Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зайчанка назваў пастанову 991 “антыкрызісным захадам”


Мікалай Зайчанка

Мікалай Зайчанка

Пастанова Савета міністраў ад 28 ліпеня 2009 года № 991 "Аб некаторых пытаньнях набыцьця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" зьяўляецца антыкрызісным захадам, заявіў міністар эканомікі Мікалай Зайчанка ў эфіры тэлеканала ОНТ 3 жніўня.


"Гаворачы аб мэце прыняцьця гэтай пастановы ўрада, я перш за ўсё хацеў бы адзначыць, што гэтую пастанову трэба разглядаць як антыкрызісны захад, — заявіў Зайчанка. — Гэта значыць у нас сёньня істотна абвастрыліся праблемы на ўнутраным рынку, калі дастаткова вялікая колькасьць пасрэднікаў прапануюць тавар, які прайшоў некалькі ступеняў адзін ад аднаго, і адны і тыя ж суб'екты гаспадараньня набываюць тавар па розным кошце. Таму, каб прывесьці да адзінага парадку таварныя патокі на нашым рынку, вось гэта, я б сказаў, асноўная мэта прыняцьця гэтай пастановы", -- паведамляе БелаПАН

Як адзначаецца ў камэнтары Мінэканомікі да пастановы, які разьмешчаны на сайце ўрада, дакумэнт прыняты "ў мэтах забесьпячэньня адзінага парадку набыцьця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь тавараў у пастаўшчыкоў, якія зьяўляюцца вытворцамі тавараў, а таксама іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу".

Пастанова не распаўсюджваецца на тавары, якія экспартуюцца, а таксама на дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асоб.

Тавары, набыцьцё якіх рэгулюецца іншымі, акрамя пастановы Савета міністраў ад 28 ліпеня 2009 года № 991, прававымі актамі, "набываюцца ў адпаведнасьці з гэтымі прававымі актамі (напрыклад: мэталі, нафтапрадукты, алькагольная прадукцыя і г.д.)".

Набыцьцё тавараў у непасрэдных вытворцаў пастанова не абмяжоўвае, адзначаецца ў камэнтары.

Афіцыйным гандлёвым прадстаўніком "зьяўляецца гаспадарчы суб'ект, які будуе свае ўзаемаадносіны з вытворцам тавараў на адпаведнай дагаворнай аснове".

Прадстаўнікі бізнэс-супольнасьці на нарадзе 2 жніўня заявілі, што будуць дабівацца адмены пастановы.
XS
SM
MD
LG