Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будзе свой музычны фэстываль — “Bela Music”


23 траўня на адкрытай пляцоўцы аэраклюбу “Баравая” адбудзецца першы фэстываль “Bela Music-2009” з удзелам вядучых гуртоў краіны, што працуюць ў галіне актуальнай жывой музыкі.

Ідэя такога фэсту паўстала ў лідэра гурту “Палац” Алега Хаменкі яшчэ ў 1995 годзе, але дагэтуль так і не ажыцьцявілася…

“Стаміліся чакаць. І вось, дзякуй Богу, атрымалі падтрымку Міністэрства культуры, аблвыканкаму, гарвыканкаму. Знайшлі паразуменьне і хочам зрабіць гэты фэст”.

У Беларусі да гэтага не было буйных рок-фэстываляў.
У Беларусі да гэтага не было буйных рок-фэстываляў. Беларускія гурты часьцей выступалі і спаборнічалі па-за межамі краіны — на фэстывалях “Басовішча” ў Польшчы“, “Be Free” ва Ўкраіне, “Be2gether” у Літве.

Кіраўнік канцэртнага агенцтва “Лінія гуку”, якое арганізовае фэст, Уладзімер Шаблінскі кажа, што яго заўсёды абурае, калі ў Беларусі на лепшых сцэнах, стадыёнах прымаюць расейскіх выканаўцаў, выплачваюць ім шалёныя ганарары — беларускія грошы ідуць ў інвэставаньне шоў-бізнэсe замежных краінаў:

“Удзел „Лініі гуку“ вызначаны менавіта гэтым. У Беларусі няма вялікага нацыянальнага фэстывалю. Трэба ствараць свае брэнды, беларускія, і папулярызаваць. Папулярызаваць сваіх, а не прывозіць расейцаў, даваць ім лепшыя пляцоўкі і лепшыя магчымасьці. Трэба падтрымліваць сваіх — гэта самае галоўнае”.

“Bela Music” пройдзе без запрашэньня замежных зорак, толькі для беларускіх гуртоў.
У бліжэйшыя гады фэстывалі “Bela Music” будуць адбывацца без запрашэньня замежных зорак, толькі для беларускіх гуртоў. Чаму ўзьнік такі назоў фэсту, тлумачыць Алег Хаменка:

“Зьявілася вось гэта слова — “bela”, якое на італьянскай, на лацінскай мовах азначае “прыгожы, чысты”, і яшчэ азначае “жывы, сапраўдны, родны”. Вы можаце перакладаць гэтае слова як жывая, чыстая, сапраўдная музыка, а па сутнасьці, гэта беларуская музыка. Таму — “Bela Music”.

Гэта будзе ня толькі фэстываль для музыкаў. Гэты фэстываль — для прадстаўнікоў і арганізатараў фэстываляў, якія праводзяць конкурсы, узнагароджаньні. Гэта фэст для СМІ, якія займаюцца гіт-парадамі, для тых, хто стварае чарты. І канечне, гэта фэст менавіта для маладых музыкантаў, але не маладых па ўзросьце, а творча актыўных, сацыяльна актыўных, якія граюць шмат канцэртаў і прапануюць сур’ёзныя праграмы, падкрэсьлівае Алег Хаменка.

“Адсюль і выйшаў той фармат: трапляюць усе гурты і выканаўцы, усе — незалежна ад стыляў і накірункаў, якія выступалі з сольнымі канцэртамі працягласьцю 80 хвілін без выкарыстаньня фанаграмных тэхналёгій, з жывым інструмэнтальным акампанэмэнтам”.

Канцэрт будзе доўжыцца 5 гадзінаў.
Выступаць на першым фэсьце ўжо пагадзіліся “Крама”, “Палац”, Дзецідзяцей“, “Neuro Dubel”, “Гарадзкія”. Канцэрт будзе доўжыцца 5 гадзінаў. Гледачоў будуць вазіць аўтобусамі са станцыі мэтро “Усход”. Кошт квіткоў — 15—20 тысяч. Арганізатары абяцаюць добры гук, цудоўнае відовішча, запэўнівае кіраўнік агенцтва “Лінія гуку” Уладзімер Шаблінскі:

“Уся праца „Лініі гуку“ накіраваная на тое, каб любы канцэрт, масавае мерапрыемства альбо клюбнае не ператвараць у самаробны сабантуй, а працаваць на нармалёвых агульнапрызнаных усясьветных прынцыпах, тэхналягічных, проста культурных. Таму я асабіста тут — за Беларусь, за нашы беларускія гурты”.

Што да слогану фэсту, Алег Хаменка прыадкрыў таямніцу:

“У нас ёсьць умоўны слоган гэтага фэстывалю: “маем гонар” ці “маем гонар прадставіць”. Пакуль мы дакладна ня вызначыліся. Але, магчыма, будзе скарочаны варыянт: “Маем гонар — “Bela Music”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG