Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў Беларускі камітэт міжнароднай рады помнікаў (ІКАМОС) ініцыяваў бясплатныя экскурсіі для жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі.

На думку ініцыятараў акцыі, бальшыня беларусаў надзвычай мала ведаюць пра гістарычныя адметнасьці тэрыторыі, на якой жыло не адно пакаленьне іх продкаў. Пры гэтым экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні: такія экскурсіі ўсё больш нагадваюць хаджэньні па могілках: сьведчаньні багатай гісторыі беларускай зямлі намаганьнямі былых і цяперашніх уладаў практычна зьнішчаныя.

Экскурсіі па памятных мясьцінах заплянаваныя на 18-19 красавіка. Намесьнік старшыні Беларускага камітэту ІКАМОС Павал Каралёў зазначае, што асаблівай увагай пры гэтым будзе ахоплены Менск:

“У нас стварыўся аргкамітэт у сьвяткаваньні Міжнароднага дня помнікаў і мясьцінаў у складзе камітэту ІКАМОС, Фонду культуры, моладзевага аб’яднаньня “Гісторыка”, таварыства “Этна” Унівэрсытэту культуры і мастацтваў, а таксама Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў, гідаў і перакладчыкаў. Сьвяткаваньне Дня помнікаў і мясьцінаў – гэта шэраг экскурсій па Менску і па Беларусі. Назва імпрэзе – “Фэст экскурсаводаў”. У ім бяруць удзел вельмі шмат экскурсаводаў, плянуецца каля 25-30 экскурсій. Экскурсіі ўнікальныя, разьлічаныя на раёны Менску, якія зусім невядомыя ў турыстычным сэнсе. Гэта будзе і Трактарны завод, і раёны Ляхаўкі, Грушаўкі і яшчэ шэраг цікавых раёнаў, якія сёньня не ўспрымаюцца, на вялікі жаль такім чынам, што ёсьць там нейкія адметнасьці”.

Колішні Галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму, архітэктар Уладзімер Папруга падобны экспэрымэнт вітае: маўляў, можа хоць такім чынам у людзей абудзіцца цікавасьць да ўласнай гісторыі:

Горшы варыянт, калі не праводзяцца ніякія экскурсіі
“Горшы варыянт, калі не праводзяцца ніякія экскурсіі. Любая акцыя, скіраваная на тое, каб абудзіць зацікаўленасьць людзей тым месцам, дзе яны жывуць, у любым выпадку пазытыўная. Нават якія б акцэнты сёньняшнія экскурсаводы не расстаўлялі, калі жывы чалавек з жывой душой, то, безумоўна, ён пачне далей дасьледаваць: а што тут было яшчэ раней, у выніку якіх акалічнасьцяў тое, што было, зьнікла?”

Між тым, спадар Папруга не выключае, што неўзабаве экскурсаводам толькі і застанецца, што хадзіць і расказваць людзям – што на канкрэтным месцы было колісь? І перадусім, на перакананьне экспэрта, гэта тычыцца Менску, дзе маштабы руйнаваньня гістарычных аб’ектаў набылі катастрафічныя маштабы:

Калі ў 1937-м стралялі ў людзей, то цяпер зьнішчаюць спадчыну. Калі тады былі суды-тройкі, то цяпер – упраўленьне Міністэрства культуры, якое выдае дазволы на “расстрэлы”
“Безумоўна, так яно і будзе. Вайна ня скончаная, яна працягваецца з усімі сэквэнцыямі, якія вынікаюць з войнаў. Тое, што зараз адбываецца ў Менску, гэта ёсьць працяг вайны. Калі ў 1937-м стралялі ў людзей, то цяпер зьнішчаюць спадчыну. Калі тады былі суды-тройкі, то цяпер – упраўленьне Міністэрства культуры, якое выдае дазволы на “расстрэлы”. На месцы жывых помнікаў садзяцца аб’екты, якія нічога агульнага з гэтымі помнікамі ня маюць, ня мелі і ня будуць мець. Будуюцца “крымінальныя” аб’екты па Нямізе – гандлёвыя, рыначныя комплексы. І тут жа, на вачох развальваюцца яшчэ ацалелыя помнікі, якія стаяць па вуліцы Койданаўскай, сёньняшняй Рэвалюцыйнай. Шчыліны пайшлі практычна па ўсіх дамох. І прыйдзем мы да таго, што пасьля завяршэньня будаўніцтва ўсяго таго непаразуменьня на Нямізе давядзецца канстатаваць тое самае адносна Койданаўскай, практычна цэлая вуліцы можа зьнікнуць. Бо разьбіраецца аўтэнтычны матэрыял і выстаўляецца невядома што. Урэшце ў Менску можа не застацца ніводнага гісторыка-культурнага аб’екта, дзякуючы такой актыўнасьці – неабгрунтаванай, якая не адпавядае нарматыўна-прававой базе краіны”.

Расказ пра страты толькі ў гістарычным цэнтры Менску, ня кранаючы нават сумежныя тэрыторыі, сапраўды нагадвае франтавыя зводкі. Пры гэтым, значная частка архітэктурных помнікаў страчана зусім нядаўна – у першыя гады трэцяга тысячагодзьдзя:

Зьнішчаныя дамы XVIII-ХІХ стагодзьдзяў на Нямізе. Практычна цалкам страчаная аўтэнтычная забудова вуліцы Гандлёвай – дамы і гаспадарчыя пабудовы XVII-XIX стагодзьдзяў. На іх месцы з сучасных матэрыялаў паўсталі адвольна заплянаваныя навабуды Духоўна-адукацыйнага цэнтру Беларускай Праваслаўнай царквы. На вуліцы Герцана зьнішчаныя аўтэнтычныя будынкі, уключна з манастырскімі пабудовамі. Замест іх з падмурка будуюцца новыя дамы з блёкаў і цэглы. Зруйнаваны мяшчанскія дамы ў дварах вуліцы Інтэрнацыянальнай, а таксама дом ХІХ стагодзьдзя па Калектарнай. Асаблівыя страты панесла Рэвалюцыйная, дзе разбурана пяць дамоў XVIII-ХІХ стагодзьдзяў. Радыкальна перабудоўваюцца дамы па вуліцы Камсамольскай...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG