Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мастакі зь усяго сьвету зьбяруцца пад менскім “Дахам”


Вялікі міжнародны фэст сучаснага мастацтва пад назовам “Дах-9” упершыню пройдзе ў Менску з 25 жніўня да 20 верасьня.


У ім возьмуць удзел музыкі, літаратары, жывапісцы, скульптары, артысты тэатру і кіно, фатографы і пэрформэры зь Нямеччыны, Нарвэгіі, Італіі, Польшчы, Украіны, Расеі, Галяндыі, Японіі, ЗША, Ізраілю і Беларусі. Імпрэза будзе ладзіцца пад дахам Палаца мастацтва і пры падтрымцы Беларускага саюзу мастакоў.

Ініцыятары і каардынатары фэсту — знаныя прадстаўнікі неафіцыйнага беларускага мастацтва Зьміцер Юркевіч (Мітрыч) і Алесь Родзін (Дзю), якія даўно і пасьпяхова бяруць удзел у падобных фэстах за мяжой. Цяпер яны вырашылі наладзіць міжнароднае сьвята сучаснага мастацтва ў сябе на радзіме. Гаворыць Алесь Родзін:

“Мне пашэнціла — прыкладна дзевяць гадоў я меў магчымасьць жыць у Бэрліне ў мастацкім цэнтры “Тахелес”, дзе бывае шмат мастакоў з усіх краінаў сьвету. Мне давалі там вялікія плошчы для выставаў, і шмат сяброў у мяне там завялося. І таму, калі мы са Зьмітром Юркевічам вярнуліся сюды, то падумалі: нам трэба нешта ў адказ стварыць на нашай глебе, а менавіта ў Менску. І нам тут пайшлі насустрач у колах Беларускага саюзу мастакоў”.

Геаграфія ўдзельнікаў фэсту — ад ЗША да Японіі — прадэманструе беларускім гледачам, якія плыні цяпер існуюць амаль ва ўсіх відах мастацтва. Шмат якія творы будуць нараджацца падчас самога фэсту непасрэдна на вачах публікі. Але будзе і сталая маштабная экспазыцыя пад назовам “Ахвяры Мастацтва”. Спадар Родзін працягвае:

“Мастакі, музыкі, паэты — усе тыя, хто ўцягнуты ў мастацкае кола, яны заўсёды нечым ахвяруюць, сваім часам, грашыма ці сябрамі, каб дасягнуць нейкіх вышыняў у мастацтве. Без ахвярнасьці нічога не атрымліваецца, і тое, што нам здаецца лёгкім і цікавым посьпехам, сталася такім, толькі прайшоўшы праз кола мастацкага ахвяраваньня”.

Мастацкія ахвяры запатрабавалі і ахвяр матэрыяльных, якія на амаль месячны міжнародны фэст мусілі быць немалыя. Прыватных фундатараў на яго арганізатарам знайсьці не ўдалося. Асноўную падтрымку забясьпечыў Беларускі саюз мастакоў. Што ж тычыцца дзяржаўнае падтрымкі фэсту, то наконт яе Алесь Родзін выказаўся дыпляматычна:

“Гэта складаны працэс — зрабіць падобны фэст. Тут розныя думкі — як зрабіць, ці так, ці так. І зразумела, што тут трэба дыпляматычным шляхам вырашаць усе гэтыя пытаньні”.

Урачыстае адкрыцьцё першага міжнароднага фэсту мастацтваў “Дах-9” у менскім Палацы мастацтва прызначана на 17 гадзінаў 25 жніўня.
XS
SM
MD
LG