

Вось што спадар Сідорскі заявіў сёньня на адрас Мінэканомікі.

“Вам ніхто не даваў права ўзгадняць. Ваша справа, Міністэрства эканомікі, настойваць на выкананьні рашэньняў ураду”.

Кіраўнік незалежнага дасьледчага “Цэнтру Мізэса” Яраслаў Раманчук адзначае, што ўсё болей беларускіх прадпрыемстваў ў асноўным працуюць на склад, між тым як рэформы эканомікі адкаладаюцца:

Яраслаў Раманчук
“Сытуацыя складваецца гэтак, што МВФ стаў асноўным крэдыторам Беларусі. Між тым крэдыты МВФ праядаюцца, але абяцаных урадам рэформаў няма і станоўчых вынікаў ад крэдытаў можам не дачакацца”.

Паводле зьвестак Нацыянальнага банку Беларусі золатавалютны рэзэрв Беларусі на 1 жніўня складаў 3165 мільёнаў даляраў. Цяпер Беларусь імкнецца атрымаць чарговы крэдыт у Расеі памерам 500 мільёнаў даляраў, а таксама ўзяць 200 мільёнаў даляраў крэдыту ў Сусьветнага банку.
XS
SM
MD
LG