Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Будславе 1—2 ліпеня прайшло штогадовае свята Маці Божай Будслаўскай. Удзел у ім прынялі некалькі тысяч вернікаў зь Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, ЗША і Расеі.

Адметнасьцю сёлетняй урачыстасьці ўшанаваньне абраза Маці Божай Будслаўскай, а таксама Езуса Міласэрнага і рэліквіяў благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі.

Некалькі тысяч вернікаў ды сотні сьвятароў вітаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч на ўрачыстай сьвятой імшы, якая распачалася апоўначы традыцыйным шэсьцем з абразамі і сьвечкамі:

“Вітаю ўсіх, хто прыбыў з розных дыяцэзій: Менска-Магілёўскай, Пінскай, Віцебскай. Вітаю паломнікаў з-за мяжы: з Польшчы, Літвы, Расеі, Украіны, ЗША, іншых ангельскамоўных краінаў”.

Толькі пехатою ў Будслаў прыбылі 2,5 тысяч пілігрымаў з розных гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама вядомыя ўжо байкеры з Польшчы ды беларускія раварысты. З-за вялікай колькасьці аўтобусаў і прыватных легкавікоў паркоўку для іх апошнімі гадамі адводзяць за кілямэтар ад вёскі. Аднак сёлета на падыходах людзей сустракалі міліцэйскія патрулі і ўзмоцнены кантроль, узгадвае адна з удзельніцаў сьвята:

“Сказалі, што ўсё для нашай бясьпекі. Паколькі аўтобусы стаяць далёка, то бралі з сабой усе рэчы. Па мне мэталашукальнікам праводзілі, але ў мяне быў такі выраз твару... Ведаеце, непрыемна, канечне, усё гэта. Але калі я прыйшла сюды і пабачыла ўсіх сваіх знаёмых, любых, калі апынулася ў гэтай атмасфэры, то ўсё ўжо можна было ўспрымаць з гумарам”.

Падчас урачыстай прамовы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуў увагу на гэтыя факты, падкрэсьліўшы, што адпаведныя высновы будуць зробленыя да наступнага сьвята. Вернікі тым часам кленчылі перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, Езуса Міласэрнага і рэліквіямі дабраслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, маліліся, спавядаліся. І ахвотна размаўлялі з журналістамі:

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, адкуль вы? Ці мясцовыя?”

Спадарыня: “З Полацку”.

Карэспандэнтка: “Якім чынам тут?”

Спадарыня: “Мы штогод тут. Маці Божая зьяднала”.

Спадарыня: “Памаліліся за здароўе дзяцей родных, за памерлых”.

Спадарыня: “За дзяржаву, каб уладу крыху зьмяніць. Я веруючы чалавек, і найбольш паважаю і Севярынца, і Казуліна, і заўсёды малюся за іх. Хоць ксёндз мне і кажа, што маліцца трэба за ўсіх, але за Лукашэнку маліцца не магу”.

Спадарыня: “А мне Лукашэнка да душы. Я гатова за яго маліцца. Жыву, як усе, і слава Богу”.

Спадарыня: “Розныя погляды ў нас”.

Палітык Павал Севярынец — адзін з заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” — таксама быў на сьвяце сярод іншых пілігрымаў:

“Я прыйшоў зь пешай пілігрымкай Менск-Будслаў. Людзей, канечне, абурыла, што вельмі шмат турнікетаў, пілігрымаў даглядаюць. На розных п’яных сьвятах у Беларусі твары, што хочаш. А тут, дзе зьбіраюцца прыстойныя людзі, здольныя самі навесьці парадак, тут чамусьці турнікеты. Аднак уражаньні ўсё роўна вельмі добрыя, цудоўны настрой. І хоць я сам праваслаўны, ішоў з каталікамі. Бо вера ў Бога і любоў да Беларусі — гэта тое, што ўсіх нас яднае”.

Будслаўскі фэст адметны таксама ўдзелам вялікай колькасьці моладзі, многія зь якіх апранутыя ў нацыянальныя бел-чырвона-белыя строі, футболкі з выяваю “Пагоні” альбо надпісам “Малады фронт”:

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, адкуль вы?”

Юнакі і юначкі: “З Маладэчна. Прыйшлі пешай пілігрымкай. Чатыры дні маліліся ў дарозе за родных, за Беларусь, за яднаньне сэрцаў”.

Карэспандэнтка: “Як настрой?”

Моладзь: “Цудоўны”. (Сьпяваюць.)

На разьвітаньне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў:

“Мы прайшлі працэсіяй са сьвечкамі. Няхай гэтыя сьвечкі і гэтая надзея дапамогуць нам ісьці ў новае жыцьцё, каб яно было сапраўды новым. І няхай усім нам благаславіць добры Бог праз прадстаўніцтва Маці Божай Будслаўскай. Да новых спатканьняў”.



Першы дзень, пачатак урачыстай сьвятой Імшы а 24-гадзіне: працэсія з запаленымі сьвечкамі і абразамі Маці Божай Будслаўскай, Езуса Міласэрнага і благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Яе ўзначальвае арцыбіступ, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Удзел бяруць сьвятары, законныя сёстры і вернікі з розных парафіяў Беларусі, а таксама з-за межаў краіны.

Імша праводзіцца ля ўваходу ў Будслаўскі касьцёл: каля галоўнага ўваходу збудаваны алтар адкуль прамаўляе арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Разам зь ім у галоўным алтары знаходзяцца сьвятары з розных парафіяў Беларусі. Побач з алтаром месьціцца моладзевы хор, які суправаджае імшу сьпевамі. На плошчы перад касьцёлам — вернікі з розных куткоў Беларусі і замежжа, удзельнікі ўрачыстасьцяў.




XS
SM
MD
LG